Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяброўства ў NATO, вучэньні ў Беларусі, санкцыі супраць Расеі. Пра што гаварыў Зяленскі на прэсавай канфэрэнцыі. ВІДЭА


Уладзімір Зяленскі
Уладзімір Зяленскі

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі правёў прэсавую канфэрэнцыю ў сувязі з усё большай напружанасьцю на ўкраінска-расейскай мяжы.

Па дадзеных NATO і незалежных расьсьледавальнікаў, Расея сьцягнула звыш 130 тысяч вайскоўцаў да мяжы Ўкраіны і вывела ня менш за 20 вайсковых судоў у Чорнае мора. У Крамлі заявілі, што не прымаюць пашырэньня NATO на ўсход і ўключэньня Ўкраіны ў склад Альянсу. У Кіеве баяцца ваеннага ўварваньня на тэрыторыю краіны.

«Настоящее Время» вяло жывую трансьляцыю прэс-канферэнцыі.

Пра прэвэнтыўныя санкцыі, каб прадухіліць агрэсію Расеі

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі лічыць, што ва ўмовах павелічэньня напружанасьці, якую стварае Расея каля межаў Украіны, прэвэнтыўныя санкцыі змаглі б папярэдзіць расейскую агрэсію супраць Украіны.

«Што такое санкцыя пасьля? Ёсьць рэчы, якія можна рабіць прэвэнтыўна. Каму яны (будучыя санкцыі. — РС) адрасаваныя? Навошта яны? Яны датычаць Украіны? Я ня ведаю, што будзе потым. Калі вайна будзе маштабная, то якія санкцыі могуць быць пасьля?» — заявіў Уладзімір Зяленскі 28 студзеня на прэсавай канфэрэнцыі для замежных журналістаў.

Пра сяброўства ў NATO

Украінскі прэзыдэнт таксама лічыць, што заходнія партнэры павінны адкрыта сказаць Ўкраіне пра пэрспэктывы яе сяброўства ў NATO.

«Калі мы гаворым пра NATO, то мусім гаварыць глыбей. Мы на нешта павінны разьлічваць, а па-другое — гэта ўзровень нашай арміі. Мы яе разьвіваем і дакладна разумеем, што калі мы ня ў NATO, то мы абараняем сябе самі. Гэта няшчыра, і я пра гэта кажу. Калі мы ня ў NATO, то скажыце пра гэта адкрыта, што мы там ніколі ня будзем. Навошта нам гаварыць пра будучыню, калі мы маем рызыкі ў сучаснасьці?».​

Пра паніку

Уладзімір Зяленскі таксама заявіў, што дыскусіі пра імавернасьць вайны істотна падрываюць эканоміку Ўкраіны.

«Я пачаў размаўляць зь лідэрамі дзяржаў і тлумачыць ім, што нам патрэбна на сёньня стабілізаваць эканоміку нашай дзяржавы з прычыны ўсіх гэтых сыгналаў, што заўтра вайна. Сыгналы пайшлі нават ад шаноўных лідэраў дзяржаў, яны ўжо адкрыта, нават не дыпляматычнай мовай, кажуць: „Заўтра будзе вайна“. Гэта паніка. Паніка на рынках, паніка ў фінансавым сэктары. Колькі гэта каштуе дзяржаве?».

Пра дапамогу Нямеччыны і «Паўночны паток — 2»

Уладзімір Зяленскі лічыць вельмі важным, каб краіны дапамагалі менавіта тады, калі іхная дапамога патрэбная.

«Я ня зычу Нямеччыне, нямецкаму народу, каб вы адчувалі тое самае, што адчуваем мы. Каб вы калі-небудзь адчулі гэта на межах вашай дзяржавы», — сказаў ён, зьвяртаючыся да журналіста зь Нямеччыны.

Украінскі прэзыдэнт паведаміў, што аднойчы запытаў у колішняга канцлера Ангелы Мэркэль, ці будавала б Нямеччына газаправод «Паўночны паток — 2», калі б расейскія войскі стаялі на мяжы Нямеччыны. Але не сказаў, што яму на гэтае пытаньне адказала Ангела Мэркель.

«Я вам ня зычу такога, як адбываецца ў нас... Але ведайце: калі так будзе, мы дакладна вам дапаможам».

Як вядома, Нямеччына адмовілася дапамагчы Ўкраіне зброяй.

Пра эвакуацыю дыпляматаў

Уладзімір Зяленскі лічыць памылкай рашэньне некалькіх замежных дзяржаў аб эвакуацыі сваіх дыпляматаў з Украіны.

«Гэта вельмі важны сыгнал. Кожны глядзіць, як рэагуе тая ці іншая краіна Эўразьвязу, Брытанія ці ЗША. Я лічу, што супрацоўнікі амбасадаў павінны тут быць. Яны — капітаны дыпляматычных корпусаў, прадстаўнікі паважаных краін. І капітаны мусяць быць апошнімі, хто пакідае карабель. Я ня думаю, што ў нас тут „Тытанік“. Украіна рухаецца наперад», — заявіў украінскі прэзыдэнт.

Пра Байдэна

Уладзімір Зяленскі заявіў, што ня хоча, каб Расея і ЗША дамаўляліся наконт Украіны: «Прэзыдэнт Байдэн запэўніў мяне, што нічога пра Ўкраіну за сьпінай Украіны ня будзе вырашацца. І я веру, што так яно і ёсьць».

У той жа час ён падкрэсьліў, што не крытыкуе амэрыканскага прэзыдэнта, бо ён «нічога не павінен». Але як прэзыдэнт Украіны ён мусіць шукаць розныя фарматы для перамоваў: «Што можа зрабіць прэзыдэнт Байдэн? Я хацеў бы, каб у нас была перамоўная пляцоўка ў фармаце ЗША — Расея — Украіна».

Пра Пуціна і вучэньні ў Беларусі

Уладзімір Зяленскі перакананы, што Расея, калі яна шчыра і праўдзіва заяўляе аб тым, што не плянуе нападаць на Ўкраіну, мусіць зрабіць практычныя крокі для пацьвярджэньня гэтых слоў.

«Навошта такая колькасьць вайскоўцаў? Навошта праводзіць так часта вучэньні? Якія вучэньні? Яны ж кажуць, што ў іх магутная армія? Навошта гэтыя вучэньні менавіта цяпер і на гэтай тэрыторыі? Чаму на гэтых межах? Бо гэта ж рызыка, гэта небясьпечна, можа быць любая правакацыя. Навошта гэта рабіць? Напалохаць, атрымаць задавальненьне ад таго, што нехта баіцца? Мы не баімся».

Украінскі прэзыдэнт перакананы, што пытаньні і праблемы трэба абмяркоўваць і вырашаць дыпляматычным шляхам.

«Нядаўна міністар замежных спраў Расеі заявіў, што калі прэзыдэнт Украіны хоча дамаўляцца, то няхай прыяжджае ў Санкт-Пецярбург, Маскву, Сочы, але сказаў, што мы ня можам абмяркоўваць пытаньне Данбасу, бо яно ўнутранае... Чаму такі пасыл? Навошта запрашаць чалавека ў такім фармаце, каб ён не пагадзіўся? Навошта прапанаваць тое, што ня дасьць ніякага выніку? Як я магу не гаварыць пра Данбас? Увесь сьвет гаворыць, а я не магу? Навошта мяне запрашаць у Сочы? Каб я на лыжах пакатаўся? Гэта сур’ёзныя рэчы. Людзі не разумеюць вартасьць жыцьця».

  • У сувязі з эскаляцыяй напружанасьці на мяжы Расеі і Ўкраіны, куды Расея сьцягвае войскі, ЗША і краіны Эўропы абвясьцілі, што могуць увесьці жорсткія санкцыі, калі расейскія войскі пяройдуць мяжу. Масква адмаўляе падрыхтоўку да ваеннай апэрацыі, а перамяшчэньне войскаў тлумачыць вучэньнямі.
  • У сьнежні 2021 году МЗС Расеі апублікавала «праекты пагадненьняў» з NATO і ЗША аб узаемных гарантыях бясьпекі. У іх Расея патрабуе ад NATO гарантый далейшага непашырэньня вайсковага альянсу на ўсход, у прыватнасьці непрыманьня ў NATO Ўкраіны, Грузіі і іншых краін былога СССР.
  • У канцы студзеня 2022 году пасол ЗША ў Маскве Джон Саліван прывёз у МЗС Расеі пісьмовы адказ ЗША на расейскія патрабаваньні так званых гарантый бясьпекі. Свайго адказу Расея пакуль не дала.
  • З 10 да 20 лютага ў Беларусі пройдуць расейска-беларускія вучэньні пад назвай «Саюзная рашучасьць — 2022». Да пачатку вучэньняў падразьдзяленьні будуць адпрацоўваць перадысьлякацыю і стварэньне груповак войскаў, а таксама ахову важных дзяржаўных аб’ектаў. Памочнік міністра абароны Беларусі Алег Воінаў заявіў, што агульная колькасьць вайскоўцаў ня будзе перавышаць 13 тысяч чалавек. Намесьнік міністра абароны Расеі Аляксандар Фамін казаў, што Расея перакіне ў Беларусь два дывізіёны зэнітна-ракетнага комплексу С-400, дывізіён «Панцыр-С» і 12 зьнішчальнікаў Су-35.
  • Заходнія краіны пачалі аказваць дапамогу Ўкраіне, у тым ліку гэта тычыцца паставак узбраеньня. ЗША заявілі, што гатовыя перакінуць у Эўропу восем з паловай тысяч вайскоўцаў, і працягваюць адпраўляць Украіне вайсковую дапамогу. На мінулым тыдні краіны Балтыі атрымалі ад ЗША дазвол на адпраўку ва Ўкраіну комплексаў Javelin і Stinger. У NATO раней заявілі, што накіроўваюць ва Ўсходнюю Эўропу дадатковыя сілы — караблі і зьнішчальнікі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG