Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Было паўкрока да перамогі». Арцемій Троіцкі пра падпольле, нявызваленых палітвязьняў і Менск без Лукашэнкі


Арцемій Троіцкі
Арцемій Троіцкі

Журналіст, блогер, музычны крытык Арцемій Троіцкі разважае, чаму беларусам не ўдалося перамагчы ў жніўні-верасьні 2020 году, якія формы культурнага супраціву могуць быць эфэктыўнымі, хто найбольш пацярпіць ад мігранцкага крызісу і ў які Менск ён хоча прыехаць у агляднай будучыні.

Глядзець размову на відэа цалкам

Сьцісла

  • Часткова людзі стаміліся, часткова зьняверыліся, часткова адыграла ролю тое, што практычна ўсе вядомыя людзі, актывісты, лідэры знаходзяцца ў турме ці за мяжой.
  • Трэба было вызваляць палітвязьняў, штурмаваць гэтыя турмы, рэзыдэнцыю Лукашэнкі. Гэта б азначала гвалт, магчыма, кровапраліцьце, але рэвалюцыя быць на 100% мірнай ня можа.
  • Пры нямецкай акупацыі было падпольле, былі партызаны. Чаму цяпер пры дакладна такой жа акупацыі няма ўнутранага супраціву, для мяне гэта не зусім зразумела.
  • Калі б Пуцін замяніў Лукашэнку на дастаткова ляяльнага яму, але не настолькі адыёзнага палітыка, на таго ж былога прэмʼера Румаса, нават на Бабарыку, Крэмль бы «атаварыўся» суцэльнымі плюсамі пры мінімуме выдаткаў.

Асноўныя тэзісы Арцемія Троіцкага

Пра сытуацыю ў Беларусі

— Вясёлага мала. Баюся, што ўладзе ўдалося даволі грунтоўна запалохаць людзей. Вельмі многія былі проста вымушаныя пакінуць Беларусь. У краінах Балтыі вельмі шмат беларускіх актывістаў, бізнэсоўцаў, студэнтаў і ўвогуле нармальных свабодных людзей, якія не змаглі заставацца на радзіме. Гэта сумна. Чаму так адбылося, я ня маю адказу. Я ў Беларусі даўно ня быў і баюся, што мне туды езьдзіць ня вельмі рэкамэндавана цяпер. Цяжка сказаць, чаму ўдалося пераламаць гэтую пратэставую хвалю Лукашэнку і ягоным «гарылам». Думаю, што часткова людзі стаміліся, часткова зьняверыліся, часткова адыграла ролю тое, што большасьць вядомых людзей, актывістаў, лідэраў знаходзяцца ці ў турме, ці за мяжой. Я б сказаў, што нават ня большасьць, а практычна ўсе ў турме ці за мяжой.

Пра паўкрока да перамогі

— Людзей зразумець можна, таму што немагчыма выходзіць на вуліцу кожны дзень ці кожныя выходныя цягам году ці паўтара. Думаю, што вельмі многія шкадуюць пра тое, што не даціснулі сытуацыю ў жніўні-верасьні 2020 году. Тады здавалася, што да перамогі засталося паўкрока; думаю, што гэта не здавалася, а сапраўды было так. Я памятаю эпізоды, якія сталі ключавымі ў тым, што беларуская народна-вызвольная рэвалюцыя закончылася. Трэба было вызваляць палітвязьняў, штурмаваць гэтыя турмы, рэзыдэнцыю Лукашэнкі. Гэта б азначала гвалт, магчыма, кровапраліцьце, але рэвалюцыя быць на 100% мірнай ня можа. Трэба ісьці і на нейкія сілавыя рашэньні, і на нейкія ахвяры. Тое, што ў Беларусі не знайшлося адчайных хлапцоў, сапраўдных буйных, як сьпяваў Высоцкі, якія б пайшлі да канца і ня ў белых пальчатках, гэта вельмі крыўдна.

Таксама вельмі крыўдна, што, калі не лічыць ужо славутых беларускіх кібэрпартызанаў, якія актыўна і эфэктыўна дзейнічаюць, я ня бачу ці ня ведаю пра нейкія падпольныя дзеяньні, падпольны рух у Беларусі. Пры нямецкай акупацыі было падпольле, былі партызаны. Чаму цяпер пры дакладна такой жа акупацыі няма ўнутранага супраціву, для мяне гэта не зусім зразумела. Але я ў Беларусі ня быў даўно, зь людзьмі не размаўляў. У людзей, якія знаходзяцца за мяжой, як мне здаецца, даволі цьмянае ўяўленьне пра тое, што на радзіме адбываецца. Таму адказаў на гэтыя вельмі непрыемныя пытаньні ў мяне няма.

Пра кватэрнікі

— Мне расказвалі, што ў Беларусі сталі вельмі папулярныя так званыя кватэрнікі. Гэта расейскі выраз, які пайшоў з пачатку 1980-х гадоў, калі ў нас былі ганеньні на рок і іншую прагрэсіўную музыку... У Пецярбургу і Маскве праходзіла шмат кватэрнікаў, гэта былі падпольныя, нелегальныя, закансьпіраваныя канцэрты. Людзі прыходзілі на кватэры ці прыяжджалі на дачы — на прыватную тэрыторыю, дзе ўлады нічога не маглі зрабіць, і слухалі выступы Аляксандра Башлачова, Барыса Грабеншчыкова, Віктара Цоя, Майка Навуменкі, Пятра Мамонава і гэтак далей. Мне расказвалі, што ў Беларусі цяпер нешта падобнае адбываецца.

Пра культурны супраціў

— Ня трэба перабольшваць патэнцыял культурнага супраціву. Гэта здорава, цудоўна, падтрымлівае тонус як творцаў, так і іх аматараў, але культурны супраціў — гэта не вырашальная сіла, якая зможа вырашыць сытуацыю ў Беларусі ў лепшы бок. Культура культурай, але ёсьць рэчы, можа, менш эмацыйныя, менш прыгожыя, чым вершы і песьні, але значна больш дзейсныя. Гэта трэба мець на ўвазе. Але добра, што гэта адбываецца. Гэтаксама як і ў Расеі, гэта паралельныя працэсы. Усё больш бескампрамісных, сумленных дзеячоў культуры будуць перабірацца з ахопленай рэпрэсіямі Беларусі і Расеі за мяжу. Бо калі ты сумленна выказваесься, то знаходзіцца ў гэтых дзяржавах рэальна небясьпечна.

Пра Цэсьлера і пакты салідарнасьці

— Мой добры знаёмы Ўладзімер Цэсьлер жыве цяпер за мяжой і працягвае рэгулярна маляваць постэры, карыкатуры, дызайнэрскія рэчы, прысьвечаныя бягучай сытуацыі. Яны распаўсюджваюцца праз інтэрнэт, і я перакананы, што беларуская публіка, прыхільнікі ягонай творчасьці гэта ўсё бачаць. Гэта тычыцца і музыкаў, і пісьменьнікаў. Было б зусім добра, каб пратэставая беларуская культура нейкім чынам судакранулася з пратэставай культурай іншых краінаў, найперш з расейскай культурай, бо нашы краіны ў вельмі падобным становішчы. Таксама важна, каб эўрапейскія, амэрыканскія дзеячы культуры заключылі нейкія пакты аб салідарнасьці са змагарным беларускім народам. Наколькі мне вядома, Фонд культурнай салідарнасьці робіць крокі ў гэтым кірунку — праводзяцца сустрэчы, ідуць спэктаклі, канфэрэнцыі... Я быў бы вельмі рады, каб усе гэтыя намаганьні не былі марныя.

Пра Крэмль і Лукашэнку

— Расейская Дума нічога не вырашае і ня мае дачыненьня да беларуска-расейскіх адносінаў. Інтрыгі паміж Пуціным і Лукашэнкам захоўваюцца і могуць да канца гэтага году ўвайсьці ў больш-менш сур’ёзную, вырашальную фазу. Я ня думаю, што Крэмль цалкам задавальняе цяперашняя сытуацыя ў Беларусі, і не выключаю, што ў Крамлі вырашаць нейкім чынам паскорыць падзеі. Гэта можа быць зроблена рознымі спосабамі. Можа быць аншлюс і з моцным ціскам інтэграцыйнае вырашэньне праблемы.

Пра замену Лукашэнкі на Румаса ці Бабарыку

— Альбо другі варыянт, больш хітры і разумны, пра які я ў сябе ў «Хижине дяди Тёмы» выказваўся. Калі «прыбраць» Лукашэнку, то гэта надта б не нашкодзіла Пуціну ў пляне ягонай агульнай сытуацыі, а моцна дапамагло б яму ў міжнароднай сытуацыі (санкцыі і ўсё астатняе). Калі б Пуцін замяніў Лукашэнку на дастаткова ляяльнага яму, але не настолькі адыёзнага палітыка, які ня так моцна скампрамэтаваў сябе, на таго ж былога прэмʼера Румаса, можа, нават на Бабарыку, які сядзіць у турме, пры гэтым Крэмль бы «атаварыўся» суцэльнымі плюсамі пры мінімуме выдаткаў.

Пра пасадку самалёта Ryanair

— Апошнім часам Лукашэнка «затаптаў» сытуацыю ўнутры Беларусі, але пры гэтым справакаваў шэраг неабавязковых і непатрэбных яму міжнародных крызісаў, якія зрабілі яго дыктатарам-ізгоем, «нерукапаціскальным», а Беларусь — дзяржавай, абложанай усімі магчымымі санкцыямі. Гэта тычыцца і самалёта Ryanair, і неадэкватных рэпрэсій, і найперш крызісу зь мігрантамі. Эўропа і ЗША дастаткова цынічна і абыякава глядзелі на тое, што адбываецца ў Беларусі, да таго часу, пакуль гэта не пачало тычыцца іх непасрэдна. У гэтым сэнсе інцыдэнт з самалётам — рэальная авіякатастрофа для Лукашэнкі. Ён нічога на гэтым не атрымаў, але настроіў супраць сябе ня толькі эўрапейскі палітычны істэблішмэнт, але і эўрапейскую грамадзкую думку. А гэта для дэмакратычных краінаў важней, бо любы немец, гішпанец ці грэк адразу падумаў, што на гэтым самалёце мог быць ён, ягоная сямʼя ці сябры. І гэта паставіла Лукашэнку ў стан абсалютнага ізгоя ў вачах эўрапейскай грамадзкай думкі.

Пра мігрантаў і паразу Лукашэнкі

— Аналягічная гісторыя зь мігрантамі. Гэта стварыла цяжкасьці для Літвы, Латвіі і Польшчы, але выдаткі для рэжыму Лукашэнкі цяпер і ў будучыні нашмат больш адчувальныя. Гэта сытуацыя, калі ўвогуле прайгралі ўсе. Няўтульна адчуваюць сябе памежныя краіны ЭЗ, дрэнна сябе адчуваюць няшчасныя іракцы, суданцы ці самалійцы, якія проста трапілі ў якасьці разьменнай манэты паміж буйнымі палітычнымі жорнамі. І гэта велізарная параза для Лукашэнкі. А выйгрыш толькі для беларускага вызвольнага руху — з той прычыны, што любая параза Лукашэнкі для беларускага народу плюс.

Пра Менск, у які прыедзе

— Я перакананы, што прыеду ў Менск у агляднай будучыні. Натуральна, гэта будзе Менск без Лукашэнкі і ўсіх гэтых сілавікоў. Гэта будзе свабодны, дэмакратычны Менск, дзе людзі ня будуць баяцца хадзіць па вуліцы з рызыкай быць затрыманымі і дзе над усімі дзяржаўнымі ўстановамі будзе лунаць бел-чырвона-белы сьцяг.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG