Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы амбасадар ЗША ў Расеі Макфол — пра тры сцэнары завяршэньня вайны


Падбітыя расейскія танкі ў Сумскай вобласьці
Падбітыя расейскія танкі ў Сумскай вобласьці

Украінцы ў канчатковым выніку перамогуць войска Ўладзіміра Пуціна. Украіна зноў стане сувэрэннай і свабоднай

Толькі два пытаньні застаюцца без адказу: колькі часу гэта зойме і колькі ўкраінцаў загіне, перш чым пуцінскія салдаты канчаткова сыдуць? — піша ў сваёй калёнцы для The Washington Post былы амбасадар ЗША ў РФ Майкл Макфол.

Майкл Макфол
Майкл Макфол

Мэтай Захаду ў цэлым і Злучаных Штатаў у прыватнасьці павіннае быць паскарэньне паразы войска Пуціна. Тры сцэнары вызваленьня Ўкраіны ад расейскай агрэсіі і акупацыі павінныя сфармаваць адпаведныя стратэгіі Захаду, якія дапамогуць як мага хутчэй пакласьці канец гэтай жахлівай вайне.

Вядома, найлепшы зыход для Ўкраіны і астатняга сьвету — поўная параза Расеі. Пры такім сцэнары расейскім узброеным сілам не ўдаецца захапіць буйныя гарады Ўкраіны, уключаючы Кіеў, а хуткі эканамічны спад унутры Расеі паскорыць яе паразу. Гэты вынік зьяўляецца найболей пажаданым, але і найменш верагодным.

Другім па значнасьці вынікам зьяўляецца тупіковая сытуацыя на франтах, што створыць спрыяльныя ўмовы для мірнага ўрэгуляваньня. І Пуціну, і прэзыдэнту Ўкраіны Ўладзіміру Зяленскаму будзе цяжка зьмірыцца з такой разьвязкай. Пуціну давядзецца прызнаць, што ён вёў бессэнсоўную вайну, забіўшы тысячы расейскіх салдатаў і тысячы ні ў чым не вінаватых украінцаў толькі для таго, каб дамагчыся таго, што ён дэ-факта ўжо меў.

А менавіта — кантролю над Крымам і некаторымі тэрыторыямі на Данбасе, а таксама фактычнага нэўтралітэту Ўкраіны. У рэшце рэшт, такі быў status qio 23 лютага, за дзень да таго, як Пуцін пачаў сваё ўварваньне. Пры такім сцэнары тое, што маўкліва і двухсэнсоўна прымалася раней, зараз будзе зафіксавана дэ-юрэ ў мірным пагадненьні. Зяленскаму таксама давядзецца пагадзіцца на гэтыя ўмовы, у тым ліку, магчыма, нэўтралітэт Украіны, што яму будзе даволі цяжка зрабіць.

Найгоршым вынікам вайны стане акупацыя Расеяй буйных украінскіх гарадоў з наступнай зацяжной партызанскай вайной. Са снайпэрамі, сьмяротнікамі і замініраванымі аўтамабілямі, а таксама грамадзянскімі пратэстамі. Украінцы будуць супраціўляцца пуцінскай акупацыі да таго часу, пакуль расейскія салдаты не вернуцца дадому. Я не сумняваюся, што ў адзін цудоўны дзень украінцы зноў вызваляць сваю краіну.

Вядома, найлепшы вынік для Ўкраіны і астатняга сьвету — поўная параза Расеі. У адрозьненьне ад савецкага лідэра Іосіфа Сталіна ва Ўсходняй Эўропе пасьля Другой сусьветнай вайны ў Пуціна сёньня няма дастаткова вялікага войска, а таксама мясцовых калябарантаў ці пераканаўчай ідэі, якая дапамагла б надоўга падтрымліваць акупацыю Ўкраіны. Аднак працягласьць і чалавечыя ахвяры гэтага сцэнару могуць быць жахлівымі, нагадваючы разьню ў Афганістане ў гады савецкай акупацыі.

Усе тры сцэнары ясна паказваюць, што для спыненьня вайны неабходна неадкладна павялічыць ваенную дапамогу Захада Ўкраіне. У першую чаргу размова ідзе аб узбраеньнях, здольных перахопліваць расейскія самалёты і ракеты або зьнішчаць артылерыю. Зяленскі ў сваім звароце да Кангрэсу ў сераду пераканаўча нагадаў нам пра гэты важны момант.

Тэрмінова трэба больш зьнішчальнікаў, больш зэнітна-ракетных комплексаў і больш сродкаў процідзеяньня дальнабойнай артылерыі. Паралельна з гэтым Захад павінен кожны тыдзень узмацняць эканамічныя санкцыі супраць Расеі да таго часу, пакуль не будзе дасягнуты адзін з трох фіналаў, апісаных вышэй.

Відавочна, што новая зброя можа дапамагчы рэалізаваць першы сцэнар, хаця гэта і малаверагодна. Але для рэалізацыі другога сцэнару неабходна дасягнуць патавай сытуацыі на фронце, а гэта можа адбыцца толькі ў тым выпадку, калі ўкраінскія салдаты будуць ваяваць з расейскімі войскамі да апошняга.

І нягледзячы на нечаканыя перамогі ўкраінцаў на палях бітваў, такая патавая сытуацыя ўсё яшчэ не дасягнутая. Зараз у Пуціна няма стымулу весьці перамовы. Бо яго ўзброеныя сілы ўсё яшчэ баяздольныя, і могуць працягваць прасоўвацца наперад і набліжацца да буйных гарадоў Украіны. Ён усё яшчэ разьлічвае на перамогу.

Вядома, прэзыдэнт Байдэн і яго каманда ня могуць нарошчваць умяшаньне ЗША такім чынам, каб гэта магло абярнуцца рызыкай справакаваць ядзерную вайну. Узаемна гарантаванае зьнішчэньне ўсё яшчэ застаецца ў сіле.

Байдэн, кітайскі лідэр Сі Цзіньпін і лідэры іншых ядзерных дзяржаваў павінны наўпрост размаўляць з Пуціным, каб атрымаць ад яго гарантыі таго, што ён ня мае намеру зьнішчыць плянэту.

Але краіны NATO не павінныя выкарыстоўваць гэты самы горшы і вельмі малаверагодны сцэнар, нельга выкарыстоўваць яго як нагоду не ажыцьцяўляць ваенную дапамогу Ўкраіне. Калі рызыка расейскай эскаляцыі не дасягае маштабаў ядзернай вайны, то ўсе пагрозы Пуціна ў адказ на пастаўкі Ўкраіне зьнішчальнікаў МіГ-29 або зэнітна-ракетных комплексаў С-300 — толькі страсаньне паветра. Пастаўка самалётаў ці сыстэмаў СПА не справакуе Трэцюю сусьветную вайну.

Улічваючы, наколькі дрэнна расейскае войска выявіла сябе ў баях з адносна невялікай украінскай арміяй, ці можа Пуцін пайсьці на эскаляцыю і напасьці на самы магутны вайсковы альянс у сьвеце, які абапіраецца на наймацнейшую ваенную дзяржаву — Злучаныя Штаты? Пуцін цалкам верагодна раззлаваны і неўраўнаважаны, але ён — не самазабойца. Пагрозы краінам NATO, якія знаходзяцца блізка да лініі фронту, могуць стаць сур’ёзнымі, толькі калі Пуцін пераможа ва Ўкраіне.

На дыпляматычным фронце Байдэн і саюзьнікі ЗША павінныя данесьці да Пуціна, што яны гатовы паступова зьняць эканамічныя санкцыі ў абмен на поўны вывад расейскіх войскаў. Усе суразмоўцы Пуціна павінны дакладна гэта патлумачыць.

Калі Пуцін і Зяленскі прадэманструюць гатоўнасьць да канструктыўных перамоваў, то лідэры NATO павінны дамовіцца з Сі Цзіньпінем, прэмʼер-міністрам Ізраіля Нафталі Бенэтам або генэральным сакратаром ААН Антоніу Гутэрышам, каб тыя выступілі пасярэднікамі ў перамоўным працэсе.

Байдэн меў рацыю, калі адпрэчыў заклікі да ўвядзеньня беспалётнай зоны, паколькі гэта, па сутнасьці, эўфэмізм для абвячшэньня вайны Расеі. Але калі не лічыць гэтага, Байдэн і яго партнэры са свабоднага сьвету павінныя зрабіць усё магчымае, каб стварыць умовы для спыненьня гэтай жудаснай вайны.

Ва ўсіх трох сцэнарах украінцы ў канчатковым выніку перамагаюць. Задача ўсіх тых з нас, хто на Захадзе назірае, як украінцы самастойна адважна ваююць з расейскімі ўзброенымі сіламі, палягае ў тым, каб паскорыць заканчэньне вайны і, такім чынам, выратаваць жыцьці многіх украінцаў (і расейцаў). Менавіта для гэтага трэба больш зброі і больш санкцыяў.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG