Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінабароны Ўкраіны пра расейскія войскі ў Беларусі: «Гэта хутчэй акупацыйны, чым наступальны кантынгент»

абноўлена

Міністар абароны Ўкраіны Аляксей Рэзьнікаў заявіў аб адсутнасьці з боку Беларусі спробаў атакаваць Украіну мігрантамі.

«Што датычыць расейскіх войскаў, якія прыбываюць на вучэньні ў Беларусь. Складам яны больш падобныя на акупацыйны кантынгент, чым на ўдарную групоўку, і нясуць большую пагрозу Менску, чым Украіне», — заявіў Аляксей Рэзьнікаў 28 студзеня ў часе сваёй справаздачы ў Вярхоўнай радзе Ўкраіны.

Украінскі міністар падкрэсьліў, што з боку Ўкраіны не існуе ніякіх пагроз для Беларусі.

«Гэта нонсэнс. У нас вельмі цёплае стаўленьне да беларускага народу, і любыя сілавыя дзеяньні супраць Беларусі супярэчаць інітарэсам Украіны. Хачу, каб у Менску гэта таксама пачулі».

Аляксей Рэзьнікаў адхіліў усе абвінавачаньні ў тым, што Ўкраіна нібыта рыхтуе «нейкія ўзброеныя правакацыі на Данбасе».

«Мы пасьлядоўна павялічваем нашу абарону, але мы дакладна выконваем абавязаньні і разглядаем сцэнар палітыка-дыпляматычнага ўрэгуляваньня як базавы», — падкрэсьліў ён.

Аляксей Рэзьнікаў паведаміў, што цяпер каля межаў Украіны Расея сканцэнтравала вайсковы кантынгент у колькасьці да 130 тысяч асобаў.

Паводле яго, розьніца ў ацэнцы колькасьці расейскіх сілаў каля межаў Украіны залежыць ад дыямэтру, які ўлічваюць пры разьліках — адны падлічваюць у межах 200 кілямэтраў ад мяжы, іншыя — 400 кілямэтраў. «Мы выкарыстоўваем інфармацыю пра зону да 200 кілямэтраў, таму што яны больш дакладна адлюстроўваюць тэндэнцыю».

Міністар дадаў, што цяпер колькасьць расейскіх войскаў складае 112 тысяч асобаў, а з марскім ды авіяцыйным кампанэнтамі — да 130 тысяч асобаў.

«Летась у красавіку баявы кампанэнт, які сьцягваў расейскі бок, складаў 126 тысяч асобаў. Гэта значыць, колькасьць тады і цяпер сувымерная. Несувымерная рэакцыя. Таксама адзначу, што Расея сьцягнула на 300 танкаў больш, чым мінулай вясной. Але колькасьць супрацьтанкавых сродкаў, якія сёньня маюць нашы вайскоўцы, нашмат большая, чым колькасьць патэнцыйных мішэняў», — сказаў міністар.

Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG