Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Патрыярх Кірыл не асудзіў вайны ва Ўкраіне і заявіў, што яна ідзе таму, што ў Данбасе ня хочуць гей-парадаў


Патрыярх Кірыл, архіўнае фота, сьнежань 2019 году
Патрыярх Кірыл, архіўнае фота, сьнежань 2019 году

Кіраўнік Расейскай праваслаўнай царквы патрыярх Кірыл у казаньні ў храме Хрыста Збаўцы ў Маскве 6 сакавіка, у дзень, калі РПЦ адзначае Даравальную нядзелю перад Вялікім постам, выказаўся аб ваенных дзеяньнях ва Ўкраіне.

Прамым тэкстам ён не падтрымаў расейскага ўварваньня, аднак, па сутнасьці, прывёў свае аргумэнты для яго абгрунтаваньня.

Патрыярх заявіў, што цяперашняя сытуацыя, якую ён назваў «практычна пачаткам ваенных дзеяньняў», зьвязана з тым, што нейкія сілы восем гадоў спрабавалі зьнішчыць тое, што існуе ў Данбасе — відавочна, маюцца на ўвазе так званыя «ДНР» і «ЛНР».

Паводле Кірыла, там «існуе непрыманьне, прынцыповае непрыманьне так званых каштоўнасьцяў, якія сёньня прапануюцца тымі, хто прэтэндуе на сусьветную ўладу».

Галоўным тэстам на «пропуск» у сьвет «залішняга спажываньня, сьвет бачнай «свабоды», гэта значыць у заходні сьвет, патрыярх назваў правядзеньне гей-параду. «Патрабаваньні да многіх правесьці гей-парад і зьяўляюцца тэстам на ляяльнасьць таму самаму магутнаму сьвету», — сказаў Кірыл.

Паводле яго, «вакол гэтай тэмы сёньня ідзе рэальная вайна». «Хто нападае сёньня на Ўкраіну, дзе восем гадоў ідзе прыгнёт і зьнішчэньне людзей у Данбасе?» — задаў Кірыл рытарычнае пытаньне, але адказу на яго ня даў, дадаўшы, аднак, што «мы ўступілі ў барацьбу, якая мае не фізычнае, а мэтафізычнае значэньне». Ён таксама дадаў, што праваслаўныя «ня могуць ня быць» са сваімі братамі на Данбасе, і заклікаў разам зь імі маліцца за мір, згадаўшы зноў-такі Данбас, а не Ўкраіну.

«Адначасова мы павінны маліцца аб тым, каб як мага хутчэй наступіў мір, каб перастала ліцца кроў нашых братоў і сясьцёр, каб Госпад дабраволіў Сваю міласьць да шматпакутнай Данбаскай зямлі, якая восем гадоў нясе на сабе гэты журботны знак, які спараджае чалавечы грэх і нянавісьць», — казаў Кірыл.

Ён ня выказаў падтрымкі ўсёй Украіне, дзе цяпер існуе дзесяць тысяч парафій падпарадкаванай яму УПЦ МП, а мільёны вернікаў вымушаны пакутаваць. Жыхары гарадоў усходу і поўначы Ўкраіны, такія як Харкаў, Чарнігаў, Сумы ці Ахтырка, якія цярпяць найбольшыя разбурэньні, пераважна прыхаджане УПЦ Маскоўскага патрыярхату.

У казаньні Кірыла фактычна гучала падтрымка афіцыйнай вэрсіі Пуціна аб вайне супраць Украіны як быццам вымушаным кроку для выратаваньня Данбасу.

Як піша ВВС, вядомы праваслаўны мысьляр, протадыякан Андрэй Кураеў ужо назваў прамову патрыярха самай ганебнай у гісторыі.

«Патрыярх Кірыл прамаўляе самую ганебную са сваіх пропаведзяў. Яна ўвойдзе ў гісторыю як прыклад самай нізкай маніпуляцыі, — напісаў Кураеў. — Коратка: УС РФ ва Ўкраіне змагаюцца зь п*расамі. І прабачыць тут было б недарэчна...».

  • У РПЦ неадназначнае стаўленьне да расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Шэраг сьвятароў падпісалі адкрыты ліст з заклікам да міру; іншыя стаяць на афіцыйнай пазыцыі расейскіх уладаў. Прадстаяцель Украінскай праваслаўнай царквы (Маскоўскага патрыярхату) мітрапаліт Ануфрый у першы дзень уварваньня рэзка асудзіў яго, назваўшы дзеяньні прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна аналягам братазабойства. У шэрагу эпархій УПЦ (МП) перасталі пры набажэнствах памінаць патрыярха Кірыла.
  • Прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі таксама выступіў у Даравальную нядзелю. «Мы не даруем сотняў і сотняў ахвяр. Тысяч і тысяч пакут. І Бог не даруе. Ні сёньня. Ні заўтра. Ніколі. І замест Даравальнага будзе Судны дзень», — заявіў прэзыдэнт Украіны.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG