Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: Дзень нараджэньня Якуба Коласа, год таму — перапахаваньне ў Менску Зьмітрака Бядулі


Якуб Колас
Якуб Колас

Падзеі 3 лістапада ў Беларусі, сьвеце і гісторыі

Дата дня

3 лістапада 1882 году нарадзіўся Якуб Колас (Канстанцін Міцкевіч), паэт, удзельнік нацыянальна-вызвольнага руху пач. ХХ ст.

Я налічыў дзесяць знаёмых, якія ведаюць на памяць ягоную «Новую зямлю».

Коштам мяне гэты сьпіс не папоўніцца, бо я ў свой час вывучыў ня менш геніяльнага, але бліжэйшага маёй гарадзкой душы «Сымона-музыку»:

Ад роднае зямлі, ад гоману бароў,

Ад казак вечароў,

Ад песень дудароў,

Ад сьветлых воблікаў закінутых дзяцей,

Ад шолаху начэй,

Ад тысячы ніцей...

Пад гоман бароў, у сям’і лесьніка Міхала Міцкевіча, што служыў у князёў Радзівілаў, ён і зьявіўся на сьвет. Зьдзейсьніўшы яшчэ ў студэнцкія гады паломніцтва ў тыя наднёманскія мясьціны, я знайшоў у кнігарні томік з «Сымонам» і ўжо праз тыдзень мог дэклямаваць паэму зь любой страфы.

Даводзілася сустракацца з думкаю, што, параўнаўча з бунтоўным Купалам, Колас быў па-мужыцку абачлівейшы і «спакайнейшы». Факты пярэчаць: за ўдзел у нелегальным настаўніцкім зьезьдзе й антыўрадавую дзейнасьць Якуб Колас быў у 1908-м на тры гады ўвязьнены ў менскім астрозе. Якраз тады выйшаў яго першы паэтычны зборнік «Песьні жальбы».

У сьвятле дакумэнтальных сьведчаньняў руйнуецца й міт пра заўсёдную ляяльнасьць Коласа да савецкай улады. На Рыскую дамову 1921 году паміж Польшчай і савецкай Расеяй, якія разарвалі Беларусь, ён адгукнуўся забароненым на дзесяцігодзьдзі вершам «Беларускаму люду»: «Нас падзялілі — хто? Чужаніцы, / Цёмных дарог махляры...»

Дзядзька Якуб сябраваў з «нацдэмам» Юркам Лістападам, працэс якога прагрымеў у сярэдзіне 1920-х.

Колас праходзіў у справе сьведкам і мусіў перажыць ператрус з рэвальвэрам, прыстаўленым яму да скроні. У 1938 годзе ён некалькі гадзінаў — пакуль у доме доўжыўся новы татальны ператрус — стаяў з паднятымі рукамі тварам да сьцяны.

У апошні дзень жыцьця народны паэт пайшоў у ЦК КПБ зь лістом у абарону беларускай мовы. Партыйны сакратар Цімафей Гарбуноў не прыняў Коласа. Той ліст цяпер зрабіўся ці не актуальнейшым: «Установы сталіцы вывелі з абыходку беларускую мову: на ёй не вядзецца перапіска, не гавораць з наведнікамі... Акадэмія навук не карыстаецца беларускай моваю... Студыя „Беларусьфільм“ здымае фільмы на рускай мове. Такім шляхам нацыянальную кінэматаграфію ня створыш...» Апрача таго, Колас напісаў ліст пра жудасны стан беларускіх могілак.

Ёсьць зьвесткі, што з ЦК паэт папрасіў шофэра завезьці яго ў Курапаты, дзе доўга аб нечым маўчаў.

Беларусь разьвітвалася з Коласам тры дні: праз Палац прафсаюзаў плыла несканчоная людзкая рака.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 254-255.

У гэты дзень год таму

  • 79 выкладчыкаў МДЛУ падпісаліся пад адкрытым лістом да рэктара Натальлі Лапцевай з патрабаваньнем аднавіць адлічаных 14 студэнтаў і магістрантку, а таксама вярнуць на працу трох звольненых выкладчыкаў.
  • 3 лістапада ў Маскоўскім судзе пачалі судзіць мэдыкаў, якіх затрымалі падчас акцыі салідарнасьці на праспэкце Дзяржынскага ў Менску.
  • Былы старшыня КДБ Валеры Вакульчык і былы намесьнік міністра ўнутраных спраў Аляксандар Барсукоў звольненыя ў запас.
  • Перапахаваньне на Ўсходніх могілках у Менску праху Зьмітрака Бядулі.

Гэты дзень у гісторыі

1918 — Польшча абвясьціла незалежнасьць ад Расеі.

1928 — Турэччына перайшла з арабскага на лацінскі альфабэт.

1961 — у Менску быў дэмантаваны помнік Ёсіфу Сталіну на цяперашняй Кастрычніцкай плошчы. За два дні да гэтага, паводле рашэньня ХХII зьезду КПСС, у Маскве цела Сталіна вынесьлі з маўзалею.

Помнік Сталіну ў Менску
Помнік Сталіну ў Менску

1970 — марксіст Сальвадор Альендэ стаў прэзыдэнтам Чылі.

1972 — адкрыцьцё ў Менску помніка Якубу Коласу да 90-годзьдзя пісьменьніка.

Помнік Якубу Коласу ў Менску
Помнік Якубу Коласу ў Менску

1992 — Біл Клінтан быў абраны прэзыдэнтам ЗША.

2009 — прэзыдэнт Чэхіі Вацлаў Клаўс падпісаў Лісабонскую дамову аб рэформе Эўразьвязу, пасьля чаго дакумэнт уступіў у сілу.

У гэты дзень нарадзіліся

1801 — Вінчэнца Бэліні, італьянскі кампазытар

1845 — Зыгмунт Глёгэр, археоляг, этнограф і гісторык

1880 — Канстанцін Пушкарэвіч, філёляг, дасьледнік беларускай літаратуры, гісторык і перакладнік

1890 — Глеб Бонч-Асмалоўскі, беларускі антраполяг і археоляг

1893 — Францішак Чарняўскі, беларускі рэлігійны дзеяч. З 1957 году жыў у ЗША, дзе выдаваў беларускі рэлігійны часопіс «Siaŭbit».

1914 — Юліюш Бардах, польскі гісторык дзяржавы і права.

1921 — Янка Юхнавец, пісьменьнік-эмігрант.

Янка Юхнавец
Янка Юхнавец

Калі ў добрыя старыя часы на пачатку 1990-х я рэдагаваў у выдавецтве «Мастацкая літаратура» ягоную кнігу паэзіі «Сны на чужыне» (яна выйшла ў 1993-м у сэрыі «Галасы беларускага замежжа»), адзін мой калега, засунуўшы нос у карэктуру, запытаўся: «Ён што — вар’ят альбо геній?»

Праз два гады я ўручыў кнігу аўтару ў царкве Сьвятой Эўфрасіньні Полацкай у амэрыканскім горадзе Саўт-Рывэры. З царквы, прызнаюся, мы перабраліся ў больш аддаленае ад Бога месца, дзе спадар Юхнавец замовіў сабе куфаль ірляндзкага піва, а мне — пляшку каліфарнійскага віна. Адрозна ад іншых эмігрантаў, у тым ліку і літаратараў, ён не распытваў пра палітычныя падзеі ў Беларусі. Адно што пацікавіўся, ці быў я калі ў Бягомлі, у ваколіцах якога ў вайну карнікі-літоўцы спалілі ягоных бацькоў і пяцярых малых братоў.

Тыя мясьціны зноў і зноў прыходзілі да яго ў снах-вершах (а вось Амэрыка так ніколі і не прысьнілася), дзе ён вёў гутаркі то зь легендарным героем Машэкам, то з Скарынам, то з таямнічым пэрсанажам, якога завуць Лесасекам і які мяркуе, што Гісторыя — гэта крушня, а потым удакладняе, што гэта — памяшканьне, дзе адбываюцца нелягічныя выпадкі.

Я расказаў спадару Янку пра тое, як на бягомальскай аўтастанцыі тамтэйшы хлопец павесіў аднойчы на Дзень Волі бел-чырвона-белы сьцяг і празь пяць хвілінаў апынуўся ў кайданках. Лесасек, відаць, назваў бы гэтую гісторыю банальнай, каб не адна дэталь: хлопец быў глуханямы.

Але наагул усе нашы нешматлікія размовы зь Юхнаўцом былі да краёў напоўненыя шорахам моўкнасьці (мяноўна так — «Шорах моўкнасьці» — называўся ягоны першы выдадзены ў Нью-Ёрку ў сярэдзіне 1950-х паэтычны зборнік), у якой засталася нявыказанай мая думка пра тое, што з часу Максіма Багдановіча, магчыма, ніхто не сумовіўся з космасам на такой блізкай мове, як ён. Хіба што Алесь Разанаў, чыя паэзія гэтаксама, як і ў яго, Юхнаўца, незаўважна перацякае ў філязофію.

У шораху гэтае моўкнасьці расталі так і ня вымаўленыя ўголас радкі, што ўразілі ў рукапісе «Сноў на чужыне», зрабіўшыся іх своеасаблівым эпіграфам:

...я дома зноў, ён

для мяне спакой.

