Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З Пілсудзкім і Лемам за кубачкам кавы


Павел Абрамовіч — аб прывабнасьці кніжных крамаў у гандлёвых цэнтрах Польшчы і іх асартымэнце.

«На чужое дабро вочы гараць» — кажуць нашы людзі. У чарговай вандроўцы па Польшчы неаднойчы пераконваўся ў слушнасьці беларускай прымаўкі. Як літаратурнага крытыка мяне па-ранейшаму моцна ўражвае, што ў бяскрайніх гіпэрмаркетах гэтай краіны гандлююць у тым ліку кнігамі — друкаванай прадукцыяй, якая мае сотні і сотні найменьняў. Тое спрэс польскамоўныя выданьні, і крамы зь імі сярод разнастайных мясцовых і замежных брэндаў не выглядаюць недарэчна. Прычым кнігам тут аддадзены значныя плошчы, у адрозьненьне, скажам, ад беларускіх гандлёвых цэнтраў, у закутках якіх іншым разам стаяць дзьве-тры кніжныя паліцы, і на вокладках выданьняў — спрэс літары рускага алфавіту.

Гандаль кнігамі ў гіпэрмаркетах — ня польскае вынаходніцтва, а даўні элемент заходняга спажывецкага рынку. Але такая нацыянальная гандлёвая сетка як, прыкладам, «Еmpik», што паўстала пасьля падзеньня камуністычнага рэжыму ў краіне, мае ўжо 200 крамаў у буйных гандлёвых цэнтрах Польшчы і сёньня сапраўды можа лічыцца ўплывовым культурным гідам. Цяпер тут ладзіцца акцыя «100 кніг, якія трэба прачытаць» — зусім не апошняе месца ў сьпісе займаюць польскія аўтары, сучасныя і клясычныя. Дарэчы, адзін з прынцыпаў польскага мэрчандайзынгу (часткі працэсу маркетынгу, што вызначае мэтодыку продажу тавараў у крамах) — свае аўтары мусяць узвышацца над замежнымі ў прамым сэнсе. У беларускіх кніжных крамах часьцей за ўсё робіцца наадварот.

Відавочна, польскія маркетолягі, як і іх калегі зь іншых краін сьвету, робяць так, каб на ўзроўні прамога позірку вачэй пакупнікоў апынуліся найлепшыя (з пункту гледжаньня камэрсантаў) кнігі; часьцяком яны і самыя дарагія — без прафэсійных хітрыкаў не абыходзіцца. А калі ты, пакупнік, хочаш чагосьці старога, зьнешне непрывабнага, больш таннага — табе давядзецца нахіліцца ці нават сесьці на карачкі. Я асабіста так і вымушаны быў зрабіць, каб у самым нізе нарэшце знайсьці кнігі Говарда Ф. Лаўкрафта, аднаго з заснавальнікаў жанру «horror» — над ім ганарліва, высока ўздымаліся паліцы з шматлікімі раманамі Стывена Кінга, «караля жахаў» нашага часу. Ізноў жа, найчасьцей на самым версе можна пабачыць выданьні польскіх аўтараў (найперш сучасных), што робіць гонар выдаўцам і ўладальнікам кніжных гандлёвых сетак.


Кнігам у падобных гандлёвых цэнтрах вольна. Яны стаяць шыкоўнымі вокладкамі наперад, у невялікай адлегласьці адна ад адной, быццам людзі, якія захоўваюць дыстанцыю, паважаюць чужую прастору. Выданьні ня трэба літаральна выдзіраць рукамі з шэрагаў, як у менскай «Кнігарні пісьменьніка», дзе кнігі выкладзены да твару пакупніка карашкамі і спрэсаваныя нібыта селядцы ў бочцы. (І рыбалоўнай лескі, якая ўтрымлівае кнігі на паліцах, у Польшчы таксама не сустрэнеш.) Ізноў жа, паўсюль бачныя шыльды са словам «Polska» ў розных спалучэньнях: «польская літаратура», «польская фантастыка», «польская дакумэнталістыка» і г.д. У гэтай палітыцы няма нічога ад «славутага» беларускага імпартазамяшчэньня — проста ў Польшчы людзі з маленства аточаныя рэчамі ўласнай, польскай, вытворчасьці, здавён прызвычаіліся да свайго. Прычым a priori якаснага — і ці трэба зьдзіўляцца, што польскія пісьменьнікі Генрык Сенкевіч ці Станіслаў Лем выйшлі далёка па-за межы краіны, спадабаліся чытачам зь іншых краін?


І мастацкая, і дакумэнтальная масавая літаратура, якую прапаноўваюць у польскіх гіпэрмаркетах, выдадзена вельмі прыгожа. Так, палякі таксама робяць кнігі пераважна з другаразовай сыравіны, але зусім таннай, «туалетнай», паперы, як у Беларусі ці Расеі, пазьбягаюць (вы заўважылі, што нашы кнігі празь непрацяглы час жаўцеюць?) Водступы ад краёў у польскіх выданьнях шырокія, шрыфт вялікі, літары пухнатыя; кнігі (у тым ліку замежных аўтараў) утрымліваюць ілюстрацыі польскіх мастакоў, а таксама каляровыя ўкладкі. Што важна, выданьні не развальваюцца ў руках, зь іх не вытыркаюцца асобныя старонкі, як у некаторых беларускіх выданьнях, чый кніжны блёк насьпех змацаваны клеем.

Паколькі кніжныя крамы месьцяцца ў гандлёвых цэнтрах, зьніжкі на прадукцыю непазьбежныя. Іншым разам яны сягаюць 30-40адсоткаў, і гэта на новыя выданьні! Неверагодная рэч для беларускага кніжнага рынку, дзе толькі зрэдчасу трапляюцца ўцэненыя кнігі. Прычым аніякіх яскравых сыгналаў (прыкладам, шыльдаў ці налепак) аб зьніжках у нашых крамах ня будзе — кошт дробненька і таропка, быццам саромеючыся, перапішуць простым алоўкам на цэньніку, які пакупніку давядзецца самому шукаць знутры кнігі... Што тычыцца нарвэжца Ю Нэсбё, чые кнігі вы бачыце на фотаздымку, дык ягоны новы дэтэктыў, «Кроў на сьнезе», у Польшчы цяпер узначальвае сьпіс замежных мастацкіх бэстсэлераў, у кожным кіёску з часопісамі і газэтамі яго можна набыць.


Польскія кніжныя крамы вяртаюць веру ў існаваньне (больш за тое, дабрабыт) вялікага мастацкага раману. Да прыкладу: Вольга Такарчук «Якубавы кнігі» — 1000 старонак; Анджэй Піліпюк «Вока аленя» — 500 старонак; Томаш Ліпка «Ноўтбук» — 448 старонак. У Польшчы таўшчэзная ня толькі мастацкая літаратура, але і кнігі non-fiction. Так, дасьледаваньне Багдана Ўрбанкоўскага пра жыцьцё і дзейнасьць Юзафа Пілсудзкага налічвае 1024 старонкі, кніга Яна Цеханоўскага «Варшаўскае паўстаньне» — 744. (Калі табе цяжка несьці гэткае выданьне дахаты, то можаш замовіць яго на сайце кнігарні — у папяровым ці электронным выглядзе.) Палякі вельмі цікавяцца нацыянальнай гісторыяй, пачынаючы са старажытных часоў і да сёньняшняга дня (ужо выдадзена некалькі дакумэнтальных кніг пра новага прэзыдэнта Польшчы Анджэя Дуду — іх прадаюць з 20-адсоткавай зьніжкай). Прычым уніклівыя людзі хочуць ведаць усё да драбніц, што стымулюе дасьледчыкаў і спрыяе разьвіцьцю нацыянальнай гісторыі — ніводная тэма не зачыненая.

Блукаючы сярод кніжных паліц, сапраўды можна стаміцца, не раўнуючы, як грыбнік у лесе. Бяру ў рукі нейкі яркі графічны раман, каб вочы адпачылі, і разам зь іншымі людзьмі іду замаўляць каву — у польскай кніжнай краме можна свабодна чытаць кнігі, закінуўшы ў фатэлі нага за нагу і забыўшыся на іншыя крамы гандлёвага цэнтру.

Фота аўтара.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG