Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: Дзядка перавялі ў калёнію; Ціханоўскі прысьвяціў жонцы санэт


Мікола Дзядок
Мікола Дзядок

У Беларусі па стане на 14 лютага 1050 палітвязьняў.

Дзядка перавялі ў калёнію

Палітзьняволенага журналіста, анархіста і блогера Міколу Дзядка 12 лютага этапавалі з магілёўскай турмы № 4 у папраўчую калёнію № 9, што ў Горках, піша «Новы час». Пра перавод Дзядка ў калёнію стала вядома раней, але не было дакладнай інфармацыі пра месца, куды яго перавялі.

Аляксандар Дзядок, бацька Міколы, расказаў, што напярэдадні этапу ў калёнію ў магілёўскую турму сыну спрабавалі перадаць лекі: Мікола даўно скардзіцца на галаўныя болі. Але не атрымалася. 

Новы адрас Міколы Дзядка: ПК № 9, 213410, г. Горкі, вул. Дабралюбава, 16, Дзядку Мікалаю Аляксандравічу (на лістах пазначайце «карантын»).

10 лістапада 2021 году судзьдзя Анастасія Папко прызнала Мікалая вінаватым па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу:

  • арт. 342 — Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх;
  • арт. 361 — Заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь;
  • арт. 295-3 — Незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да прадметаў, дзеяньне якіх заснавана на выкарыстаньні гаручых рэчываў.

Прысуд: 5 гадоў калёніі.

Дзядок віны не прызнаў і сказаў у апошнім слове: «А ўсім, хто мае дачыненьне да палітычных працэсаў у маёй краіне, я хачу сказаць: „Ня майце ілюзій. Ніякія напісаныя вамі паперкі, ніякі тэрор ня спыніць разьвіцьця і прагрэсу. Мы ўсё роўна пераможам!“».

Ігара Салаўя, асуджанага на 6 гадоў зьняволеньня, этапуюць з бабруйскай калёніі ў магілёўскую турму

26 студзеня 2022 у бабруйскай папраўчай калёніі № 2 адбылося судовае пасяджэньне, у выніку якога пінскаму палітвязьню Ігару Салаўю, на 2 гады зьмянілі ўзмоцнены рэжым у калёніі на строгі турэмны. Прычына — нібыта сыстэматычнае парушэньне дысцыпліны. Судзьдзя вырашыў перавесьці Ігара з бабруйскай папраўчай калёніі ПК № 2 у магілёўскую СТ № 4.

Свабодзе стала вядома, што падчас этапу ў Магілёў, Ігара на тыдзень зьмясьцілі ў менскае СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага. А ў мінулую пятніцу перавялі ў жодзінскую турму.

«Настрою ў Ігара няма. Раней прасядзеў 45 сутак у ШІЗА ў Бабруйску. Чапляліся за ўсякае глупства. То пыл на рашотках, то не супаў сьпіс рэчаў у торбе (з 80 торбаў іншых вязьняў правяралі толькі торбу Ігара). Сказаў, што ягоная віна ў тым, што ён не прызнае ніякай віны», — кажуць родныя палітзьняволенага.

Сябра «Руху за Свабоду» Ігар Салавей — адзін з 26 асуджаных па так званай «пінскай справе». Усіх іх прызналі вінаватымі ва ўдзеле ў масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу) у ноч з 9 на 10 жніўня 2020 году і пакаралі зьняволеньнем ад 4 да 6,5 года.

Сяргей Ціханоўскі павіншаваў жонку з Днём сьвятога Валянціна

Асуджаны на 18 гадоў калёніі судзьдзём Мікалаем Долем блогер да Дня ўсіх закаханых прысьвяціў санэт сваёй жонцы Сьвятлане.

Раней Ціханоўскі ўжо пісаў вершы за кратамі. Новы год палітвязень адзначаў у адзіночнай камэры гомельскага СІЗА, дзе нельга нават упрыгожваць памяшканьне. Пад новы 2022 год блогер здолеў перадаць на волю зварот да беларусаў, папрасіўшы народ змагацца за свае правы і прайсьці «шлях, які мы пачалі, да канца».

Палітзьняволеную Сафію Малашэвіч зьмясьцілі ў ШЫЗА

18 лютага дзяўчына адзначыць 20-годзьдзе. Маці 19-гадовай Сафіі Малашэвіч, якую асудзілі на 2 гады калёніі, страціла зь ёй сувязь амаль на месяц. Сёньня стала вядома, што да зьняволенай змог трапіць адвакат. Паводле зьвестак праваабаронцаў, у штрафным ізалятары Сафію будуць утрымліваць да 17 лютага, а ўжо на наступны дзень, 18 лютага, яна будзе сьвяткаваць дзень народзінаў. Ёй споўніцца 20 гадоў.

«У яе ўсё добра. Прасіла дасылаць паштоўкі тым, хто пажадае павіншаваць яе з днём народзінаў», — перадала маці палітзьняволенай.

Сафію Малашэвіч затрымалі 6 верасьня на акцыі пратэсту «Марш адзінства», падчас якой яна балёнчыкам з фарбай малявала на шчытах амапаўцаў («на паверхні шчытоў спэцыяльных сродкаў загароды»). Ёй прад’явілі абвінавачаньне па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу: ч.1 арт.368, ч.1 арт. 342, ч.1 арт. 339. Суд пакараў яе 2 гадамі калёніі. Пакараньне Сафія адбывае ў гомельскай ПК № 4.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG