Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Думаю, што беларусы ўсё яшчэ вагаюцца». Размова з чэскім перакладчыкам эсэ Ігната Абдзіраловіча «Адвечным шляхам»


Нядаўна ў Чэхіі выйшаў пераклад аднаго з найважнейшых тэкстаў у гісторыі беларускай інтэлектуальнай эсэістыкі: «Адвечным шляхам. Дасьледзіны беларускага сьветагляду» Ігната Абдзіраловіча (Канчэўскага) з 1921 году. Свабода паразмаўляла зь перакладчыкам Міраславам Томкам.

— Чаму вы зьвярнулі сваю ўвагу на эсэ Ігната Абдзіраловіча «Адвечным шляхам»? Калі вы пачулі пра гэты тэкст упершыню?

— У 2006 годзе, калі я прыехаў у Беларусь на навучаньне, я вельмі зацікавіўся анархізмам і іншымі сумежнымі плынямі думкі. У мяне тады склалася ўражаньне, што сярод моладзі там пераважаюць правыя погляды — ад лібэральных да вельмі кансэрватыўных, — але я ўсё ж хацеў пабачыць, як гэта выглядае з анархізмам і анархістамі. Я даведаўся пра легендарную газэту «Навінкі», а таксама прачытаў гісторыю беларускага анархісцкага руху Паўлюка Канавальчыка, якую потым таксама пераклаў на чэскую мову.

Міраслаў Томэк
Міраслаў Томэк

Потым — можа, дзякуючы кнізе Валянціна Акудовіча «Дыялёгі з Богам», але я ня ўпэўнены, — я пачуў пра эсэ Абдзіраловіча. Я, канешне, без праблем знайшоў тады тэкст у інтэрнэце, але арыгінальнае выданьне 1921 году я ўсё ж пазычыў у Славянскай бібліятэцы ў Празе, каб над ім задумацца над Абдзіраловічам і бурлівым пачаткам 1920-х гадоў ва Ўсходняй Эўропе. Мне было вельмі прыемна, што пошукі аўтара чымсьці падобныя да маіх і што крыніца беларускай філязофскай думкі ляжыць у тэксьце, аўтар якога прызнаецца ў сымпатыі да немарксісцкага сацыялізму, гаворыць пра неабходнасьць больш свабоднай арганізацыі грамадзтва і крытыкуе «валаданьне формы над жыцьцём».

Я фактычна пераклаў эсэ на чэскую мову ў 2011 г. Потым некалькі гадоў трымаў яго ў вольным доступе ў інтэрнэце (праўда, у выглядзе паўфабрыкату, які не праходзіў рэдагаваньня і карэктуры). На жаль, за гэты час грамадзтва не засвоіла ўроку і форма дамінуе ў жыцьці, таму цяпер я публікую свой пераклад друкам і спадзяюся, што ён прыцягне ўвагу хаця б супрацоўнікаў літаратурных часопісаў і рэдактараў культурніцкіх рубрык.

— Існуе меркаваньне, што аўтарам эсэ «Адвечным шляхам» быў не Ігнат Абдзіраловіч (Канчэўскі), працаўнік каапэратыўнага руху і нічым не прыкметны публіцыст, а выдатны беларускі пісьменьнік Максім Гарэцкі, які раней стварыў постаць Абдзіраловіча ў сваёй аповесьці «Дзьве душы». Што вы скажаце на гэты конт?

— Праўду кажучы, я ўпершыню сутыкаюся з такім поглядам і ня ўпэўнены, ці не спрабуеце вы тут мяне падлавіць. З гіпотэзай Сяргея Дубаўца я пазнаёміўся толькі дзякуючы вашаму пытаньню, але яна мне здаецца, мякка кажучы, непераканаўчай. З такім жа посьпехам мы маглі б весьці дыскусію пра існаваньне лябірынтаў пад Полацкам. Стыль Абдзіраловіча, на маю думку, выдае чалавека з паэтычнымі задаткамі, а Гарэцкі для мяне больш уважлівы назіральнік і аналітык штодзённасьці.

— «Адвечным шляхам» сёньня бачыцца як клясычны, але ўвесь час актуальны філязафічна-мастацкі тэкст пра беларускую нацыянальную ідэнтычнасьць. Як вы думаеце, якая сіла ўзяла верх у сёньняшняй беларускай ідэнтычнасьці — Усход ці Захад?

— Думаю, што беларусы ўсё яшчэ вагаюцца, дакладна так, як больш за сто гадоў таму пісаў Абдзіраловіч. Зразумела, цалкам магчыма, што цяпер, у час, калі Ўсход зноў «гвалціць нас у імя шырокіх заданьняў», беларусы чакаюць ад Захаду «вызваленьня і паратунку ад прымусу Ўсходу», — але неўзабаве можа быць інакш. Бо ёсьць прыкметы таго, што ў бліжэйшы час Усходнюю Эўропу чакаюць сур’ёзныя зьмены.

— Ці цяжка вам было перакладаць зь беларускай мовы? Дзе вы яе вывучалі?

— Я пачаў знаёміцца зь беларускай мовай падчас навучаньня на філялягічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту ў Менску ў 2006 годзе, а ў наступныя гады я наведваў курсы беларускай мовы пад кіраўніцтвам сёньня ўжо памерлага Юрася Бушлякова на філязафічным факультэце Карлавага ўнівэрсытэту ў Празе. Так што я прайшоў найлепшую школу беларускай мовы, таму пераклад зь яе не стварае мне праблемаў.

Пэўнай цяжкасьцю ў працы над перакладам эсэ Абдзіраловіча для мяне была перш за ўсё зьмена стылістычных узроўняў. Да таго ж беларуская мова на пачатку 1920-х гадоў яшчэ не сфармавалася канчаткова як пісьмовая, што павялічвала маю няўпэўненасьць. На шчасьце, зь перакладам дапамог мне вядомы беларускі паэт і перакладчык Макс Шчур, безь якога кніга, напэўна, ня выйшла б.

Аднак куды больш праблематычна было дасягнуць задавальняючай фармулёўкі чэскага перакладу, чым зразумець сам сэнс арыгіналу; нездарма кажуць, што галоўная задача перакладчыка — дасканала валодаць роднай мовай. Я імкнуўся, каб чэскі тэкст захаваў сьвежасьць, лёгкасьць і выразнасьць арыгіналу, не губляючы пэўнай долі архаічнасьці. Але наколькі гэта ў мяне атрымалася, давядзецца меркаваць чытачам.

Міраслаў Томэк
Міраслаў Томэк

— Хто выдаў ваш пераклад у Чэхіі? Як вам удалося намовіць выдаўца апублікаваць тэкст пра Беларусь і беларускую душу, якія, скажам так, даволі далёкія ад мэйнстрымавых зацікаўленьняў чэскай чытацкай публікі?

— Кніга выйшла ў выдавецтве Паўла Мэрварта (Nakladatelství Pavel Mervart). Думаю, што спадара Мэрварта пераканаў Макс Шчур, які таксама атрымаў грант ад Міністэрства культуры на выданьне кнігі. Але, як я ўжо згадаў, пераклад быў даўно гатовы.

* * *

Міраслаў Томэк (Miroslav Tomek, нар. 1984 у Празе) вывучаў гісторыю і ўкраіністыку на філязафічным факультэце Карлавага ўнівэрсытэту ў Празе. Перакладае з украінскай і беларускай. Разам з Аляксеем Сеўруком пераклаў з украінскай мовы зборнік «Біг Мак» Сяргея Жадана (2011) і раман Юрыя Андруховіча «Маскавіяда» (2015). Самастойна пераклаў клясычны твор украінскай літаратуры, раман Валерыяна Падмагільнага «Горад» (2019). З сучаснай украінскай паэзіі пераклаў зборнікі Вана Кругера і Алега Кацарава. Працуе на Чэскім радыё.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG