Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бамбаваньне тэатру ў Марыюпалі, новы ракетны напад на Кіеў. 22-і дзень вайны Расеі супраць Украіны

абноўлена

Драматычны тэатар у Марыюпалі, разбомблены расейскімі войскамі, 16 сакавіка
Драматычны тэатар у Марыюпалі, разбомблены расейскімі войскамі, 16 сакавіка

Свабода працягвае сачыць за падзеямі расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Вайна ідзе з 24 лютага, загінулі тысячы цывільных і вайскоўцаў, каля 3 мільёнаў чалавек сталі ўцекачамі, разбураны аб’екты інфраструктуры. Авіяналёты, ракетныя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў і баі працягваюцца.

Галоўнае на гэты момант

  • 16 сакавіка расейская авіяцыя скінула бомбу на Драматычны тэатар у Марыюпалі, дзе ў сутарэньнях хаваліся сотні мірных жыхароў гораду. Колькасьць пацярпелых невядомая, бомбасховішча вытрымала выбух.
  • Генпракуратура РБ завяла справу супраць дарадцы офісу прэзыдэнта Ўкраіны Арастовіча за заклік да «рэйкавай вайны»
  • Вярхоўная Рада Ўкраіны зацьвердзіла ўказ прэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага аб падаўжэньні да 24 красавіка ваеннага становішча.
  • Сэйм Літвы заклікаў ААН зрабіць неадкладныя захады дзеля забесьпячэньня беспалётнай зоны над Украінай, каб спыніць масавую гібель мірнага насельніцтва.
  • У Белым доме зноў заявілі, што адмовілі на просьбу Кіева аб беспалётнай зоне над Украінай. Абгрунтавалі адмову тым, што ня хочуць «увязвацца ў трэцюю сусьветную вайну», бо гэта запатрабавала б ад NATO і ЗША патэнцыйна зьбіваць расейскія самалёты».
  • Ва Ўкраіне кожны дзень у 9:00 будзе праходзіць хвіліна маўчаньня ў памяць аб ахвярах агрэсіі Расеі. Прэзыдэнт Зяленскі падпісаў адпаведны ўказ.
  • Краіны Эўразьвязу ўхвалілі чацьвёрты пакет санкцый супраць Расеі пасьля яе ўварваньня ва Ўкраіну.
  • Па стане на раніцу 17 сакавіка ад расейскай ваеннай агрэсіі ва Ўкраіне загінулі 108 дзяцей і больш за 120 параненыя ў выніку збройнай агрэсіі Расеі, паведамляе Офіс генпракурора Ўкраіны.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

Што адбываецца 17 сакавіка

Эўрапейскае камічнае агенцтва адмовілася супрацоўнічаць з Расеяй


Эўрапейскае касьмічнае агенцтва (ЕКА) абвясьціла, што падтрымлівае санкцыі Эўразьвязу супраць Расеі і прыпыняе супрацоўніцтва з дзяржкарпарацыяй «Раскосмас». У прыватнасьці — у сумесным расейска-эўрапейскім праекце па дасьледаваньні Марса «ЭкзаМарс» (ExoMars), сказана на сайце арганізацыі.

Генпракуратура РБ завяла справу на дарадцу офісу прэзыдэнта Ўкраіны Арастовіча за заклік да «рэйкавай вайны»

Як паведамляе тэлеграм-канал Генэральнай пракуратуры, Арастовіч «не пазьней за 17 сакавіка 2022 году запісаў і разьмясьціў у глябальнай кампутарнай сетцы Інтэрнэт відэаролік з публічнымі заклікамі да ўчыненьня актаў тэрарызму і дывэрсій на аб’ектах Беларускай чыгункі, учыненьня іншых дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь».

У сваім відэазвароце Арастовіч, сярод іншага, заклікаў да «рэйкавай вайны».

Паведамляецца, што справа накіраваная ў Сьледчы камітэт Рэспублікі Беларусь.

53 новыя ахвяры ў Чарнігаве

Расейскія вайскоўцы забілі ў сераду ў Чарнігаве 53 чалавек, паведаміў кіраўнік Чарнігаўскай абласной вайсковай адміністрацыі Вячаслаў Чавус. Паводле яго, расейскія войскі не прарваліся да Чарнігава.

Пра эвакуацыю насельніцтва Чавус сказаў: «Я не хачу адпраўляць дзяцей Чарнігава на сьмерць, таму „зялёны калідор“ будзе толькі пасьля таго, як мы дамовімся. Сёньня такія перамовы пройдуць, мы паведамім, калі яны скончацца». У Чарнігаве застаюцца праблемы з энэргазабесьпячэньнем, вадой, газам і цяплом. Аварыйныя брыгады спрабуюць наладзіць работу камунікацый.

Жыхароў Марыюпалю хаваюць у брацкіх магілах

Расейскія вайскоўцы, якія трымаюць аблогу гораду, не дазваляюць везьці нябожчыкаў на могілкі, таму іх хаваюць у брацкіх магілах у самым цэнтры гораду. Хаваюць людзей камунальныя службы, шмат трупаў да гэтай пары застаюцца пад заваламі, піша Forbes.

Як расказаў мэр Марыюпалю Сяргей Арлоў, спачатку целы загінулых пры расейскіх атаках хавалі на Цэнтральных могілках, закрытых каля 40 гадоў таму, а потым сталі ў дзіцячым парку. Некаторых марыюпальцаў хаваюць проста ў дварах іхных дамоў.

Удар па аб'екце воднай інфраструктуры

Увечары 16 сакавіка расейскія войскі нанесьлі ўдар з «Градаў» па пасёлку Мар’янскі Крывіцкага раёну Днепрапятроўскай вобласьці, паведаміў прадстаўнік мясцовай улады Аляксандар Вілкул. Паводле яго, ракеты ўпалі на тэрыторыю помпавай станцыі, якая забясьпечвае перапампоўваньне вады з Кахоўскага вадасховішча ў вадасховішча Паўднёвае гораду Крывы Рог. Станцыі патрэбен рамонт.

Японія: Расея адправіла ва Ўкраіну чатыры вялікія караблі

Гэта чатыры дэсантныя караблі, якія адправіліся з Далёкага Ўсходу ў кірунку Эўропы, піша Rzeczpospolita. На фатаздымках караблёў, апублікаваных Міністэрствам абароны Японіі, на борце аднаго відаць вайсковыя грузавікі.

Зруйнавалі тэатар у Марыюпалі, дзе хаваліся людзі

16 сакавіка авіяцыя скінула бомбу на Драматычны тэатар у Марыюпалі, дзе ў сутарэньнях хаваліся сотні мірных жыхароў гораду. Як паведамляе агенцтва Reuters, здымкі зробленыя 14 сакавіка. Надпісы «ДЕТИ»— сьпераду і ззаду будынка.

Тэатар мог зьмясьціць да 1200 чалавек, колькасьць пацярпелых пакуль невядомая, бамбасховішча вытрымала, ідуць ратавальныя працы.

За час вайны расейцы ўдарылі па 43 лякарнях

Сусьветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ) паведаміла пра 43 удары па лякарнях і іншых мэдычных установах з пачатку вайны ва Ўкраіне. Адпаведную заяву зрабіў Майк Раян, выканаўчы дырэктар праграмы СААЗ па надзвычайных сытуацыях у галіне аховы здароўя, яго цытуе Deutsche Welle.

Паводле дадзеных арганізацыі, мінімум 33 напады зьвязаныя з ужываньнем цяжкага ўзбраеньня, у прыватнасьці агнястрэльнай зброі, танкаў, ракет, бомбаў ці мінамётаў. «Сыстэма аховы здароўя ва Ўкраіне балянсуе на мяжы», — канстатаваў Раян.

Генштаб Украіны: страты расейскага боку — каля 14 000 чалавек

Паводле зьвестак Генштабу Ўзброеных сіл Украіны, страты
Ўзброеных сіл РФ пасьля ўварваньня ва Ўкраіну па стане на 17 сакавіка склалі:

  • Асабовы склад — каля 14 000 чалавек
  • Самалёты — 86
  • Верталёты — 108
  • Танкі — 444
  • Бронемашыны — 1435
  • Артылерыйскія сыстэмы — 201
  • Сродкі супрацьпаветранай абароны — 43
  • Рэактыўныя сыстэмы залпавага агню — 72
  • Аўтацыстэрны — 60
  • Аўтатэхніка — 864
  • Караблі (катэры) — 3
  • БПЛА апэратыўна-тактычнага ўзроўню — 11

Мінабароны Расеі агучыла дадзеныя аб стратах расейскага войска толькі аднойчы, 2 сакавіка. Паводле інфармацыі ведамства, ва Ўкраіне загінулі 498 расейскіх вайскоўцаў, яшчэ 1597 былі параненыя.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

Новы ракетны ўдар па Кіеве

Раніцай у Дарніцкім раёне ўкраінскай сталіцы пачаўся пажар у шматпавярховіку. Прычынай сталі аскепкі расейскай ракеты, якія трапілі ў дом. Загарэлася кватэра на 16-м паверсе. Як мінімум 1 чалавек загінуў, паведамляе ўкраінская служба Свабоды.

У Рубежным на Луганшчыне ноччу абстрэламі пашкодзілі 27 дамоў

Кіраўнік Луганскай абласной вайсковай адміністрацыі Сяргей Гайдай заявіў, што абстрэлы Рубежнага расейскімі войскамі працягваліся ўсю ноч:

«Дзясяткі зламаных лёсаў за адну ноч. У гараджан і сялян гінуць родныя, гараць дамы. Расейскае войска працягвае мэтанакіравана абстрэльваць мірных жыхароў, якім нават не даюць магчымасьці выехаць бясьпечна».

Уцекачы ад вайны

Паводле Офісу Вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў, з Украіны выехалі больш за 3 мільёны чалавек. Найбольш — 1 мільён 916 тысяч — паехалі ў Польшчу. 282 тысячы ўкраінскіх грамадзян выехалі ў Вугоршчыну, 228 тысяч — у Славаччыну, 350 тысяч — у Малдову, амаль 168 тысяч — у Расею (пераважна з так званых «ЛДНР»), 491 тысяча — у Румынію, 2127 чалавек — у Беларусь.

Што адбываецца ў Расеі

У Расеі завялі першыя справы па артыкуле за «фэйкі» аб расейскай агрэсіі

Сьледчы камітэт Расеі завёў тры крымінальныя справы аб распаўсюдзе «заведама ілжывай інфармацыі» пра дзеяньні расейскай арміі.

Гэта першыя вядомыя выпадкі прымяненьня нядаўна прынятага артыкула аб крымінальным пакараньні за распаўсюджваньне фэйк-ньюсаў пра расейскае войска, паведамляе «Коммерсантъ».

Дэфолту ў Расеі пакуль ня будзе

Мінфін Расеі паведаміў аб выплаце купоннага даходу па эўрааблігацыях на суму $117,2 мільёна. Плацежнае даручэньне выкананае ў валюце. Праблем з абслугоўваньнем дзярждоўгу ў Расеі няма, сьцьвярджаюць у Мінфіне.

Раней агенцтва Fitch прагназавала пачатак дэфолту Расеі. Аналітыкі адзначалі складанасьці з выплатай дзяржаўнага доўгу, зьвязаныя з тым, што валютныя рахункі Расеі замарожаныя з прычыны санкцый, накладзеных на яе за ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну.

«АвтоВАЗ» спыняе працу праз адсутнасьць імпартных камплектных частак

Супрацоўнікі «АвтоВАЗ» з 4 па 24 красавіка пойдуць у «плянавы карпаратыўны адпачынак» у сувязі з «зацяжным крызісам паставак электронных кампанэнтаў».

Найбуйнейшы ў Расеі аўтавытворца «АвтоВАЗ» спыняе працу праз адсутнасьць паставак імпартных камплектных частак. Пра гэта паведамляе РБК са спасылкай на прэсавую службу кампаніі.

Удзел Беларусі ў вайне

Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны.

Жыхары розных гарадоў Беларусі паведамляюць пра гукі выбухаў

У Баранавічах, Клецку, Рэчыцы, Століне, вёсцы Альманы і іншых населеных пунктах Беларусі позна ўвечары 16 сакавіка чулі выбухі, гукі стрэлаў і самалёты.

Інфармацыю пра гукі выбухаў у некаторых згаданых гарадах Свабодзе пацьвярджаюць чытачы.

У Пінскім раёне заўважылі перавозку танкаў чыгункай у бок Берасьця

Відэа перамяшчэньня танкаў публікуе «Наша Ніва». Меркавана, іх вязуць на вучэньні. Некаторыя праўладныя тэлеграм-каналы тлумачылі манэўрамі ўчорашнія паведамленьні пра выбухі ў беларускіх гарадах, хоць усе месцы, дзе чулі выбухі, ад Берасьця вельмі далёка.

У Кіеве пахавалі беларускага байца-добраахвотніка

Цырымонія разьвітаньня з Аляксеем Скоблем, які з 2014 году ваяваў за Ўкраіну і 13 сакавіка загінуў пад Кіевам, адбылася ў кіеўскім крэматорыі.

Як рэагуе сьвет

Польшча прэзэнтавала NATO праект міратворчай місіі ва Ўкраіне. ЗША яго не падтрымалі

Міністар абароны Польшчы Марыюш Блашчак на сустрэчы міністраў абароны NATO ў сераду ў Брусэлі прадставіў праект стварэньня міратворчай місіі ва Ўкраіне. Пра гэта паведамляе прэс-служба ўраду Польшчы.

Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Нэд Прайс, камэнтуючы польскую прапанову аб міратворчай місіі, сказаў, што прысутнасьць амэрыканскіх салдат на тэрыторыі Ўкраіны толькі працягне вайну.

Узбэкістан адмовіўся прызнаваць «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі рэспублікамі

Ташкент заклікаў спыніць вайну і заявіў, што працягне дастаўляць Украіне гуманітарную дапамогу. З такой заявай выступіў міністар замежных спраў Узбэкістану Абдулазіз Камілаў на пасяджэньні Сэнату Олій Мажлісу, паведамляе UzNews.uz.

ЗША заявілі пра новую дапамогу ўзбраеньнямі

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн паведаміў, што Злучаныя Штаты перададуць Украіне 800 сыстэм СПА, што дазволіць абараніць Украіну ад самалётаў і расейскіх крылатых ракет, а таксама боепрыпасы да іх. Кіеў таксама атрымае 9 тысяч пераносных супрацьтанкавых сыстэм, бесьпілётнікі і гранатамёты.

Кітайскі чыноўнік заявіў, што КНР падтрымае Ўкраіну эканамічна і палітычна

Прадстаўнік КНР ва Ўкраіне Фан Сяньжун на нарадзе ў Львоўскай абласной вайсковай адміністрацыі заявіў, што ягоная дзяржава ніколі не нападзе на Ўкраіну. Наадварот, ад Кітаю можна чакаць палітычнай і эканамічнай падтрымкі. Ён назваў Украіну стратэгічным партнэрам Кітаю і сяброўскай краінай.

«Мы ўбачылі, наколькі вялікае адзінства ўкраінскага народу, а значыць, і ягоная сіла», — дадаў Фэн Сяньжун.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG