Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз рыхтуецца прыняць 5 мільёнаў уцекачоў з Украіны


Уцекачы на мяжы Польшчы і Ўкраіны, 28 лютага
Уцекачы на мяжы Польшчы і Ўкраіны, 28 лютага

7 сакавіка вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу ў галіне замежнай палітыкі і бясьпекі Жузэп Бурэль перад сустрэчай міністраў разьвіцьця краін ЭЗ заявіў, што колькасьць уцекачоў з Украіны можа вырасьці да 5 млн, калі Расея працягне абстрэльваць і бамбаваць гарады.

Бурэль нагадаў, што падчас міграцыйнага крызісу ў 2015-16 гады ў Эўропу прыбылі каля 1,5 млн чалавек.

«У гэтым выпадку трэба падрыхтавацца прыняць да 5 млн чалавек. Трэба мабілізаваць усе рэсурсы Эўразьвязу, каб дапамагчы краінам, якія прымуць гэтую плынь. Трэба дапамагчы Польшчы, трэба дапамагчы ўсім краінам, якія маюць межы з Украінай, каб стварыць сродкі, неабходныя для прыёму гэтых людзей», — дадаў Бурэль.

Польшча на гэты момант дае ўкраінскім уцекачам легальнае пражываньне без дадатковых працэдур. Сёньня на прэс-канфэрэнцыі прэм’ер-міністар краіны Матэвуш Маравецкі заявіў, што плянуецца зрабіць дадатковыя захады, каб прымаць грамадзян Украіны.

Паводле Маравецкага, урад ужо прыняў адпаведную пастанову.

Так, уцекачы з Украіны змогуць знаходзіцца на тэрыторыі Польшчы на легальных падставах цягам 18 месяцаў. Яны будуць мець доступ да рынку працы. Гэты тэрмін можа быць працягнуты яшчэ на 18 месяцаў — да трох гадоў.

Польскія сем’і, якія прымаюць у сябе ўкраінцаў, змогуць разьлічваць на фінансавую дапамогу ў памеры 40 злотых на дзень.

Ствараецца спэцыяльная рэзэрва, якая будзе выкарыстоўвацца для фінансаваньня мясцовых самакіраваньняў на мэты прыёму ўцекачоў, у тым ліку для аказаньня ім мэдыцынскіх і адукацыйных паслуг. Урад зробіць таксама захады дзеля таго, каб украінскія дзеці маглі працягваць вучыцца. Уцекачам дазволяць бясплатна карыстацца мэдычнымі паслугамі.

Маравецкі зазначыў, што па выніках перамоў з ЭЗ Польшча можа чакаць дадатковай падтрымкі ад Эўразьвязу. Прэмʼер таксама заявіў, што кожны дзень Польшча накіроўвае Ўкраіне да 100 грузавікоў з гуманітарнай дапамогай: ад харчаваньня да генэратараў.

Як паведаміў міністар унутраных спраў і адміністрацыі Марыюш Каміньскі, у краіну ўжо прыбылі 1,08 млн чалавек з Украіны. Частка прыбылых не затрымліваецца ў Польшчы і едзе далей у эўрапейскія краіны.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG