Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімір Зяленскі заявіў, што два высокапастаўленыя генэралы СБУ аказаліся здраднікамі


Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, Кіеў, 31 сакавіка 2022 г.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, Кіеў, 31 сакавіка 2022 г.

Пэнтагон заявіў, што Кіеў па-ранейшаму ў небясьпецы. Таксама брытанская вайсковая выведка паведамляе, што Расея перакідае з Грузіі да 2000 салдатаў для баёў ва Ўкраіне.

У чацьвер брытанская выведка, паводле «Голасу Амэрыкі», заявіла, што ад 1200 да 2000 расейскіх вайскоўцаў у Грузіі рэарганізуюць у 3 батальённыя тактычныя групы і перакідаюць ва Ўкраіну.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў відэазвароце да нацыі паведаміў, што ўкраінскія вайскоўцы адціснулі расейскія войскі ад Кіева і Чарнігава, але сытуацыя на поўдні і на Данбасе застаецца вельмі складанай. Зяленскі пацьвердзіў, што Расея нарошчвае сілы вакол абложанага Марыюпалю.

Агенцтва Reuters паведамляе, што, паводле ацэнак мэрыі Марыюпалю, у горадзе загінулі каля 5 тысяч чалавек і яшчэ каля 170 тысяч застаюцца заблякаванымі ў жылых раёнах: сярод руін, бязь ежы, цяпла, электрычнасьці і водазабесьпячэньня.

У відэазвароце Зяленскі таксама заявіў, што звольніў у чацьвер двух генэралаў СБУ, бо «яны былі здраднікамі». Гэта экс-начальнікі галоўнага ўпраўленьня ўнутранай бясьпекі СБУ Андрэй Навумаў і ўпраўленьня Службы бясьпекі Ўкраіны ў Херсонскай вобласьці Сяргей Крываручка.

Між тым высокапастаўлены прадстаўнік Пэнтагону, камэнтуючы ў чацьвер адвод расейскіх войскаў на пазыцыі на поўнач і ўсход ад украінскай сталіцы, заявіў, што «Кіеў па-ранейшаму ў небясьпецы, і авіяўдары працягваюцца». Ён дадаў, што амэрыканцы «не назіралі вялікай розьніцы за апошнія 24 гадзіны, не было... масавага руху, прынамсі на гэты момант».

З словаў прадстаўніка Пэнтагону, перадысьлякацыя расейскіх войскаў з Кіева паказвае на тое, што расейскія генэралы разумеюць правал спробы ўзяць сталіцу.

Ён таксама адзначыў, што баявы дух расейскіх салдатаў нізкі. «Мы па-ранейшаму назіраем праблемы згуртаванасьці падразьдзяленьняў, праблемы з камандаваньнем і кіраваньнем і праблемы з граматным кіраўніцтвам», — заявіў амэрыканскі вайсковы прадстаўнік.

У Пэнтагоне кажуць, што чулі вусныя пераказы наконт дрэнных паказьнікаў на полі бою і прыгнечанасьці расейскіх салдатаў, але «ўсё гэта на ўзроўні чутак і пераказаў, і нельга з упэўненасьцю сказаць — толькі ў асобных частках гэта, ці гэта больш агульныя тэндэнцыі».

Тым ня менш прадстаўнік Пэнтагону лічыць, што ўсе гэтыя апавяданьні толькі пацьвярджаюць пэўныя асноўныя праблемы, якія выявіліся ў расейскіх Узброеных сілах.

«Гэта армія, у якой няма падафіцэрскага корпусу, як на Захадзе, таму няма эфэктыўнага камандаваньня невялікімі падразьдзяленьнямі, і вы ня ўбачыце нават якой-небудзь ініцыятывы на нізавым узроўні...» — заявіў прадстаўнік Пэнтагону.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG