Сьцісла:
- Візыт прэм’ера Беларусі Рамана Галоўчанкі ў Маскву, ягоныя перамовы з расейскім калегам Міхаілам Мішусьціным павінны былі праясьніць, як цяпер Расея можа дапамагчы Беларусі.
- Паводле Галоўчанкі, прынята рашэньне аб рэструктурызацыі і растэрміноўцы дзяржаўных крэдытаў, якія давала Расея. То бок, здаецца, дэфолт Беларусі пакуль не пагражае.
- Трэба пачакаць інфармацыі з расейскага боку, бо вельмі часта інтэрпрэтацыя дамоўленасьцяў Менскам і Масквою не супадае.
Пасьля сустрэчы Пуціна з Лукашэнкам прэсавая сакратарка апошняга Натальля Эйсмант заявіла, што «Расея пайшла на самыя сур’ёзныя і беспрэцэдэнтныя крокі па падтрымцы эканомікі нашай краіны». Незалежныя назіральнікі ацанілі гэтую заяву скептычна. Бо эканоміка самой Расеі апынулася ў такім цяжкім стане, што гаворка ідзе пра ейнае выжываньне.
Візыт прэм’ера Беларусі Рамана Галоўчанкі ў Маскву, ягоныя перамовы з расейскім калегам Міхаілам Мішусьціным павінны былі праясьніць, як Расея цяпер можа дапамагчы Беларусі.
Тут цікавая вось якая акалічнасьць. Дасюль заявы беларускіх афіцыйных асобаў з нагоды санкцый былі вельмі аптымістычныя. Маўляў, мы іх не баімся, знойдзем выйсьце, пераарыентуемся на новыя рынкі, нас не запужаеш.
Але вось цяпер у заявах Рамана Галоўчанкі ў Маскве гучалі зусім іншыя акцэнты. Ён казаў, што маштаб санкцый адносна Беларусі пераўзыходзіць санкцыі Захаду супраць Расеі. Паводле яго слоў, накладзена эмбарга на пастаўкі практычна ўсіх экспартаарыентаваных сэктараў эканомікі. А беларуская банкаўская сыстэма «трапіла пад перакрыжаваныя татальныя санкцыі ЭЗ і ЗША». «Калі мы ня прымем ніякіх мер, то гэта прывядзе да разрыву плацёжнага балянсу, рэзкага росту інфляцыі і падзеньня даходаў насельніцтва», — сказаў прэмʼер-міністар.
Зразумела, адрасатам ягоных скаргаў на цяжкую сытуацыю была Расея, яе трэба было расчуліць. Маўляў, Беларусь пацярпела за падтрымку Расеі ў гэтай вайне, таму Масква павінна кампэнсаваць страты.
Чаго канкрэтна прасіў Галоўчанка?
Найперш, «рэструктурызацыі крэдытнай запазычанасьці па дзяржаўных крэдытах ураду і фінансавых інстытутаў Расеі». Каб пазьбегнуць дэфолту.
А вось наступныя прапановы выглядаюць трохі нечакана. Галоўчанка просіць Маскву перайсьці «на новую сыстэму цэнаўтварэньня на расейскую нафту, якая забясьпечвала б стабільную працу беларускіх НПЗ зь мінімальнай рэнтабэльнасьцю». То бок, у перакладзе на зразумелую мову, гаворка ідзе пра зьніжэньне цэнаў на нафту, якія вырасьлі ў зьвязку з падатковым манэўрам у Расеі.
Але гэтага мала. Галоўчанка прапануе зафіксаваць цэны «на прыродны газ для Рэспублікі Беларусь у расейскіх рублях з прывязкай да дзейных аптовых цэнаў на газ для суседніх расійскіх рэгіёнаў». То бок і цэны на газ таксама пажадана панізіць да ўзроўню ўнутраных расейскіх. Хоць газавыя цэны для Беларусі і так самыя нізкія, як для замежнага спажыўца, а ў параўнаньні з эўрапейскімі цэнамі яны выглядаюць абсалютна льготнымі.
Затым Менск просіць пра скасаваньне адміністрацыйных абмежаваньняў для беларускай машынабудаўнічай прадукцыі на расейскім рынку. І, што асабліва важна, Галоўчанка хоча, каб беларускія прадпрыемствы маглі ўдзельнічаць у рэалізацыі расейскіх праграм імпартазамяшчэньня і дзяржзаказу.
Што ўдалося атрымаць?
Паводле Галоўчанкі, прынята рашэньне аб рэструктурызацыі і растэрміноўцы дзяржаўных крэдытаў, якія давала Расея, «аб пераводзе іх з валюты ў расейскі рубель». То бок, здаецца, дэфолт Беларусі пакуль не пагражае.
Што тычыцца цэнаў на нафту і газ, то Лукашэнка 15 сакавіка заявіў: «Энэргарэсурсы, энэрганосьбіты, мы іх будзем атрымліваць прыкладна па тых жа, можна сказаць, цэнах, як у Расейскай Фэдэрацыі — тое, чаго мы заўсёды патрабавалі ад Расеі».
Ці так гэта на самой справе, цяжка сказаць. Трэба пачакаць інфармацыі з расейскага боку, бо вельмі часта інтэрпрэтацыя дамоўленасьцяў, дасягнутых Менскам і Масквою, у абодвух бакоў не супадае. А цяпер Лукашэнку важна ўпэўніць намэнклятуру і насельніцтва, што ўсё ў парадку, ён аб усім дамовіўся, таму ня трэба панікаваць.
Здаецца, у беларускага кіраўніцтва ёсьць надзея, што цяпер, калі з расейскага рынку сышлі заходнія фірмы, для беларусаў зьяўляюцца свабодныя нішы, якія яны могуць лёгка запоўніць. Аднак ці збудуцца гэтыя надзеі, пэўнасьці няма: пакупніцкая здольнасьць у Расеі моцна зьніжаецца.
Да таго ж ва ўмовах дэфіцыту імпартных тавараў, камплектуючых узрастае канкурэнцыя за іх атрыманьне. Пасьля таго як Расея забараніла вывозіць вялікі пералік прадукцыі, на беларуска-расейскай мяжы ўжо цяпер стаяць сотні фур, якія вязуць тавары ў Беларусь і ня могуць свабодна выехаць з расейскай тэрыторыі.
Якія б захады ні рабілі беларускі і расейскі ўрады, фактам застаецца тое, што цяпер Беларусь і Расея — сябры на няшчасьці. І гэта хутка стане зразумела грамадзтвам абедзьвюх краін.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.