Гляджу з вакна у сад у воддаль поля,

там не відаць дарог шумлівых,

а краскі на аселіцах —

самі сабе,

прыгожая няволя!

Адчуваю: на зямлі бытую

адзінотным...

Гляджу на стол, там ліст —

каму, недапісаны?

Юхнавец падпісваў мне сваіх выдадзеных у 1967-м у Нью-Ёрку «Калюмбаў», выводзіў унізе аўтографу загадкавую (магчыма, падказаную ў гэты момант Лесасекам) дату — 1968, а я чамусьці думаў: «Можа, той недапісаны ліст адрасаваны бягомальскаму хлопцу зь сьцягам?»

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 512-513.

1926 — Валдас Адамкус, прэзыдэнт Літвы (1998–2003 і 2004–2009)

Валдас Адамкус
Валдас Адамкус

У памяці

1937 — Максім Бурсевіч, дзеяч «Грамады» (расстраляны НКВД)

1937 — Павал Валошын, дзеяч «Грамады» і КПЗБ, дэпутат Сойму міжваеннай Польскай Рэспублікі (расстраляны НКВД)

1941 — Зьмітрок Бядуля, беларускі паэт, пісьменьнік і публіцыст

1954 — Анры Матыс, францускі мастак і скульптар

Анры Матыс
Анры Матыс

1981 — Андрэй Грабаў, паэт, аўтар непадцэнзурных тэкстаў, удзельнік нацыянальна-культурніцкага руху 1970-х, перасьледаваны спэцслужбамі.

Хто ведае, можа, ён стаў бы другім Максімам Багдановічам?..

Народжаны на Ўрале хлопчык, аднаклясьнік маёй сястры, які ў пятнаццаць гадоў пісаў:

Рушу па Беларусі...

У небе маланка палае.

Пад прыгнётам усходнім стогне наша зямля.

Песьні жальбы лунаюць ад краю да краю...

Андрэй Грабаў быў самым юным і невераемна таленавітым аўтарам самвыдавецкага літаратурнага альманаху «Блакітны ліхтар», які ў 1971–1974 гадах выпускаў у Наваполацку Вінцэсь Мудроў зь сябрамі-аднадумцамі.

Усе пятнаццаць яго нумароў былі сканфіскаваныя гэбістамі ды так і не вярнуліся з архіваў «канторы» нават у першыя гады незалежнасьці.

Адной канфіскацыяй, вядома, не абышлося. Былі й гэтак званыя «прафіляктычныя гутаркі», пагрозы i запалохваньні.

Жыцьцё аўтараў «Блакітнага ліхтара» склалася па-рознаму, а ў Андрэя — зусім рана завяршылася трагедыяй.

Ён быў таленавітым у многім — у сяброўстве, у спорце, дзе займаўся воднымі лыжамі, у любові да старэйшай сястры Наташы, якой зь першай стыпэндыі на ўсе грошы купіў у падарунак яшчэ вельмі рэдкую ў той час рэч — фэн.

Ён ледзь пасьпеў скончыць Наваполацкі політэхнічны інстытут і адразу быў забраны на службу ў савецкае войска.

Там Грабавым, як беларускім нацыяналістам, раз-пораз цікавіліся «асабісты», якія настойліва раілі яму, «истинно русскому парню», трымацца ад колішніх старэйшых таварышаў з «Блакітнага ліхтара» як мага далей.

У лістападзе 1981-га, за два дні да ягонага дваццаціпяцігодзьдзя, Андрэя Грабава, што суправаджаў вайсковы груз з Мурманску ў Кіеў, знайшлі ў эшалёне, расстралянага разам зь некалькімі суслужбоўцамі з аўтамата.

У такіх выпадках цяжка казаць пра творчую спадчыну. Калі-небудзь юначыя вершы Грабава вырвуцца з спэцсховішчаў КГБ. Магчыма, сваякі пагодзяцца надрукаваць лірыку з Андрэевага нататніка, цалкам прысьвечанага дзяўчыне Раісе — ягонаму адзінаму і непадзеленаму каханьню.

«Ён быў прыкольны хлопец», — сказала ў дзень 50-годзьдзя ўлюбёнага брата сястра Наташа, якая дагэтуль лічыць Андрэйку найраднейшым для яе чалавекам на сьвеце.

А я ў той дзень яшчэ раз згадаў ягоныя напісаныя на пачатку далёкіх і зусім не аптымістычных 1970-х жыцьцесьцьвярджальныя радкі:

Але хутка — ходзяць чуткі —

Паўстане моладзі атрад!

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 336-337.

1983 — Антон Мартас, арцыбіскуп, гісторык праваслаўнай царквы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG