Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: гадавіна «Чорнай ночы», год таму — Іван Кубракоў прызначаны кіраўніком МУС


Ноч расстраляных паэтаў у Курапатах, 29 кастрычніка 2020
Ноч расстраляных паэтаў у Курапатах, 29 кастрычніка 2020

Падзеі 29 кастрычніка ў Беларусі, сьвеце, гісторыі

Дата дня

За ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году супрацоўнікі НКВД расстралялі больш за 100 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі: літаратараў, навукоўцаў, дзяржаўных дзеячоў.

У гэты дзень год таму

  • Новы міністар унутраных спраў — Іван Кубракоў. Да таго ён быў начальнікам ГУУС Менгарвыканкаму.
  • Закрыліся межы з Польшчай, Літвой і Ўкраінай.
  • Каля будынку Беларускага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту студэнты пратэставалі супраць звальненьня выкладчыкаў і адлічэньня студэнтаў.

Гэты дзень у гісторыі

1989 — на Дзяды адбылося шэсьце ў Курапаты, мітынг-рэквіем і ўсталяваньне Крыжа Пакуты, які быў асьвячоны прадстаўнікамі чатырох хрысьціянскіх цэркваў. З таго моманту пачалася народная мэмарыялізацыя Курапатаў.

1992 — Вярхоўны Савет адхіліў ініцыятыву БНФ аб правядзеньні рэфэрэндуму аб датэрміновых парлямэнцкіх выбараў паводле новага дэмакратычнага закону. За рэфрэндум выказаліся больш як 384 000 грамадзянаў Беларусі (пры патрэбных 350 тысячах).

У гэты дзень нарадзіліся

1451 — Хрыстафор Калюмб, славуты мараход, які кіраваў гішпанскай экспэдыцыяй у Індыю, у выніку якой была адкрытая Амэрыка.

Хрыстафор Калюмб
Хрыстафор Калюмб

1938 — Янка Саламевіч, беларускі літаратуразнаўца, фальклярыст, бібліёграф, перакладчык.

У памяці

1861 — Павал Шпілеўскі, беларускі этнограф, пісьменьнік, публіцыст і тэатральны крытык.

1937 — Алесь Дудар (ад нараджэньня Дайлідовіч), паэт, ахвяра сталінскіх рэпрэсіяў.

Алесь Дудар
Алесь Дудар

У 1928 годзе па студэнцкіх аўдыторыях і менскіх інтэлігенцкіх кватэрах хадзіў і перапісваўся ў сотнях асобнікаў верш, які ня мог пакінуць абыякавым ніводную беларускую душу:

Пасеклі край наш папалам,

Каб панскай вытаргаваць ласкі.

Вось гэта — вам, а гэта — нам,

Няма сумленьня ў душах рабскіх...

Шмат для каго імя аўтара не было таямніцаю: паэт, адзін зь лідэраў «Маладняку» Алесь Дудар, ён жа — літаратурны крытык Тодар Глыбоцкі. Таямніцу станавіла іншае: як у адной асобе суіснавалі творца арыгінальных вострых вершаў і аўтар да апошн яе кропкі пра ві льных артыкульчыкаў, дзе ўжо ад назваў цягнула на ваніты: «На ідэалягічным фронце», «Дэпэшы бяз адрасу» (рэцэнзі я на к ніг у Ўладзімера Дубоўкі «Наля»), «Літаратурныя сэктанты»...

Калі другая іпастась служыла прыкрыцьцём для першай, гэта не дапамагло: у тым самым 1929-м паэта Дудара (а разам зь ім і крытыка Глыбоцкага, хоць апошняга ўлады былі б, відаць, ня супраць пакінуць на волі) арыштавалі й на тры гады выслалі ў Смаленск, які нацыянал-камуністы ўжо не пасьпелі далучыць да БССР у выніку плянаванага трэцяга ўзбуйненьня рэспублікі. Дудару прыпомнілі й удзел у тэатральнай трупе Ўладзiслава Галубка, і дэманстрацыйны сыход з БДУ на знак пратэсту супраць наскокаў там на беларускіх пісьменьнікаў. Не забыліся й на ягоны ўдзел у «тэатральнай дыскусіі», дзе ён пратэставаў супраць «чысткі» рэпэртуараў, адкуль выкрэсьліваліся беларускія п’есы.

У 1930-м яго зноў арыштавалі й прывезьлі ў Менск на допыты ў справе Саюзу вызваленьня Беларусі. Невядома, чаго ад паэта дамагаліся, але ён пад канвоем паехаў назад у высылку. Пераканаўча, шматфарбна і запамінальна ўзноўленая атмасфэра тых гадоў у рамане Ганны Севярынец «Гасьцініца Бэльгія».

Трэці арышт у 1936-м — Дудар якраз пераклаў на беларускую мову і здаў у выдавецтва пушкінскі раман у вершах «Яўгені Анегін» — стаўся апошнім. Пасьля году допытаў і катаваньняў яго расстралялі. Гэта здарылася ў тую кастрычніцкую ноч 1937-га, калі ў Менску абарваліся жыцьці дваццаці двух пісьменьнікаў.

Ягоны верш «Пасеклі край наш папалам» гучыць надзіва сучасна і сёньня:

О, ганьба, ганьба! Ў нашы дні

Такі разлом, туга такая!

І баюць байкі баюны

Северо-Западного края...

Плююць на сонца і на дзень.

О, дух наш вольны, дзе ты, дзе ты?

Ім мураўёўскі б гальштук ўзьдзець,

Нашчадкам мураўёўскім гэтым...

Літаратуразнаўцы мяркуюць, што найлепшыя творы Дудара згарэлі ў вогнішчы з кніг і рукапісаў, раскладзеным 1 жніўня 1937-га ў двары НКВД.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 160-161.

1937 — Міхась Зарэцкі (ад нараджэньня Касянкоў), пісьменьнік, ахвяра сталінскіх рэпрэсіяў.

Міхась Зарэцкі
Міхась Зарэцкі

Няма на сьвеце іншай культуры, што панесла б у ХХ стагодзьдзі такія, ледзь не фатальныя страты, як наша. У трыццатыя гады мінулага стагодзьдзя нацыянальная інтэлігенцыя была амаль цалкам фізычна зьнішчаная або духоўна зламаная.

У календарах — толькі дні, але ў нашым, беларускім, ёсьць і ноч. Ноч расстраляных паэтаў, калі ня стала дваццаці двух літаратараў. Сярод самых таленавітых быў трыццаціпяцігадовы Міхась Зарэцкі.

Ён зь ліку тых, хто, здаецца, шчыра паверыў у абяцанае бальшавікамі пераўтварэньне сьвету на справядлівых пачатках. Сябар літаратурна-мастацкага аб’яднаньня «Маладняк», а потым — «Полымя», Зарэцкі зрабіўся адным з найбольш яскравых прадстаўнікоў рамантычнага кірунку ў беларускай прозе тых гадоў, якога ці не найбольш цікавіў стан душы чалавека на пераломе эпохаў.

У 1927-м Зарэцкі зьдзейсьніў колькімесяцавае падарожжа за мяжу — у Латвію, Чэхаславаччыну, Нямеччыну й Францыю, што не магло не паўплываць на сьветапогляд пісьменьніка.

Відаць, зусім не выпадкова неўзабаве па вяртаньні ён робіцца адным з ініцыятараў дыскусіі ў друку аб шляхах разьвіцьця беларускага тэатру, выступаючы супраць камэрцыялізацыі мастацтва й абыякавасьці да нацыянальнага рэпэртуару.

Тадысама зьявіўся ягоны нарыс «Падарожжа на новую зямлю», дзе Зарэцкі выступіў як апалягет змаганьня з нацыянальным нігілізмам. У адказ пісьменьніка «вычысьцілі» з партыі «за праяўленьне нацыянал-дэмакратызму».

Напісаньне ў 1929-м гістарычнай драмы «Рагнеда» і зьмешчаны ў «Полымі» пачатак раману «Крывічы» (публікацыя ня мела працягу) наўрад ці сьведчылі пра тое, што аўтар стаў на шлях выпраўленьня.

У 1932-м друкуецца раман «Вязьмо», які на рэспубліканскім літаратурным конкурсе атрымаў прэмію як адзін з найлепшых твораў на тэму калектывізацыі.

Аднак гэты факт найперш кажа не пра зьмену поглядаў Зарэцкага, а пра настроі сябраў журы, якія адзначылі твор, дзе разбурэньне традыцыйнага ладу жыцьця праз калгасы паказвалася як трагедыя беларускае вёскі.

Як ён і дваццаць адзін ягоны калега трымаліся ў сваю апошнюю ноч, у астатнія хвіліны? Як яны разьвітваліся паміж сабой, якія словы выгуквалі ці шапталі, разьвітваючыся з жыцьцём і Беларусьсю?

Спрабую ўявіць, і на памяць прыходзяць імёны нашых бясьсьледна зьнiклых сучасьнікаў: палiтыка Віктара Ганчара, бiзнэсоўца Анатоля Красоўскага, генэрала Юрыя Захаранкі, журналiста Зьмітра Завадзкага.

Усьлед за Міхасём зьніклі або загінулі й рукапісы многіх яго твораў. Прынамсі, дагэтуль ня знойдзеныя ні драма «Рагнеда», ні раман «Крывічы». Ёсьць зьвесткі, што ў вайну поўны варыянт раману аднавяскоўцы пісьменьніка пусьцілі на самакруткі.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с.162-163.

1937 — Мойшэ Кульбак, габрэйскі пісьменьнік, ахвяра сталінскіх рэпрэсіяў.

Мойшэ Кульбак
Мойшэ Кульбак

Беларусь, чыё габрэйскае насельніцтва на пачатку ХХ стагодзьдзя складала больш за мільён чалавек, або да 15 адсоткаў агульнай колькасьці жыхароў, дало культуры гэтага народу і культуры сусьветнай цэлае сузор’е выбітных асобаў. Віцебск і мястэчка Сьмілавічы пад Менскам — месцы нараджэньня мастакоў Марка Шагала і Хаіма Суціна. У Капылі прыйшоў на сьвет клясык габрэйскай літаратуры Мэндэле Мойхер-Сфорым. Беларускім клясыкам стаў Зьмітрок Бядуля (Самуіл Плаўнік).

Сьпіс можна доўжыць і доўжыць. У савецкай Беларусі габрэйская мова (ідыш) у 1924 годзе — разам зь беларускай, польскай і расейскай — стала адной з чатырох дзяржаўных. У рэспубліцы дзейнічалі габрэйскія школы, тэатар, на ідышы выходзілі газэты і часопісы. Выглядае, што якраз такая культурная сытуацыя сталася галоўнай прычынаю пераезду Кульбака ў 1928-м зь Вільні ў Менск.

На той момант ён ужо быў ня проста папулярны пісьменьнік, які пісаў на ідышы (першы ж надрукаваны верш Мойшэ «Штэрндл» («Зорачка») зрабіўся народнай песьняй), але і старшынём Усясьветнага габрэйскага ПЭНклюбу. Творы Кульбака вылучаліся пошукам новых формаў, выразным уплывам заходнеэўрапейскай літаратуры і філязофіі, а ўадначас іх афарбоўвалі габрэйскі містыцызм і непаўторны фальклёр. (Перачытайце ягоную выдадзеную да 120-годзьдзя кнігу вершаў «Eybik» («Вечна»).)

Кульбак працаваў у габрэйскім сэктары Акадэміі навук, у часопісе «Штэрн» шмат перакладаў зь беларускай. Блізкае знаёмства зьвязвала яго зь Янкам Купалам, Якубам Коласам і Кузьмой Чорным. Іх часта бачылі разам на канапе ў Доме пісьменьніка. Мойшэ быў дасьціпным апавядальнікам зь нязводнай «сьмяшынкай-залацінкай». З Чорным ён размаўляў на ідышы, які той ведаў ад жонкі.

У Менску Мойшэ стварыў адзін з найлепшых сваіх твораў — раман «Зэльманцы», сапраўдную Атлянтыду габрэйскага жыцьця, паказанага праз гісторыю старасьвецкага менскага двара на Ляхаўцы, дзесьці каля цяперашняй фабрыкі «Камунарка». (Там было б добрае месца для помніка Кульбаку.) У наш час пераклад «Зэльманцаў», зроблены Віталём Вольскім, перавыдадзены ў сэрыі «Мая беларуская кніга». Па-беларуску дзякуючы Сяргею Шупу прагучаў і знакаміты, напісаны яшчэ ў Вільні раман «Панядзелак» — «мэлянхалічны, вар’яцкі, тонкі, іранічны» (Альгерд Бахарэвіч), а затым і раман-містэрыя «Мэсія з роду Эфраіма».

А ў нетрах НКВД чакала свайго часу складзеная ў 1934-м даведка: «Прибыл нелегально из Польши, где состоял заместителем председателя национал-фашистской еврейской организации»...

У 1937-м імя Кульбака занесьлі ў расстрэльны сьпіс, які сталінскія каты «полностью закрыли, приведя приговор в исполнение», у страшную ноч 29 кастрычніка. У сьпісе быў і паэт Ізі Харык, што таксама пісаў на ідышы. Можа, на адвітаньне з гэтым сьветам Мойшэ й Ізі засьпявалі разам «Зорачку»?

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с.164-165.

1937 — Валеры Маракоў, паэт, ахвяра сталінскіх рэпрэсіяў.

Валеры Маракоў
Валеры Маракоў

«Валеры Маракоў быў адным з самых таленавітых паэтаў 1920–1930-х гадоў. Моладзь любіла ягоную паэзію. Дзіўна, але яе чамусьці вабілі той пэсымізм, разгубленасьць. Мабыць, настрой паэзіі Маракова адпавядаў настроям чытачоў? Гэта была паэзія каханьня, надзей і расчараваньняў, адыходу ў сьвет хараства і чалавечнасьці». Цытаваная характарыстыка належыць пяру сучаснага літаратуразнаўцы зь Нью-Ёрку Лявона Юрэвіча.

Ня менш высока творчасьць Маракова ацэньвалі ягоныя прыяцелі й калегі. Паэт Станіслаў Шушкевіч апавядаў, як цешыўся першымі паэтычнымі крокамі Маракова Янка Купала. Сяргей Грахоўскі прыгадваў, што дэбютны зборнік Валерыя «Пялёсткі» перапісваўся ў патаемныя дзявочыя сшыткі. Пасьля аднаго з паэтычных выступаў ён ня змог падняць усіх падораных прыхільніцамі кветак.

Але ў друку ўсё часьцей гучалі іншыя водгукі й ацэнкі — «безнадзейны пэсымізм», «блуканьне ў нетрах упадніцтва», «стаяньне ўбаку ад сацыялістычнага будаўніцтва». Заставаўся адзін крок да палітычных абвінавачаньняў. Ад іх паэт спрабаваў схавацца ў асяродзьдзі тагачаснай менскай літаратурнай багемы, якая стварыла славуты ТАВІЗ, або «Таварыства аматараў выпіць і закусіць». Валеры намагаўся рыфмаваць нешта патрэбнае ўладзе пра камісараў, Асінбуд і запалкавую фабрыку, але празь дзяжурныя радкі прабівалася прадчуваньне блізкай трагедыі — і агульнанацыянальнай, і асабістай: «Шчасьлівы я, што тут жыву. / Й за гэты край вясной вялікай, / Быць можа, зьнімуць галаву, / Праколюць цела вострай пікай...»

У 1935-м Маракова за верш «Песьня перамог» выключаюць з Саюзу пісьменьнікаў. Тадысама адбываецца першы арышт — за ўдзел у «контрарэвалюцыйнай нацдэмаўскай арганізацыі». НКВД прыяжджае й па ягонага бацьку Дзьмітрыя, царкоўнага старасту. Самога паэта зноў арыштоўваюць.

Пасьля году катаваньняў яго разам зь яшчэ дваццаць адным літаратарам расстралялі ў менскай турме НКВД. Разгляд кожнай справы займаў роўна пятнаццаць хвілінаў. У прыгарадным лесе, які пазьней стаў паркам Чалюскінцаў, у Лошыцы ці ў Курапатах, зьявілася новая безыменная братняя магіла. Маці да 1939-га насіла ў турму перадачы, і іх — прымалі! Частаваліся тымі налісьнікамі.

Бацьку паэта пасьля вяртаньня з ГУЛАГу гэбісты бясконца — нават у восемдзесят гадоў — цягалі на допыты. Трагічны лёс выпаў і малодшым братам Валерыя — Леаніду й Уладзімеру, якія гэтаксама сьвядома служылі Беларусі. Першага ў вайну застрэлілі баевікі Арміі Краёвай, другі ў 1950-я вярнуўся з савецкага канцлягеру псыхічна хворы.

У Беларусі добра ведаюць пляменьніка паэта — пісьменьніка Леаніда Маракова, які зьдзейсьніў сапраўдны подзьвіг, выдаўшы шматтомавы энцыкляпэдычны даведнік, прысьвечаны рэпрэсіям у Беларусі за два апошнія стагодзьдзі.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с.166-167.

2006 — Мікола Канаш, вязень ГУЛАГу, удзельнік нацыянальнадэмакратычнага руху 1980-х — пач. ХХІ ст.

Увесну 1983-га мы зь сябрам Вінцэсем Мудровым ехалі на пахаваньне Ларысы Геніюш. У вагоне дызэлю з Баранавічаў на Ваўкавыск, відавочна зрэагаваўшы на беларускую мову, да нас пачаў прыглядацца высокі станісты мужчына. Мы насьцярожыліся й замоўклі. Але ў Зэльве падазроны пасажыр выйшаў сьледам, і мы, убачыўшы ягоную выпраўку, ужо амаль не сумняваліся, з кім маем справу.

Як жа прыемна было памыліцца, калі даведаліся, што наш нежаданы спадарожнік — сулягернік спадарыні Ларысы, якому яе вершы дапамаглі вытрымаць тыя нечалавечыя ўмовы. Іх, вершы, перапісаныя драбнюткімі радкамі і на папяроснай паперы, перадавалі з жаночай зоны ў мужчынскую, выкарыстоўваючы самыя розныя вынаходкі. Адной з найбольш надзейных схованак быў кавалак вугалю з сакрэтам.

Свае 25 гадоў Мікола Канаш мусіў адбываць за тое, што вучыўся пры немцах у Пастаўскай настаўніцкай сэмінарыі й уступіў там у Саюз беларускай моладзі. Яго арыштавалі падчас службы ў войску: выпісалі камандзіроўку й пазнаёмілі зь яшчэ адным «камандзіраваным». Мікола ўсё зразумеў, калі пайшоў у цягніку ў прыбіральню, а той, другі, адразу рвануўся за ім.

Канцлягер у Інце толькі загартаваў яго беларускі патрыятызм. Аднойчы, ужо праз шмат гадоў пасьля вызваленьня, Канашу за «выдатную працу» ў шахтах прапанавалі ключы ад кватэры й пуцёўку ў Карлавы Вары. Але трэба было выканаць адну «фармальнасьць»: пакаяцца ў мясцовай газэце за грахі маладосьці. Новай кватэры, як і чэскага курорту, Мікола Імполевіч так і не пабачыў.

Там, у Комі АССР, адкуль і на «волі» не дазвалялі вярнуцца на Бацькаўшчыну, ён сустрэў сваё шчасьце — украінку Соф’ю, таксама асуджаную на 25 гадоў за нацыяналізм, у прыватнасьці за тое, што падняла зь зямлі ліст, кінуты на дол адным з палонных байцоў Украінскай паўстанцкай арміі, калёну якіх гналі па вуліцы. Міколу і Соф’ю таемна павянчаў украінскі вуніяцкі сьвятар, былы зьняволены.

Усё жыцьцё яны, не дамаўляючыся, гаварылі ў сям’і кожны на сваёй роднай мове.

Я пераканаўся ў гэтым, гасьцюючы ў Канашаў у іхняй каапэратыўнай кватэрцы ў Жлобіне, куды ім удалося пераехаць з Поўначы адно ў 1970-я. Жытло месьцілася на першым паверсе шматпавярховіку, і, калі на стале скончыліся салёныя гуркі, гаспадар зьлёгку пасунуў ходнічак, падчапіў шахтарскім мезенцам уштукаванае ў масьнічыну непрыкметнае колца, і маім вачам адкрыўся ўваход у глыбачэзнае сутарэньне, дзе можна было б схаваць цэлы ўзвод.

У дзевяностыя гады мінулага стагодзьдзя дзядзька Мікола не ўступаў ні ў якія арганізацыі, але ў Жлобіне сваім лічылі яго і тэбээмаўцы, і фронтаўцы. Для моладзі ён напраўду быў жывой легендай.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с.572-573.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG