Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рызыка ад вакцынацыі для маладых мужчын сапраўды існуе


Дасьледнікі выявілі больш высокую, чым чакалася, рызыку міякардыту (запаленьня сардэчнай мышцы) у маладых мужчын пасьля поўнай вакцынацыі.

Пра гэта піша The New York Times.

Згодна зь вялікім новым аналізам, апублікаваным у New England Journal of Medicine, мужчыны ва ўзросьце ад 16 да 29 гадоў маюць павышаную рызыку разьвіцьця праблем з сэрцам пасьля атрыманьня другой дозы вакцыны супраць каранавірусу, вырабленай Pfizer-BioNtech або Moderna.

Дасьледаваньне, праведзенае ў Ізраілі, паказала, што амаль у 11 з кожных за 100 тысяч мужчын у гэтай узроставай групе празь некалькі дзён пасьля поўнай вакцынацыі разьвіўся міякардыт — запаленьне сардэчнай мышцы. Гэтая лічба значна вышэйшая, чым былі ў большасьці папярэдніх ацэнак.

Паводле другога дасьледаваньня, апублікаванага ў часопісе, хлопцы ва ўзросьце ад 16 да 19 гадоў мелі самы высокі ўзровень захворваньняў на міякардыт пасьля другой дозы. Рызыка праблем з сэрцам у хлопчыкаў гэтага ўзросту была прыкладна ў дзевяць разоў вышэйшаю, чым у непрышчэпленых хлопчыкаў таго ж ўзросту.

Абсалютная рызыка па-ранейшаму вельмі малая, а сам стан запаленьня мышцы часовы. І дасьледаваньні паказалі, што COVID-19 значна часьцей выклікае праблемы з сэрцам, чым вакцынацыя.

На падставе дадзеных, даступных у чэрвені, дарадцы амэрыканскіх Цэнтраў кантролю і прафіляктыкі захворваньняў аднагалосна прагаласавалі за рэкамэндацыю вакцыны, заявіўшы, што перавагі нашмат пераважваюць рызыку. Паводле ацэнак агенцтва, на кожны мільён вакцынаваных хлопчыкаў ва ўзросьце ад 12 да 17 гадоў прышчэпкі могуць выклікаць максымум 70 выпадкаў міякардыту, але могуць прадухіліць 5700 інфэкцый, 215 шпіталізацый і дзьве сьмерці.

Міякардыт — адна з праблем, якія маглі заахвоціць Упраўленьне санітарнага нагляду за якасьцю харчовых прадуктаў і мэдыкамэнтаў папрасіць Pfizer-BioNTech і Moderna прыцягнуць больш дзяцей да ўдзелу ў выпрабаваньнях вакцын. Патэнцыйныя пабочныя эфэкты, пэўна, будуць дамінаваць пры абмеркаваньні, калі дарадцы агенцтва зьбяруцца на наступным тыдні, каб разгледзець доказы прымяненьня вакцыны для дзяцей ва ўзросьце ад 5 да 11 гадоў.

У адным з новых дасьледаваньняў былі вывучаны дадзеныя 2,5 мільёна вакцынаваных членаў найбуйнейшай сеткі аховы здароўя Ізраілю ва ўзросьце 16 гадоў і старэйшыя. Дасьледнікі выявілі 54 выпадкі міякардыту і палічылі 41 зь іх лёгкімі. Каля 70 адсоткаў выпадкаў міякардыту назіраліся пасьля другой дозы.

Адзін выпадак быў дастаткова цяжкі, і спатрэбілася вэнтыляцыя. Адзін пацыент з гісторыяй хваробы сэрца памёр зь невядомай прычыны неўзабаве пасьля выпіскі зь лякарні. З 14 пацыентаў, у якіх пры паступленьні ў лякарню былі выяўленыя анамаліі сэрца, у 10 усё яшчэ былі прыкметы праблем пры выпісцы

Але калі празь некалькі тыдняў пацыенты былі зноў абсьледаваныя, усе пяцёра з тых, па якіх былі даступныя вынікі, аказаліся цалкам здаровыя.

Дасьледаваньне паказала, што сярод усіх узроставых груп і палоў агульнае захворваньне склала крыху больш за два выпадкі на 100 000 чалавек. Але калі дасьледнікі прааналізавалі вынікі па ўзросьце і полу, то выявілі самы высокі ўзровень захворваньняў сярод мужчын ад 16 да 29 гадоў.

Рызыка ў жанчын любога ўзросту быў нязначная.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG