Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У аблозе. Што адбываецца вакол Кіева, да якога сьцягваюцца расейскія вайсковыя калёны


Музыка Сымфанічнага аркестра «Кіеў-Клясык» Аляксей Берагавы выступае пасьля канцэрту пад адкрытым небам «Вольнае неба» на Майдане Незалежнасьці ў цэнтры Кіева, 9 сакавіка 2022 году
Музыка Сымфанічнага аркестра «Кіеў-Клясык» Аляксей Берагавы выступае пасьля канцэрту пад адкрытым небам «Вольнае неба» на Майдане Незалежнасьці ў цэнтры Кіева, 9 сакавіка 2022 году

Сталіца Ўкраіны працягвае ўмацоўваць сваю абарону. Жыхароў просяць выконваць вайсковыя патрабаваньні на блёк-пастах.

У Кіеве ўсё часьцей гучыць паветраная трывога, але ўкраінская сталіца працягае ўмацоўваць сваю абарону. Першы намесьнік старшыні Кіеўскай гарадзкой дзяржаўнай адміністрацыі Мікола Паварозьнік заклікаў кіяўлян дакладна выконваць патрабаваньні на блёк-пастах.

«Для нашай бясьпекі нам патрэбныя блёк-пасты! Таму з разуменьнем стаўцеся да патрабаваньняў вайскоўцаў, паказвайце дакумэнты, паводзьце сябе спакойна. Гэта дазволіць пазьбегнуць канфліктных сытуацый», — сказаў Мікола Паварозьнік.

Баявыя дзеяньні і абстрэлы працягваюцца

Апошнія некалькі дзён узмацніліся баявыя дзеяньні ў так званым «залатым поясе» Кіева — пад Бучай, Барадзянкай, Кухарамі, Андрэеўкай, Матыжыным і Гарэнічамі.

Адначасова расейскія войскі спрабуюць прарвацца на Кіеў па чарнігаўскім і сумскім напрамках, пэрыядычна праводзячы, як сьцьвярджае Генэральны штаб Узброеных сіл Украіны, наступальныя апэрацыі, а на асобных участках нават часткова пасьпяхова.

Пасьля расейскага ракетнага абстрэлу гараць харчовыя склады пад Кіевам. Браварскі раён, 12 сакавіка
Пасьля расейскага ракетнага абстрэлу гараць харчовыя склады пад Кіевам. Браварскі раён, 12 сакавіка

Кіеў застаецца галоўнай мэтай расейскіх войскаў. Асобнымі нападамі на навакольныя паселішчы расейцы спрабуюць горад заблякаваць і адрэзаць яго ад галоўных крыніц забесьпячэньня цывільнага і вайсковага сэктару. Раніцай 12 сакавіка расейская артылерыя абстраляла два склады з харчовымі прадуктамі пад Браварамі, а зь іншага боку ўкраінскай сталіцы, у Васількове, зьнішчылі склад боепрыпасаў і нафтабазу.

Паветраная трывога

Раніцай у гістарычным цэнтры Кіева — на Падоле — ад бесьпілётніка з выбухоўкай загарэўся адміністрацыйны будынак. Яшчэ адзін пажар быў справакаваны ў іншым раёне ўкраінскай сталіцы, таксама ад боепрыпасу. Паводле папярэдніх зьвестак, ніхто не пацярпеў.

«Сямнаццатая раніца вайны», — напісала ў сваіх вайсковых хроніках беларуская журналістка Вераніка Бягун.

«Гучна было і ўвечары, і ўначы. І раніцай я прачнулася ад раскату. Шкада, што гэта дакладна не вясновы гром. Зіма працягваецца, і вайна працягваецца. Начныя маразы ў прагнозе яшчэ на тыдзень, і начны сон з пэрыядычнай сырэнай за вакном».

Майдан незалежнасьці, Кіеў, 2 сакавіка
Майдан незалежнасьці, Кіеў, 2 сакавіка

Эвакуацыя з прыгарадаў

На гэтым тле Кіеў працягвае дапамагаць з эвакуацыяй грамадзян з Ірпяня, Бучы, Гастомеля, Ворзеля і Немішаева. Пакуль што час камэнданцкай гадзіны застаецца ранейшы — з 20.00 да 7.00.

Напярэдадні дарадца Офіса прэзыдэнта Ўкраіны Міхаіл Падаляк заявіў, што Кіеў у аблозе, але горад гатовы змагацца.

«Абарону прадумалі. Забесьпячэньне наладзілі. Хлопцы на блёк-пастах зараджаныя, засяроджаныя і прафэсійныя. Палітычнае кіраўніцтва краіны ў поўным складзе на працоўных месцах у сталіцы Ўкраіны», — сказаў ён.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG