Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр архітэктар Вальмен Аладаў — аўтар Камароўскага рынку, «Раўбічаў», «Цэнтральнага» і «Акіяна»


Вальмен Аладаў
Вальмен Аладаў

Вядомы беларускі архітэктар пайшоў з жыцьця 2 лістапада.

Архітэктар Вальмен Аладаў пражыў 91 год, паведамляюць Менск-навіны.

Ён нарадзіўся ў 1930 годзе ў сям’і беларускага кампазытара, рэктара кансэрваторыі Мікалая Аладава і дырэктара Дзяржаўнай карціннай галерэі БССР Алены Аладавай.

Вальмен Аладаў спачатку працаваў у інстытуце «Белдзяржпраект». Пазьней стварыў і ўзначаліў беларускі дзяржаўны інстытут праектаваньня прадпрыемстваў гандлю і грамадзкага харчаваньня «Белгіпраторг». Спэцыялісты гэтага інстытуту на чале з Аладавым распрацавалі для гарадзкіх сталовых аўтаматызаваныя лініі раздачы страў, якія дазволілі ў некалькі разоў паскорыць абслугоўваньне наведнікаў.

Акрамя таго, вынаходка інстытуту выключала чэргі, а сыстэма безнаяўных разьлікаў спрашчала аплату. Пілётны праект апрабавалі на МАЗе, а потым па такім прынцыпе працавалі 3 тысячы страўняў па ўсім СССР.

Менавіта з падачы Аладава ў 1976-м у Менску збудавалі першы ў БССР унівэрсам — «Фрунзэнскі», ён працаваў на самаабслугоўваньні.

Самыя вядомыя яго працы — Камароўскі рынак, спартовы комплекс «Раўбічы», унівэрсамы «Серабранка», «Цэнтральны», ансамбль жылых дамоў на рагу праспэкта Незалежнасьці і вуліцы Казлова з крамай «Акіян».

Таксама Аладаў праектаваў майстэрню-музэй скульптара Заіра Азгура, клюб-страўню санаторыя «Беларусь» у Місхоры, інтэр’еры, помнікі, малыя формы, экспазыцыі міжнародных і рэспубліканскіх выстаў і іншае.

Менскі дойлід у апошнія гады жыцьця наракаў, што зьнікаюць з мапы многія адметныя будынкі савецкага пэрыяду, а сталіца празьмерна ўшчыльняецца. Яму не было даспадобы будаўніцтва гатэля «Кемпінскі» каля цырку, які ў выніку так і не запрацаваў, ён крытыкаваў новыя гмахі на Нямізе, якія зьмянілі дамінанту раёну. Таксама Аладаў падпісваўся за захаваньне Трактаразаводзкага пасёлку сталіцы і хацеў, каб архітэктары кіраваліся інтарэсамі функцыянаваньня гораду, а не грашыма інвэстараў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG