Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кодэкс аб культуры прапанавалі зьмены: скасаваць Грамадзкую назіральную камісію і ўзмацніць адказнасьць археолягаў


Антон Астаповіч
Антон Астаповіч

Старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч паведаміў, што ўлады могуць скасаваць мэханізм грамадзкага кантролю над выкананьнем заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны.

На восеньскай сэсіі Палаты прадстаўнікоў будзе разглядацца праект закону «Аб зьмяненьні законаў у пытаньнях культуры». Гэты праект, на думку Антона Астаповіча, «падводзіць сапраўдную міну пад гісторыка-культурную спадчыну, а канкрэтна пад помнікі архітэктуры».

У п. 1 арт. 119 гэтага закону прадугледжана норма: «Навукова-праектная дакумэнтацыя на выкананьне рамонтна-рэстаўрацыйных работ на нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасьцях катэгорыі «3» узгадняецца зь мясцовым выканаўчым і распарадчым органам абласнога тэрытарыяльнага ўзроўню ў парадку, вызначаным заканадаўствам аб адміністрацыйных працэдурах».

«З улікам таго, што большасьць архітэктурных аб’ектаў са статусам ГКК мае катэгорыю „3“ ці гэтыя аб’екты ўвогуле без катэгорыі ў складзе гістарычных цэнтраў, то лёгка спрагназаваць практычна поўную бескантрольнасьць пры выкананьні работ з боку Міністэрства культуры, у сувязі з тым, што яно згодна зь дзейным заканадаўствам і пэрспэктыўным законам нават пазбаўлена права рабіць прадпісаньні на спыненьне работ на помніках, калі яны вядуцца па-за межамі заканадаўства», — тлумачыць Антон Астаповіч.

Мясцовыя органы ўлады як раённага, так і абласнога ўзроўню рэдка рэагуюць на парушэньні заканадаўства ў сфэры аховы гісторыка-культурнай спадчыны. Адбываецца гэта, на думку Астаповіча, таму, што ў выканкамах часьцяком проста няма спэцыялістаў з адпаведнай кваліфікацыяй, таму праектная дакумэнтацыя наўрад ці будзе разглядацца на прафэсійным узроўні.

Акрамя таго, у законапраекце скасаваны мэханізм грамадзкага кантролю за выкананьнем заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны.

«Гэта не азначае, што грамадзтва выключана на 100% з працэсу. Сыгналізаваць у адпаведныя органы пра парушэньне заканадаўства ў гэтай галіне, выступаць з прапановамі аб наданьні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці ці зьмяненьняў і дапаўненьняў у Дзяржаўны сьпіс ГКК можа, як і раней, любая юрыдычная ці фізычная асоба. Але больш ня будзе працаваць Грамадзкая назіральная камісія па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, якая практычна ня мела паўнамоцтваў, але бывала, што да яе голасу прыслухоўваліся».

Са станоўчых момантаў законапраекту, якіх, па ацэнцы старшыні Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, у праекце істотна меней, — узмацненьне пэрсанальнай адказнасьці археолягаў пры выкананьні на помніках археалёгіі земляных, будаўнічых, мэліярацыйных і іншых работ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG