Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: дзень памяці Сяргея Пясецкага і Аляксея Караля, год таму — ААН заклікала ўлады Беларусі спыніць ужываньне сілы


Аляксей Кароль
Аляксей Кароль

Падзеі 12 верасьня ў Беларусі і ў сьвеце

Дата дня


12 верасьня 1772 году адбылася бітва пад Сталавічамі. Войска гетмана Міхала Казіміра Агінскага, якое змагалася супраць далучэньня беларускіх земляў да Расейскае імпэрыі, зазнала паразу ад расейскіх палкоў на чале з Аляксандрам Суворавым. У жорсткім баі загінулі больш за 3 тысячы абаронцаў незалежнасьці.

У гэты дзень год таму

  • Тысячы людзей на жаночым маршы ў Менску, нягледзячы на затрыманьні
  • Нягледзячы на рашэньне Менскага абласнога суду аб прызнаньні незаконным страйку на прадпрыемстве «Беларуськалій», страйкам заявіў, што працягне пратэст
  • ААН заклікала ўлады Беларусі спыніць ужываньне сілы супраць мірных дэманстрантаў
  • «Мы вельмі занепакоена глядзім на падзеі ў Беларусі», — заявіла канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель

Таксама ў гэты дзень

490 да н. э. — грэцкі воін Фідзіпід прабег ад горада Маратон да Атэнаў і прынёс вестку пра перамогу грэкаў над пэрсамі — «Радуйцеся! Мы перамаглі» — і памёр. Калі ў 1896 годзе ў Атэнах праходзілі першыя сучасныя Алімпійскія гульні, у яго гонар быў уладкаваны забег паміж Маратонам і Атэнамі. З тых часоў спаборніцтвы па маратонскім бегу сталі адным з самых папулярных відаў лёгкай атлетыкі.

1848 — Швэйцарыя, якая да таго часу была зьвязам паасобных кантонаў, ператварылася ў фэдэратыўную дзяржаву.

1933 — амэрыканскі фізык Лео Сылард прапанаваў ідэю ланцуговай ядзернай рэакцыі.

1963 — першае месца ў брытанскім гіт-парадзе заняў гурт The Beatles зь песьняю «She Loves You».

The Beatles
The Beatles

1990 — дамову аб аб’яднаньні Нямеччыны падпісалі міністры замежных справаў СССР, ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі і абедзьвюх Нямеччын.

У гэты дзень нарадзіліся

1712Сьцяпан Аскерка, эканаміст і юрыст родам з Наваградчыны. Скончыўшы Слуцкую гімназію, а пасьля Кёнігсбэрскі і Бэрлінскі ўнівэрсытэты, Аскерка быў запрошаны на пасаду дарадцы юстыцыі да прускага караля Фрыдрыха II. У сваіх эканамічных працах Сьцяпан Аскерка апісаў прускі шлях капіталізму ў сельскай гаспадарцы і ўпершыню ўвёў у навуковы ўжытак слова «плян».

1921Станіслаў Лем, польскі пісьменьнік, сатырык, філёзаф і фантаст.

1929Мікалай Матукоўскі, беларускі драматург.

1945Рыгор Семашкевіч, беларускі пісьменьнік і літаратуразнаўца.

1954Алесь Жлутка, беларускі мовазнаўца і гісторык.

У памяці

1934Яўген Барычэўскі, беларускі літаратуразнаўца і перакладчык.

1964Сяргей Пясецкі, авантурнік, пісьменьнік, удзельнік антынацысцкага Супраціву.

Сяргей Пясецкі. «Каханак Вялікай Мядзьведзіцы». Аўдыёкніга. Менск, выдавец Ігар Логвінаў.
Сяргей Пясецкі. «Каханак Вялікай Мядзьведзіцы». Аўдыёкніга. Менск, выдавец Ігар Логвінаў.

Нашае знакамітае мястэчка Ракаў адгукаецца ў маёй сьвядомасьці ня толькі імёнамі прафэсара-філёляга Вячаслава Рагойшы й адораных шматлікімі талентамі братоў Янушкевічаў, але й імем аднаго з найвыбітнейшых беларускіх авантурнікаў прамінулага стагодзьдзя Сяргея Пясецкага.

Пазашлюбны сын шляхціча зь вядомага ліцьвінскага роду, Сяргей ужо ў сямнаццаць гадоў браў удзел у змаганьні з бальшавікамі ў складзе аддзелу вядомага атамана Дзергача (Вячкі Адамовіча). Дзяргач, які займаўся і літаратурнай творчасьцю, ня ведаў, што пад ягонай рукой ваюе адзін з будучых выдатных польскіх пісьменьнікаў.

Не падазраваў гэтага і сам Пясецкі, які на той час ведаў па-польску ўсяго якую сотню слоў.

У Заходняй Беларусі ён стаў агентам польскай вайсковай выведкі, знаходзячы час і на маштабную кантрабандысцкую дзейнасьць у ваколіцах памежнага Ракава. (Тагачасныя прыгоды лягуць пазьней у аснову яго першага раману «Каханак Вялікай Мядзьведзіцы».)

Праз свой авантурны характар Пясецкі мусіў неўзабаве разьвітацца з турботнай працаю выведніка, але лягчэйшым ягонае жыцьцё не зрабілася.

Пад узьдзеяньнем какаіну ён учыніў цяжкое злачынства і ў 1926-м быў засуджаны на расстрэл, які, улічыўшы заслугі перад сакрэтным ведамствам, замянілі на пятнаццаць гадоў зьняволеньня.

Арганізаваныя Пясецкім тры бунты зьняволеных скончыліся ягоным пераводам у самую жорсткую ў тагачаснай Польшчы Сьвентакшыцкую турму, дзе былы дывэрсант і кантрабандыст нарэшце вывучыў польскую мову і пачаў пісаць на ёй мастацкую прозу.

Публікацыя першага ж раману выклікала пасьпяховую кампанію дзеля датэрміновага вызваленьня хворага на сухоты пісьменьніка. Ён выйшаў на волю ў 1937-м і ўжо ў наступным годзе разглядаўся як кандыдат-набэліст.

У гады вайны Пясецкі гераічна ваяваў на Віленшчыне ў аддзелах Арміі Краёвай і выславіўся тым, што сярод белага дня наладзіў у Вільні ўцёкі з гестапа Юзафа Мацкевіча, пазьней знакамітага пісьменьніка польскай эміграцыі (яшчэ аднаго беларуса з паходжаньня).

Сярод больш чым дзясятку раманаў Пясецкага, таксама паваеннага эмігранта, самы вядомы, напэўна, — «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі», што ў камуністычнай Польшчы заставаўся пад забаронаю, а па-беларуску выйшаў у 2005 годзе.

Чытаючы «Запіскі афіцэра...», я напачатку быў трохі ўквелены празьмерным, як мне здалося, гратэскам, але, згадаўшы ўласны армейскі досьвед, цалкам пагадзіўся зь перакладчыкам, які ў прадмове адзначае, што гэтая кніга ёсьць «адным з найбольш пасьлядоўных, зьнішчальных, бескампрамісных і па-сапраўднаму сьмешных прыкладаў сатырычнага адлюстраваньня сутнасьці савецкае сыстэмы».

Па-беларуску загаварылі і «Каханак Вялікай Мядзьведзіцы» (гэтае сузор’е высечанае на надмагільлі Пясецкага), і «Пяты этап», і «Жыцьцё раззброенага чалавека», і «Яблычак», і тое, што найбольш кранула глыбінёю псыхалягізму, — «Багам ночы роўныя».

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 268-269.

2015 —​ Аляксей Кароль, беларускі гісторык, палітоляг, галоўны рэдактар газэты «Новы Час».

Галоўная рэдактарка газэты «Новы час» Аксана Колб і Аляксей Кароль, архіўнае фота
Галоўная рэдактарка газэты «Новы час» Аксана Колб і Аляксей Кароль, архіўнае фота

Кароль ня толькі вывучаў гісторыю. Ён быў сярод тых, хто ўчынкамі ствар аў яе плоць. М ы ўпершыню сустрэліся на паўлегальным Першым вальным сойме беларускіх моладзевых суполак. Аляксей кіраваў там сэкцыяй гісторыі і выклікаў выступамі ды камэнтарамі захапленьне маладзёнаў зь менскай «Талакі», віцебскага «Ўзгор’я», полацка-наваполацкага «Маладзіка»... Потым мы бачыліся зь ім на навуковых канфэрэнцыях і мітынгах, у выбарчых штабах і рэдакцыйных кабінэтах. Пазьней пра той час ён сказаў у сваім дакумэнтальным фільме «1990-я: як гэта было і які шлях мы не прайшлі».

Адзін з заснавальнікаў Партыі народнай згоды, ён чатырнаццаць гадоў выдаваў незалежную газэту «Згода», а пасьля яе закрыцьця ўладамі з 2007-га і да апошніх дзён рэдагаваў газэту «Новы час». На гэтай пасадзе Аляксей быў уганараваны прэстыжнымі міжнароднымі прэміямі — імя Найта і «Вольная прэса ва Ўсходняй Эўропе».

Аддаўшы дзесяць гадоў журналісцкай працы, я востра шкадую, што ніколі ня меў такога галоўнага рэдактара. Апрача ўсяго ён умеў сябраваць зь пісьменьнікамі, што ўвасобілася ў дадатак да «Новага часу» — «Літаратурную Беларусь».

Пасьля анкалягічнай апэрацыі ён пражыў роўна год. Але гэта быў, паводле сьведчаньняў сям’і, год насычанага, паўнавартаснага жыцьця. На жаль, хваробу не змаглі перамагчы і мэдыкі ў Сынгапуры, дзе працаваў сын Сяргей. Апошнія дні побач былі і жонка Вольга з дачкой Ірынай. Яны згадваюць, што ў астатні зямны вечар Аляксей праглядаў абноўленую вэрсію сайту «Новага часу».

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды , 4-е выданьне, с. 678-679​.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG