Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ежа будзе даражэйшая, вопратка горшая». Што стала зь беларускай эканомікай за 2,5 тыдня вайны — у 10 прыкладах


Антываеннае графіці ў адным з менскіх двароў. Сакавік 2022
Антываеннае графіці ў адным з менскіх двароў. Сакавік 2022

Дэвальвацыя рубля, абмежаваньні на здыманьне валюты, сыход заводаў «на вакацыі». Падлічваем праблемы ў беларускай эканоміцы, якія прынесла вайна.

Рубель патаньнеў у 1,4 раза

2,65 рубля — столькі каштаваў даляр 23 лютага, за дзень да пачатку нападу Расеі ва Ўкраіну. Цяпер даляр каштуе 3,31 рубля, але гэта паводле курсаў на біржы. У рэальнасьці курс у абменьніках — 3,8 рубля за даляр, і купіць амэрыканскую валюту вельмі складана. Атрымліваецца, за 2,5 тыдня вайны рубель абясцэніўся ў 1,4 раза — больш як на траціну.

На думку старшага эканаміста BEROC Льва Львоўскага, небясьпеку становяць паралельныя курсы.

«Даляр працягне даражэць адносна рубля, але немагчыма спрагназаваць, да якой адзнакі, бо на гэта ўплывае шмат фактараў. Толькі рынак ведае, які сапраўдны кошт даляра», — кажа Леў Львоўскі.

Тры беларускія банкі адключылі ад SWIFT

Ад міжнароднай плацёжнай сыстэмы SWIFT адключылі ўжо тры беларускія банкі — Белаграпрамбанк, банк «Дабрабыт», Банк разьвіцьця. Менавіта пры дапамозе SWIFT робяцца хуткія пераводы паміж банкамі. Можна пераводзіць грошы і праз альтэрнатыўныя шляхі, але гэта даўжэй і даражэй.

Зьняць з карткі можна толькі 100 даляраў на месяц

Шэраг беларускіх банкаў увялі абмежаваньні, зьвязаныя зь лімітамі на здыманьне грошай. «Белаграпрамбанк», які адключылі ад SWIFT, дазваляе цяпер зьняць з карткі толькі 100 даляраў на месяц, як за мяжой, так і ў Беларусі.

Кліенты «Прыёрбанку» сутыкнуліся з праблемамі са здыманьнем валюты. З паведамленьня на сайце банку вынікае, што, каб зьняць нават 10 даляраў, трэба аформіць замову. Разглядаць замову могуць да 14 дзён.

Максымальная сума, якую можна зьняць за адзін раз, — 3000 даляраў. Таксама папярэдне замаўляць трэба, каб зьняць больш як 1000 рублёў.

Ліміты на набыцьцё валюты з рублёвых картак таксама ўвёў МТБ Банк.

Беларусбанк уводзіць абмежаваньні на здыманьне наяўных і на безнаяўны разьлік за межамі Беларусі, абмежаваньне тычыцца картак Visa, Mastercard і Maestro, прывязаных да рублёвых рахункаў. Ліміт — 400 рублёў на дзень.

«Міжнародныя пераводы цярпяць ва ўсіх банках, нават у тых, якія не падпалі пад адключэньне ад SWIFT. Цяпер, робячы перавод, нельга быць упэўненым, што банк-карэспандэнт захоча зьвязвацца зь беларускімі пераводамі. Некаторыя банкі ўжо сутыкнуліся з дэфіцытам наяўных», — кажа Леў Львоўскі.

Завод з 1400 супрацоўнікамі пайшоў «на вакацыі»

Завод «БелДжы», які робіць у Беларусі кітайскія аўтамабілі Geely, з 9 сакавіка пайшоў на вакацыі «праз парушэньні лягістычных сувязяў і перабоі з пастаўкамі». На гэтым прадпрыемстве працуе больш за 1400 чалавек.

З 16 сакавіка па 1 красавіка частка супрацоўнікаў пойдуць у адпачынак. Раней Geely падняла цэны на ўсе машыны. Так, з 10 сакавіка цана аўтамабіляў у залежнасьці ад мадэлі і мадыфікацыі вырасла на велічыню ад 6500 да 17 800 рублёў.

Таксама фінскі ўладальнік «Лідзкага піва» Olvi сыходзіць зь беларускага рынку праз напад Расеі на Ўкраіну.

«Лідзкае піва», даччынае прадпрыемства групы Olvi, мае ў Беларусі 840 супрацоўнікаў. На Беларусь у мінулым годзе прыпала каля чвэрці ўсіх дзелавых апэрацый групы Olvi, 33 адсоткі аб’ёму продажаў, 21 адсотак чыстых продажаў і 24 адсоткі апэрацыйнага прыбытку.

Спынілася як мінімум 1 буйная будоўля

«A-100 Дэвэлапмэнт» прыпыняе будаўніцтва моднага квартала «Дэпо». Інфармацыю пра гэта пацьвердзілі і ў самой кампаніі.

Узводзіць квартал «Дэпо» пачалі каля году таму. Разьмяшчаецца ён у цэнтры Менску, каля плошчы Перамогі.

Па праекце «Дэпо» — гэта жылы комплекс бізнэс-клясы з крамамі, прыватным дзіцячым садком, пешаходнай вуліцай і штучнай сажалкай, напісана на сайце «A-100 Дэвэлапмэнт». У студзені 2021 году кампанія запусьціла продаж кватэр і пэнтхаўсаў. Кошт квадратнага мэтра стартаваў з $3500.

Стаўка рэфінансаваньня вырасла на 2,7%

З 1 сакавіка Нацбанк Беларусі падняў стаўку рэфінансаваньня да 12%, раней было 9,5%. Праз такі крок падаражэюць крэдыты для людзей у банках. Адпаведна, калі крэдыты становяцца даражэйшымі для бізнэсу, то растуць і цэны на тавары і паслугі.

Рост цэнаў на тэхніку

Ад пачатку ўварваньня Расеі ва Ўкраіну пачаўся рост цэнаў на гаджэты і бытавую тэхніку, гэта бачна праз каталёг onliner.by. Напрыклад, смартфон Apple Iphone 13 Pro Max вырас у цане з 3575 рублёў да 5100 рублёў.

Адна зь лядоўняў Samsung падаражэла з 1299 рублёў да 1699 рублёў. Таксама працягвае расьці гадавая інфляцыя на прадукты харчаваньня. Яна захоўваецца на мяжы 10%.

Мінус 80 мільёнаў эўра ад сыходу IKEA

IKEA праз напад Расеі на Ўкраіну сышла з рынку Расеі і Беларусі. Поўны сыход зь беларускага і расейскага рынкаў заплянаваны да 31 траўня.

Беларусь яшчэ ў 2020 годзе пастаўляла для IKEA 7% усёй экспартнай драўніны. Акрамя таго, экспартам мэблі, тэкстылю і іншых аксэсуараў займаліся такія беларускія кампаніі, як «Магатэкс», «ФанДОК», «Ольса», Сіняўская фабрыка мэблі, мэблевы цэнтар у Маладэчне, а таксама індустрыяльны комплекс пад Магілёвам. Штогод прадпрыемствы пастаўлялі тавараў у IKEA на 80 мільёнаў эўра.

Леў Львоўскі прагназуе, што з праблемамі сутыкнуцца шмат прадпрыемстваў.

«Усё больш людзей будуць адчуваць на сабе цяжар санкцый. У нейкі момант на вытворчасьцях скончацца запасы неабходных кампанэнтаў, якія раней імпартаваліся. Тады вытворчасьці пачнуць пераходзіць на скарочаны тыдзень, некаторыя спыняцца. Нехта паспрабуе замяніць камплектуючыя кітайскімі, у некага гэта нават атрымаецца, але зьнізяцца заробкі і прыбытковасьць. На складах, у крамах скончацца запасы таго, што падпала пад абмежаваньні», — прагназуе Леў Львоўскі.

Мінус 415 мільёнаў даляраў ад Сусьветнага банку

Сусьветны банк спыніў фінансаваньне ўсіх праектаў у Расеі і Беларусі праз напад Расеі на Ўкраіну. Сусьветны банк фінансаваў у Беларусі шэраг праектаў у адукацыі, экалёгіі, мэдыцыне і камунальнай гаспадарцы. Агульная сума ўсіх праектаў да моманту спыненьня — 415 мільёнаў даляраў.

Мінус 4,8 мільярда даляраў на год ад экспарту ва Ўкраіну

Летась Беларусь экспартавала ва Ўкраіну тавараў на 4,8 мільярда даляраў. Найбольшая частка экспарту — гэта нафтапрадукты і ўгнаеньні. Цяпер з тэрыторыі Беларусі абстрэльваюць украінскія гарады, празь яе праходзяць расейскія войскі, што ставіць далейшыя эканамічныя адносіны пад пытаньне.

Паводле Льва Львоўскага, нават у самы горшы крызіс беларусы не застануцца бязь ежы, проста яна будзе даражэць.

«Беларусы ня будуць хадзіць галодныя і бяз вопраткі, але ежа будзе даражэйшая, вопратка будзе горшая і даражэйшая. Уся сыстэма нагружаная, і ў тэорыі можа быць і востры крызіс. Мяркую, што ён будзе не аднамомантны, эканоміка будзе паволі зьніжацца. Многія прадпрыемствы маюць крэдыты ў далярах перад беларускімі банкамі. Калі яны ня знойдуць альтэрнатыўных шляхоў паставак, то яны ня будуць плаціць па даўгах», — мяркуе Леў Львоўскі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG