Лінкі ўнівэрсальнага доступу

481 дзень за кратамі без суду. Каго зь вядомых палітвязьняў яшчэ не асудзілі, і што вядома пра іх справы


Яўген Юшкевіч, Ігар Аліневіч, Эдуард Бабарыка, Эдуард Пальчыс, Мікола Аўтуховіч, Анджэй Пачобут, Анжаліка Борыс, Дзяніс Івашын
Яўген Юшкевіч, Ігар Аліневіч, Эдуард Бабарыка, Эдуард Пальчыс, Мікола Аўтуховіч, Анджэй Пачобут, Анжаліка Борыс, Дзяніс Івашын

У Гомельскім СІЗА-3 чацьвёрты месяц працягваецца суд у справе Сяргея Ціханоўскага, Міколы Статкевіча, Ігара Лосіка і іншых палітвязьняў. Віктар Бабарыка ўжо пачаў адбываць пакараньне ў Наваполацкай калёніі, Марыя Калесьнікава і Максім Знак чакаюць этапаваньня. Свабода нагадвае пра тых вядомых палітвязьняў, якіх яшчэ нават не пачалі судзіць.

Блогер Эдуард Пальчыс — 380 дзён за кратамі

Эдуард Пальчыс
Эдуард Пальчыс

Эдуарда затрымалі больш чым празь месяц пасьля дня выбараў — 27 верасьня 2020 году. Неўзабаве яму выставілі абвінавачаньні паводле часткі 1 артыкулу 293 КК Беларусі (Арганізацыя масавых беспарадкаў). Спачатку Эдуард адбываў прысуджаныя яму завочна «суткі» на Акрэсьціна, пазьней яго перавялі ў СІЗА-1 на Валадарскага ў Менску. 16 сьнежня ў яго нарадзілася дачка, якую палітвязень яшчэ ня бачыў.

10 кастрычніка стала вядома, што блогера абвінавачваюць адразу па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэксу. Пра гэта паведамілі праваабаронцы зь «Вясны». Эдуарду Пальчысу ўжо выставілі канчатковыя абвінавачаньні. Акрамя арганізацыі масавых беспарадкаў, гэта могуць быць таксама «арганізацыя дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак», «распальваньне сацыяльнай варожасьці» і «заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь». Даты пачатку судовага працэсу ў справе палітвязьня пакуль няма, аднак праваабаронцы гавораць, што працэс у справе Эдуарда можа пачацца неўзабаве.

Сьледчы Яўген Юшкевіч — 176 дзён за кратамі

Яўген Юшкевіч
Яўген Юшкевіч

Упершыню былога сьледчага СК і андроід-распрацоўніка Яўгена Юшкевіча затрымалі 24 лістапада 2020 году. Тады яго абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх. Праз паўтара месяца Юшкевіча выпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе.

Другі раз былога сьледчага затрымалі 19 красавіка 2021 году. Яго зьмясьцілі ў СІЗА КДБ. Адвакатка Юшкевіча, Марыя Колесава-Гудзіліна, не магла трапіць да свайго падабароннага некалькіх дзен. Юшкевіч знаходзіцца пад вартай дагэтуль, пра ягоную справу вядома толькі тое, што яе завялі за нібыта акт тэрарызму.

На пачатку кастрычніка Яўгена Юшкевіча пад вартай прывозілі на суд над яго былым калегам Ягорам Вяршыніным, таксама былым супрацоўнікам Сьледчага камітэту. Вяршыніна судзілі за ўдзел у акцыях пратэсту летам і восеньню 2020 году. Па вэрсіі сьледзтва, Юшкевіч удзельнічаў у іх разам са сваім былым калегам, зь якім падтрымліваў сяброўскія адносіны.

Ніякай інфармацыі ў справе самога Яўгена Юшкевіча няма. Яго абаронца Марыя Колесава-Гудзіліна ў размове са Свабодай паведаміла, што мае доступ да свайго падабароннага. Аднак аб пэрспэктывах завяршэньня расьсьледаваньня ў ягонай справе, а таксама магчымым пачатку судовага працэсу сказаць пакуль нічога ня можа. Як і абаронцы іншых палітвязьняў, яна знаходзіцца пад падпіскай аб невыдаваньні і ня можа раскрываць дэталяў абвінавачаньня.

Кіраўнік выбарчага штабу Віктара Бабарыкі Эдуард Бабарыка — 481 дзень за картамі

Эдуард Бабарыка, 11 чэрвеня 2020 году
Эдуард Бабарыка, 11 чэрвеня 2020 году

Эдуарда Бабарыку затрымалі разам з бацькам Віктарам раніцай 18 чэрвеня 2020 году. Гэтае затрыманьне стала другім гучным пасьля арышту Сяргея Ціханоўскага ў Горадні 29 траўня. Эдуарда абвінавацілі паводле таго ж артыкулу, што і бацьку (ухіленьне ад падаткаў у асабліва буйным памеры). Аднак судовы працэс у яго справе не пачаўся дагэтуль, хоць Бабарыку-старэйшага ўжо ня толькі асудзілі, але і накіравалі ў наваполацкую калёнію. Эдуард Бабарыка знаходзіцца пад вартай у СІЗА КДБ. Як расказала Свабодзе сяброўка Эдуарда Аляксандра, пра завяршэньне сьледзтва ў ягонай справе і перадачу яе матэрыялаў у суд на гэты момант нічога невядома.

Журналіст Дзяніс Івашын — 214 дзён пад вартай

Дзяніс Івашын і гарадзенская турма, каляж
Дзяніс Івашын і гарадзенская турма, каляж

Горадзенскага журналіста Дзяніса Івашына затрымалі 12 сакавіка 2021 году ў Горадні, пасьля чаго зьмясьцілі ў абласную турму № 1. Неўзабаве яго абвінавацілі паводле артыкулу 365 КК (умяшаньне ў дзейнасьць супрацоўніка ўнутраных спраў). У адным са сваіх артыкулаў Івашын выкарыстаў апублікаваныя на афіцыйным сайце горадзенскай міліцыі зьвесткі, што стала падставай для затрыманьня.

Родныя Дзяніса неаднаразова адзначалі праблемы зь ліставаньнем з ім. На пачатку кастрычніка стала вядома, што Івашына чарговы раз зьмясьцілі ў карцар, пасьля якога ён будзе вымушаны адбыць 5-дзённы карантын. Прычыны такога абыходжаньня родным Івашына невядомыя (// Навіны палітвязьняў: Дзяніса Івашына кінулі ў карцар, а затым пасадзяць на карантын //). Па словах жонкі Івашына Вольгі, умовы ўтрыманьня зьняволеных у горадзенскай турме непрымальныя.

«Як мы днямі даведаліся, дубар цяпер усталяваўся ва ўсёй горадзенскай вязьніцы, — напісала Вольга Івашына ў сваім фэйсбуку 9 кастрычніка. — Найбольш верагоднай прычынай зьяўляецца адсутнасьць ацяпленьня. Чаму яго дагэтуль не ўключылі, пакуль застаецца таямніцай, але па тлумачэньне мы абавязкова зьвернемся. Адно, што гэты прыкры факт пацьвярджае, што ня толькі на здароўе вязьняў адміністрацыі турмы напляваць; не шкада нават уласных супрацоўнікаў і працаўнікоў мэдсанчасткі, адзін з дактароў якой, дарэчы, цяпер акурат хварэе».

Актывісты Саюзу палякаў Беларусі Анжаліка Борыс і Анджэй Пачобут — 203 і 201 дзень за кратамі

Анджэй Пачобут і Анжаліка Борыс, архіўнае фота
Анджэй Пачобут і Анжаліка Борыс, архіўнае фота

Абаіх актывістаў Саюзу палякаў у Беларусі затрымалі ў канцы сакавіка 2021 году і абвінавацілі ў распальваньні варожасьці. Разам зь імі затрымалі таксама польскіх актывістак Ірэну Бярнацкую, Марыну Цішкоўскую і Ганну Панішаву, але іх вызвалілі і адвезьлі на польскую мяжу на пачатку чэрвеня. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, такі ж варыянт прапаноўвалі і Пачобуту з Борыс, аднак яны адмовіліся пакідаць Беларусь.

У канцы лета ад родных арыштаваных актывістаў СПБ стала вядома, што яны за кратамі маюць праблемы са здароўем. Паведамлялася, што Анджэй Пачобут хварэе на каранавірус. Абаіх па стане на пачатак кастрычніка трымалі ў сьледчай турме № 8 у Жодзіна. Як і ў іншых выпадках, навінаў аб магчымым завяршэньні сьледзтва, а таксама падрабязнасьцяў абвінавачаньня няма.

«Пра завяршэньне сьледзтва ў справе Анджэя нічога невядома, — расказала Свабодзе жонка Пачобута Аксана. — Пэўна, сьледзтва працягнуць 25 кастрычніка (калі скончыцца чарговы тэрмін утрыманьня пад вартай. — РС). Лісты ад мужа даходзяць часткова. Мне даходзяць, знаёмым не. Таксама бацьку і сыну не даходзяць. Мо таму, што Анджэй піша іх на польскай мове».

Анархіст Ігар Аліневіч — 347 дзён за кратамі

Ігар Аліневіч
Ігар Аліневіч

Ігара Аліневіча разам зь яшчэ трыма актывістамі затрымалі ў ноч з 28 на 29 кастрычніка на тэрыторыі Беларусі ў Ельскім раёне, побач з украінскай мяжой. Усім чацьвярым выставілі абвінавачаньні паводле артыкулу 289 («Тэрарызм»), а таксама артыкулу 285 («Незаконнае абарачэньне зброі»).

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, усіх затрыманых анархістаў абвінавацілі ў падпале чатырох аўтамабіляў ля будынку салігорскай пракуратуры, а таксама нападзе на аддзел ДАІ ў Мазыры.

7 кастрычніка стала вядома, што Генэральная пракуратура перадала справу Ігара Аліневіча ў суд, разглядаць яе могуць пачаць ужо ў лістападзе. Дзе менавіта будзе праходзіць судовы працэс і ў якім рэжыме — пакуль невядома.

Прадпрымальнік і былы палітвязень Мікола Аўтуховіч — 308 дзён за кратамі

Мікола Аўтуховіч, архіўнае фота
Мікола Аўтуховіч, архіўнае фота

Аўтуховіча разам з шэрагам іншых людзей затрымалі 8 сьнежня 2020 году. Неўзабаве пасьля арышту яго абвінавацілі ў стварэньні тэрарыстычнай групоўкі. У прыватнасьці, Аўтуховіча вінавацяць у падпалах маёмасьці міліцыянтаў у Горадні і Ваўкавыску.

КДБ распаўсюдзіў заяву, згодна зь якой падчас затрыманьня ў Аўтуховіча знайшлі агнястрэльную зброю; пазьней Аляксандар Лукашэнка публічна заяўляў, што яе ў Беларусь завозілі з тэрыторыі Ўкраіны. Падрабязнасьцяў аб расьсьледаваньні справы Міколы Аўтуховіча і людзей, затрыманых разам зь ім, у адкрытым доступе няма. Невядомая таксама дата пачатку судовага працэсу над Аўтуховічам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG