Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канада ўводзіць санкцыі супраць Пуціна і Лукашэнкі за «варварскі напад» на Ўкраіну


Прэм'ер-міністар Канады Джастын Трудо на прэс-канфэрэнцыі аб сытуацыі ва Ўкраіне і агрэсіі Расеі. Разам зь ім (зьлева направа) міністар абароны Аніта Ананд, віцэ-прэмʼер і міністар фінансаў Хрысьця Фрыланд і кіраўнік МЗС Канады Мэлані Джолі. Атава, 22 лютага 2022
Прэм'ер-міністар Канады Джастын Трудо на прэс-канфэрэнцыі аб сытуацыі ва Ўкраіне і агрэсіі Расеі. Разам зь ім (зьлева направа) міністар абароны Аніта Ананд, віцэ-прэмʼер і міністар фінансаў Хрысьця Фрыланд і кіраўнік МЗС Канады Мэлані Джолі. Атава, 22 лютага 2022

Канада далучаецца да санкцый Эўразьвязу, ЗША і Вялікай Брытаніі за ваенную агрэсію супраць Ўкраіны з боку ўладаў Расеі і Беларусі.

Канада ўводзіць санкцыі ў дачыненьні да прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і кіраўніка МЗС Сяргея Лаўрова за ўварваньне расейскіх войскаў ва Ўкраіну. Аб гэтым на брыфінгу сказаў прэм'ер-міністар Канады Джастын Трудо.

Паводле яго, Лаўроў таксама нясе адказнасьць за сьмерці і разбурэньні ва Ўкраіне.

Канада падтрымлівае рашэньне аб адключэньні Расеі ад сыстэмы міжбанскаўскіх плацяжоў SWIFT. Гэта, як сказаў Трудо, можа ўскладніць Пуціну «фінансаваньне яго жорсткасьці».

«Вайна прэзыдэнта Пуціна супраць Украіны – гэта вайна супраць свабоды, дэмакратыі, і правоў украінцаў і ўсіх людзей, якія вызначылі сваю будучыню», – адзначыў ён.

Прэмʼер Канады дадаў, што санкцыі будуць уведзены супраць Беларусі і яе кіраўніцтва за падтрымку ўварваньня Расеі ва Ўкраіну.

Аб новых санкцыях міністарка фінансаў Канады Хрысьця Фрыланд напісала ў Facebook.

  • «Сёньня мы прымаем дадатковыя захады. Мы накладаем санкцыі на прэзыдэнта Пуціна за ягоны варварскі напад на Ўкраіну.
  • Мы патрабуем неадкладнага выключэньня Расеі зь міжнароднай банкаўскай сыстэмы SWIFT.
  • Мы ўводзім санкцыі супраць беларускіх лідэраў, якія маюць дачыненьне да ўварваньня ў Расею.
  • Мы будзем узгадняць ахвяраваньні з Чырвоным Крыжам, каб падтрымаць украінскі народ.
  • Мы падтрымліваем нашых саюзьнікаў і адважных людзей Украіны ў іх барацьбе за сваю дэмакратыю — і за нашу.
  • Слава Ўкраіне!»

Учора Рада Эўразьвязу ўхваліла санкцыі супраць вінаватых за расейскую агрэсію супраць Украіны. У «чорным сьпісе» разам з кіраўніцтвам Расеі і дэпутатамі Дзярждумы 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў.

Санкцыі прадугледжваюць забарону ўезду на тэрыторыю Эўразьвязу ці транзыту, а таксама замарозку «ўсіх сродкаў і эканамічных рэсурсаў, якія належаць, знаходзяцца ва ўласнасьці або кантралююцца гэтымі асобамі».

У цяперашнім санкцыйным сьпісе, апроч прозьвішчаў Уладзіміра Пуціна, міністра замежных спраў Сяргея Лаўрова, чальцоў Савета нацыянальнай бясьпекі Расеі і дэпутатаў Дзярждумы таксама і 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў, якія «садзейнічалі расейскай ваеннай агрэсіі зь Беларусі».

  • Уладзіслаў Бруеў, начальнік Гомельскай памежнай групы;
  • Алег Эйбатаў, начальнік Мазырскага памежнага атраду;
  • Дзьмітры Віньнікаў, начальнік Пінскага памежнага атраду;
  • Аляксандар Пашкевіч, начальнік штаба вайсковай часткі 65408 (Лунінец);
  • Аляксандр Лазіцкі, камандзір часткі в/ч 65408;
  • Андрэй Лук’яновіч, намесьнік камандуючага Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі проціпаветранай абароны Узброеных сіл;
  • Аляксандр Крывец, камандзір 116-й гвардзейскай штурмавой авіяцыйнай базы (Ліда);
  • Юры Пыжык, камандзір 61-й зьнішчальнай авіяцыйнай базы (Баранавічы);
  • Уладзімер Купрыянюк, начальнік штаба — першы намесьнік камандуючага войскамі Заходняга апэратыўнага камандаваньня;
  • Андрэй Некрашэвіч, начальнік галоўнага ўпраўленьня баявой падрыхтоўкі Узброеных сіл;
  • Віктар Гулевіч, начальнік Генэральнага штаба УС;
  • Аляксандар Вальфовіч, дзяржсакратар Савета бясьпекі;
  • Андрэй Жук, намесьнік міністра абароны;
  • Сяргей Сіманенка, намесьнік міністра абароны па ўзбраеньні;
  • Андрэй Бурдыка, намесьнік міністра абароны па тыле;
  • Мікалай Рагашчук, памочнік Лукашэнкі — інспэктар па Гомельскай вобласьці;
  • Вадзім Дзенісенка, камандуючы войскамі Сілаў спэцыяльных апэрацый Беларусі;
  • Ігар Дземідзенка, камандуючы войскамі Заходняга апэратыўнага камандаваньня;
  • Юры Шулейка, старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму;
  • Іван Крупко, старшыня Гомельскага аблвыканкаму.

ЗША таксама ўвялі санкцыі ў дачыненьні да шэрагу фізычных асобаў, прадпрыемстваў і банкаў Беларусі за падтрымку рэжымам Лукашэнкі расейскай інтэрвэнцыі ва Ўкраіну. У сьпісе 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў, уключна з Аляксандрам Вальфовічам.

Напад Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў.
  • Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка даў інтэрвію расейскай прапагандыстцы Вользе Скабеевай, зь якога вынікала, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 1 жніўня Лукашэнка сказаў, што больш як палова тактычнай ядзернай зброі, якую заплянавана разьмясьціць на беларускай тэрыторыі, ужо «завезена і разгрупавана» па краіне. Ён ня раз заяўляў, што ўжыве ядзерную зброю ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі.
  • У чэрвені 2023 году ўкраінскія войскі пачалі контранаступальныя апэрацыі на ўсходзе і поўдні краіны. Расейскія войскі падрыхтавалі добра ўмацаваныя лініі абароны, таму прасоўваньне контранаступу ішло са значнымі стратамі.
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы правялі некалькі масавых абстрэлаў украінскіх гарадоў, у Дніпры, Кіеве, Харкаве і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстраляў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG