Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін выказаўся наконт ідэі Лукашэнкі перакрыць пастаўкі расейскага газу па пуцеправодзе «Ямал — Эўропа», паведамілі vesti.ru.
«Я, шчыра кажучы, першы раз пра гэта чую. Таму што я двойчы размаўляў з Аляксандрам Рыгоравічам за апошні час. Ён мне ні разу пра гэта не сказаў, нават не намякнуў. Ну, ён можа, напэўна… Хаця, нічога добрага ў гэтым няма. Я, вядома, зь ім паразмаўляю на гэтую тэму. Калі гэта ён проста не ад злосьці гэта сказаў».
Ён правёў паралель з сытуацыяй, калі Ўкраіна перакрывала расейскі транзыт энэрганосьбітаў, не дамовіўшыся з Расеяй пра цэны.
«Тэарэтычна, вядома, Лукашэнка як прэзыдэнт транзытнай краіны можа, напэўна, даць указаньне па перакрыцьці нашых паставак у Эўропу, — дадаў Пуцін. — Хаця гэта будзе парушэньнем нашага транзытнага кантракту. І я спадзяюся, што да гэтага ня дойдзе.
Але зь іншага боку, супраць яго ўвесь час прымяняюць і пагражаюць прымяненьнем новых санкцый…
Але гэта нанесла б вялікія страты энэргетыцы Эўропы, энэргетычнаму сэктару Эўропы, і не спрыяла б разьвіцьцю нашых адносінаў зь Беларусьсю як з транзытнай краінай».
11 лістапада Аляксандар Лукашэнка на нарадзе з урадам прыгразіў перакрыць у выпадку закрыцьця межаў зь Беларусьсю газаправод Ямал — Эўропа, матываваўшы гэта тым, што ня спыніцца ні перад чым дзеля «абароны сувэрэнітэту».
«Мы абаграваем Эўропу, яны нам яшчэ пагражаюць, што закрыюць мяжу. А калі мы перакрыем прыродны газ туды? Таму я б кіраўніцтву Польшчы, літоўцам і іншым безгаловым парэкамэндаваў думаць перш, чым гаварыць», — сказаў Лукашэнка.
«Стратэгічная авіяцыя для рашэньня падобных крызісаў нічога зрабіць ня можа»
Пуцін таксама выказаўся пра просьбу Беларусі патруляваць беларускія межы з выкарыстаньнем стратэгічнай авіяцыі.
Ён сказаў, што «стратэгічная авіяцыя для рашэньня падобных крызісаў нічога зрабіць ня можа».
Зь ягоных слоў можна зрабіць выснову, што пралёты стратэгічнай авіяцыі над Беларусьсю былі зьвязаныя з сумеснымі вучэньнямі Беларусі і Расеі.
10 лістапада над Беларусьсю праляцелі расейскія бамбавікі Ту-22М3, якія могуць несьці ядзерную зброю. І Міністэрства абароны Беларусі заявіла, што такія палёты стануць рэгулярнымі.
«Гэта меры адэкватнага рэагаваньня на абстаноўку, што складаецца як у паветры, так і на зямлі», — адзначыла тады Мінабароны Беларусі.
Лукашэнка сказаў Пуціну, што мігранты едуць у Беларусь, бо ім ня трэба віза. (Гэта ня так)
Пуцін сказаў, што яму Лукашэнка патлумачыў выбар мігрантамі «беларускага маршруту» тым, што ў іх бязьвізавы ўезд у Беларусь.
«Мігранты ішлі ж па іншых каналах. І тое, што яны пайшлі цяпер церазь Беларусь, тут нічога дзіўнага няма, бо ў Беларусі, як мне патлумачыў Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка, бязьвізавы ўезд у краіну з краінаў паходжаньня», — апавёў Пуцін.
(Насамрэч ні Іраку, ні Сырыі, ні Афганістана няма ў сьпісе краінаў, грамадзянам якіх ня трэба віза для ўезду ў Беларусь).
Пуцін таксама выказаў думку, што неўзабаве можа адбыцца размова лідэра Нямеччыны Ангелы Мэркель з Аляксандрам Лукашэнкам
«Я так зразумеў з размоваў і з Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам, і з канцлерам Мэркель, яны гатовыя адзін з адным паразмаўляць», — сказаў Пуцін.