Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хрэнін, Гулевіч, Дзенісенка: хто ў Мінабароны дапусьціў уцягваньне Беларусі ў вайну ва Ўкраіне


Ужо больш за тры тыдні працягваецца вайна ва Ўкраіне. Доказаў таго, што беларускія вайскоўцы бяруць удзел у расейскай агрэсіі, няма. Аднак Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для ўдараў ракетамі па Ўкраіне, а таксама для ўварваньня на тэрыторыю паўднёвай суседкі. Некаторыя юрысты і палітыкі ўспрымаюць такія крокі як саўдзел у вайне.

Свабода сабрала інфармацыю пра галоўных дзейных асоб у беларускім Міністэрстве абароны. А таксама іхныя выказваньні пра вайну Расеі і Ўкраіны.

Віктар Хрэнін: «Пуцін і Лукашэнка — самыя моцныя ў сусьветнай палітыцы»

Апошнія два гады функцыі міністра абароны выконвае Віктар Хрэнін. Яму 50 гадоў, родам з Наваградку. У 1988 годзе скончыў Усурыйскае сувораўскае вучылішча, у 1992-м — Омскае вышэйшае агульнавайсковае каманднае вучылішча імя Фрунзэ. У 2005-м — Вайсковую акадэмію Беларусі.

Віктар Хрэнін (на пярэднім пляне)
Віктар Хрэнін (на пярэднім пляне)

Па мужчынскай лініі сям’я Хрэніных зь Пензенскай вобласьці Расеі, але ў Беларусь перабраліся амаль адразу пасьля сканчэньня Другой сусьветнай вайны. Дзед па матчынай лініі Васіль Барысаў родам з Бранскай вобласьці, ён быў вэтэранам вайны, дажыў да 93 гадоў.

Бацька Віктара Хрэніна Генадзь таксама быў вайскоўцам, у савецкія часы служыў на Чукотцы, разам зь ім там быў і сын. Перад самым развалам СССР перабраліся ў Горадню.

Пасьля выбараў 2020 году Хрэнін казаў, што няважна, злачынны загад ці не злачынны, бо «мы людзі вайсковыя». «Трэба змагацца, калі трэба — са зброяй. За краіну, за сябе, за нашы сем’і, за тых настаўніц, якія спалоханыя і баяцца», — казаў міністар.

У верасьні 2020 году Віктар Хрэнін дзякаваў свайму расейскаму калегу за падтрымку Расеі «ў складаны пэрыяд». Хоць афіцыйна расейскія войскі ў здушэньні беларускіх пратэстаў ня ўдзельнічалі.

Незадоўга да пачатку вайны Віктар Хрэнін меў размову з сваім украінскім калегам Аляксеем Рэзьнікавым і запэўніваў таго, што Беларусь ня стане «ініцыятарам напружанасьці ў рэгіёне». За дзень да расейскай агрэсіі Хрэнін заявіў: «Нашы прэзыдэнты — Лукашэнка і Пуцін — самыя моцныя ў сусьветнай палітыцы». Тады ж ён выказаў перакананасьць, што ў гарачую фазу канфлікт ня скоціцца.

Пэрсанальныя санкцыі супраць Віктара Хрэніна ўвялі Эўразьвяз, ЗША, Аўстралія і Новая Зэляндыя.

Аляксандар Вальфовіч: ініцыяваў прысягу СССР

Дзяржаўны сакратар Рады бясьпекі Аляксандар Вальфовіч — выхадзец зь Міністэрства абароны, дзе доўгі час быў кіраўніком Генштабу. На новай пасадзе Вальфовіч працягвае быць куратарам працы войска.

Аляксандар Вальфовіч
Аляксандар Вальфовіч

Яму 54 гады, нарадзіўся ў расейскай Казані ў сям’і вайскоўца з Адэскай вобласьці. Пасьля школы паехаў вучыцца ў Маскоўскае вышэйшае вайскова-каманднае вучылішча, якое скончыў яшчэ да развалу СССР у 1988 годзе, там вучыўся разам з экс-міністрам абароны Андрэем Раўковым. Служыў у Азэрбайджане, ГДР, Барысаве.

Калі камандаваў Паўночна-Заходнім апэратыўным камандаваньнем, то ініцыяваў цырымонію прынясеньня прысягі СССР на цэнтральнай плошчы Барысава.

Брат Аляксандра Дзьмітры Вальфовіч удзельнічаў у першай чачэнскай вайне на баку апазыцыі Дудаева, яго туды завэрбавала Фэдэральная служба контравыведкі Расеі. У Чачэніі Дзьмітры трапіў у палон, адкуль зьвяртаўся да Барыса Ельцына. Вызвалены з палону ў 1994 годзе. Цяпер брат працуе ў вайсковым камісарыяце ў Віцебску. Сын Вальфовіча таксама вайсковец.

Цяпер Аляксандар Вальфовіч кажа, што супраць Беларусі ў сьвеце вядзецца інфармацыйная вайна. «Ня трэба нам указваць, як жыць ва ўласнай краіне», — зьвяртаўся дзяржсакратар да заходніх краін.

Віктар Гулевіч: «Вакол Беларусі пояс недружалюбных дзяржаў»

Начальнік Генэральнага штабу і першы намесьнік міністра абароны з сакавіка 2021 году — генэрал-маёр Віктар Гулевіч. Яму 52 гады, родам зь вёскі Вялікая Падзер Слуцкага раёну.

Віктар Гулевіч
Віктар Гулевіч

Сам казаў, што нарадзіўся ў звычайнай сям’і, дзе вайскоўцаў не было, дый сам ня марыў пра такую кар’еру. Тым ня менш паехаў пасьля школы ў Маскву, дзе паступіў у Вышэйшае агульнавайсковае каманднае вучылішча. Пасьля чаго служыў у ГДР і на Каўказе. У Беларусь вярнуўся пасьля распаду СССР.

На радзіме службу праходзіў у элітных частках: 103-й віцебскай асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай дывізіі (камандзір палку) і 38-й берасьцейскай асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгадзе (камандзір). Кажа, што працягвае скакаць з парашутам і пасьля таго, як перайшоў на кабінэтную працу.

У лістападзе 2021 году Гулевіч сказаў, што вакол Беларусі сфармаваўся «пояс недружалюбных дзяржаў па прынцыпе вядомай амэрыканскай канцэпцыі кольцаў анаконды». За некалькі гадоў да гэтай фразы тое самае слова ў слова гаварылі расейскія вайскоўцы.

У першыя дні вайны з Украінай па інтэрнэце гуляў дакумэнт, дзе Віктар Гулевіч нібыта просіцца ў адстаўку ў сувязі з расейскай агрэсіяй. Але ў Мінабароны запэўнілі, што гэта фэйк.

«Для дамарослых „вайсковых экспэртаў“ і канапных аналітыкаў хачу падкрэсьліць, што перамяшчэньне войскаў ніякім чынам не зьвязанае з падрыхтоўкай, а тым больш удзелам беларускіх вайскоўцаў у спэцыяльнай ваеннай апэрацыі на тэрыторыі Ўкраіны», — казаў Гулевіч.

Леанід Касінскі: «Дзе вы былі восем гадоў, калі бамбілі Данбас?»

Галоўны ідэоляг Міністэрства абароны Леанід Касінскі — адзін з асноўных сьпікераў ведамства. Касінскаму 50 гадоў, ён родам з Горадні. Скончыў Екацярынбурскую вышэйшую артылерыйскую камандную вучэльню і факультэт Генэральнага штабу Вайсковай акадэміі Беларусі.

Леанід Касінскі
Леанід Касінскі

Касінскі казаў, што беларусам трэба ганарыцца тым, што людзі не галадаюць. «Хто помніць пачатак 1990-х, ведае: таго, што ў нас ёсьць, мы дасягнулі сваёй працай», — казаў ён.

Напад Расеі на Ўкраіну Леанід Касінскі тлумачыць «неабходнасьцю забесьпячэньня бясьпекі ў рэгіёне». Ён лічыць, што гэта «абсалютна неабходныя» крокі Расеі.

Касінскі мяркуе, што кіраўніцтва Ўкраіны цалкам страціла кантроль над сытуацыяй у краіне. Ён паўтарае штампы расейскай прапаганды: «Дзе была сусьветная супольнасьць, калі восем гадоў бамбілі Данбас?». Таксама Касінскі казаў, што для Ўкраіны сталі звыклай справай шэсьці з нацысцкай сымболікай.

Вадзім Дзенісенка: «Напэўна, у пóлякаў ежа смачнейшая»

Камандуючы сіламі спэцыяльных апэрацый Узброеных сілаў Беларусі Вадзім Дзенісенка на пасадзе з 2014 году. Нарадзіўся Дзенісенка ў Будапэшце ў сям’і вайскоўца ў 1967 годзе. Скончыў Ленінградзкае агульнавайсковае каманднае вучылішча. Служыў адразу ў Вугоршчыне, потым перавялі ў Беларусь.

Вадзім Дзенісенка
Вадзім Дзенісенка

На судзе ў Берасьці ў справе забітага вайскоўцамі ўдзельніка пратэстаў Генадзя Шутава стала вядома, што загад выкарыстоўваць зброю аддаваў вайскоўцам менавіта Дзенісенка.

«Няхай яны напружваюцца, а мы працуем у штатным рэжыме. Нам чужое не патрэбна, пакіньце нам толькі наша», — казаў Дзенісенка на пачатку вучэньняў «Саюзная рашучасьць».

Таксама Дзенісенка адказаў на зварот былога камандзіра 38-й гвардзейскай мабільнай брыгады Валера Сахашчыка, які выступіў супраць удзелу беларускіх вайскоўцаў у вайне ва Ўкраіне.

«Напэўна, у полякаў (менавіта з такім націскам. — РС) і немцаў ежа смачнейшая, прадаліся за нейкія пернікі. Бог вам судзьдзя. Але перастаньце прамаўляць слова „38-я брыгада“, якое вы зганьбілі як афіцэр і былы камандзір. Здыміце цяльняшку і бэрэт, калі вам не падабаецца тое, што робяць узброеныя сілы Беларусі і Расеі. Ня лезьце да нас», — казаў Дзенісенка.

Ігар Дземідзенка: пасьля пачатку вайны маўчыць

Ігар Дземідзенка — камандуючы войскамі Заходняга апэратыўнага камандаваньня. Яму 51 год, родам з Магілёва. Вучыўся ў Ленінградзкім агульнавайсковым камандным вучылішчы. Быў камандзірам мотастралковага батальёну.

Ігар Дземідзенка
Ігар Дземідзенка

Дземідзенка назіраў за вучэньнямі «Саюзная рашучасьць» на тэрыторыі палігону «Гожаўскі» пад Баранавічамі. Посьпехі на вучэньнях ён ацаніў як «добрыя». Ад пачатку вайны ва Ўкраіне ніяк не выказваўся публічна.

Дзьмітры Коршунаў: «Шмат хлусьні вакол удзелу Беларусі ў нейкай вайне»

Дзьмітры Коршунаў — камандзір ужо згаданай 38-й брыгады дэсантнікаў, што разьмяшчаецца ў Берасьці. На пасаду заступіў толькі ў канцы 2021 году. Да гэтага быў першым намесьнікам камандзіра брыгады, а раней доўга служыў у віцебскай 103-й брыгадзе дэсантнікаў. Яму 38 гадоў.

Сам Коршунаў кажа, што цяпер шмат хлусьні вакол удзелу Беларусі ў «нейкай вайне». Ён запэўнівае, што ўсе ягоныя падначаленыя ў Беларусі, але частка адпраўленая на ўмацаваньне «паўднёвых межаў», каб не дапусьціць у Беларусь «экстрэмісцкіх фармаваньняў і зброі».

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў.
  • Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка даў інтэрвію расейскай прапагандыстцы Вользе Скабеевай, зь якога вынікала, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 1 жніўня Лукашэнка сказаў, што больш як палова тактычнай ядзернай зброі, якую заплянавана разьмясьціць на беларускай тэрыторыі, ужо «завезена і разгрупавана» па краіне. Ён ня раз заяўляў, што ўжыве ядзерную зброю ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі.
  • У чэрвені 2023 году ўкраінскія войскі пачалі контранаступальныя апэрацыі на ўсходзе і поўдні краіны. Расейскія войскі падрыхтавалі добра ўмацаваныя лініі абароны, таму прасоўваньне контранаступу ішло са значнымі стратамі.
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы правялі некалькі масавых абстрэлаў украінскіх гарадоў, у Дніпры, Кіеве, Харкаве і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстраляў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG