Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Францыя арыштавала супэр’яхту кіраўніка «Роснефти» Ігара Сечына


Францускія мытнікі арыштавалі супэр’яхту «Amore Vero», якая, як мяркуюць, належыць кіраўніку «Роснефти» Ігару Сечыну.

Пра гэта паведаміў у Twitter міністар фінансаў Францыі Бруно Лё Мэр. Вадаплаў спрабаваў тэрмінова пакінуць порт Ля-Сьёта на Блакітным беразе, але яго затрымалі.

85-мэтровая яхта раней называлася «St. Princess Olga» (Сьвятая княгіня Вольга), але была перайменаваная пасьля разводу Ігара Сечына з Вольгай Сечынай. Упершыню пра карабель стала вядома ў 2016 годзе, тады яго ацэньвалі ў 100 мільёнаў даляраў.

Затрымалі і арыштавалі супэр’яхту з прычыны ўключэньня Сечына ў санкцыйныя сьпісы ЭЗ пасьля пачатку ўкраінскай вайны. Кіраўнік «Роснефти» ўнесены ў сьпіс, бо, на думку Эўразьвязу, ён асабісты сябра прэзыдэнта Пуціна, «адзін з самых уплывовых чальцоў расейскай палітычнай эліты» і атрымлівае выгаду ад дэстабілізацыі ва Ўкраіне.

У прэс-рэлізе міністра гаворыцца, што яхта была на стаянцы ў Ля-Сьёта да 1 красавіка, але тэрмінова выправілася ў мора пасьля ўключэньня Сечына ў санкцыйны сьпіс.

  • Сечын адмаўляў, што мае дачыненьне да вадаплаву. Ён і яго жонка патрабавалі зьнішчыць наклад «Новой газеты», якая напісала аб яхце. Пазовы пададлі і да іншых расейскіх СМІ, якія расказалі аб расьсьледаваньні «Новой».
  • У сераду, 2 сакавіка стала вядома пра арышт яхты аднаго з найбагацейшых расейцаў, прадпрымальніка Алішэра Ўсманава.
  • У лютым з порту Гамбургу ў Калінінград перайшла 82-мэтровая супэр’яхта «Грэйсфул», якую зьвязваюць з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным. Праз два тыдні пасьля таго, як яхта зайшла ў Калінінградзкую затоку, Уладзімір Пуцін аб’явіў вайну Ўкраіне.

Напад Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG