Лінкі ўнівэрсальнага доступу

​Белавеская пушча, «сьмярдзючы» пісьменьнік і споведзь забойцы


Гюстаў Курбэ. Дзяўчына чытае

Гюстаў Курбэ. Дзяўчына чытае

Лета — сэзон адпачынкаў, і доўгім вольным вечарам асабліва прыемна пачытаць кнігу. Крытык Павел Абрамовіч абраў для слухачоў Радыё Свабода пяць рознабаковых бэстсэлераў.

1. Алан Вайсмэн, «Зямля безь людзей».

Бавячы час на прыродзе, у лесе ці на беразе мора, вельмі карысна пачытаць рэкамэндаваны The New York Times навуковы бэстсэлер пра тое, як хутка Зямля «заліжа раны», калі чалавецтва ўадначас некуды падзенецца, прыкладам, загіне ад нейкага віруса. Прафэсар Алан Вайсмэн, карыстаючыся шматлікімі навуковымі дадзенымі, дэталёва распавядае, як менавіта пасьля зьнікненьня людзей прырода паглыне мёртвыя гарады. Іронія заключаецца ў тым, што чалавецтва само паклапацілася, каб сьляды ягонага знаходжаньня на Зямлі зьніклі як мага хутчэй: так, мы больш не выкарыстоўваем у якасьці будаўнічых матэрыялаў граніт і цэльную драўніну — на зьмену ім прыйшлі бэтон і ДСП, чыё жыцьцё як фізычных аб’ектаў зусім караценькае з гледзішча гісторыі існаваньня плянэты.

Кніга Вайсмэна, галоўны герой якой — Зямля, тады як чалавецтва — толькі другасны пэрсанаж, мае ўсе прыкметы жанру «трылер», аднак утрымлівае шмат непрыдуманых фактаў. Прыкладам, крохкай на выгляд расьліне айлант, альбо райскаму дрэву, дастаткова 5 гадоў ва ўмовах адсутнасьці людзей для таго, каб пачаць уздымаць тратуары. Ці яшчэ: керамічныя і бронзавыя прадметы мастацтва, безумоўна, пабачаць, як робіцца халодным Сонца — у адрозьненьне, скажам, ад новага амэрыканскага пэнса, які поўнасьцю растворыцца ў акіяне праз 100 гадоў, бо на 97,6% складаецца з цынку.

Аніколі не здагадаецеся, з чаго пачынаецца гэтая кніга: з апісаньня Белавескай пушчы. Як вядома, яна ўяўляе сабой апошні ў Эўропе старадаўні раўнінны лес, які калісьці дасягаў Сібіры і Ірляндыі; тут, у прыватнасьці, жывуць усе 10 відаў эўрапейскіх дзятлаў — яны робяць гнёзды толькі ў полых, памерлых дрэвах. Вайсмэн раіць наведаць Белавескую пушчу ўсім, хто хоча ўявіць, як будзе выглядаць лес праз 500 гадоў пасьля раптоўнага зьнікненьня чалавецтва.

2. Харукі Муракамі, «Бясколерны Цкуру Тадзакі і гады ягоных падарожжаў».

Ужо колькі часу гэты японскі пісьменьнік (разам з сырыйскім паэтам Адонісам) застаецца галоўным прэтэндэнтам на Нобэлеўскую прэмію па літаратуры — так лічаць букмэйкеры, а яны ў сваіх прагнозах значна дакладнейшыя, чым літаратурныя крытыкі. Але Муракамі ўсё не шанцуе. Да таго ж яго не паважаюць на радзіме. Суайчыньнікі старэйшага веку далі Муракамі мянушку «Бата-кусай» («чалавек, які сьмярдзіць маслам»). Японцы, патлумачу, ня п’юць малака — традыцыйнага напою Захаду. Такім чынам яны выказваюць сваё стаўленьне да кніг Муракамі: маўляў, патыхаюць чужынскай культурай. Памятаеце, дарэчы, фразу з савецкіх часоў: «Сегодня он играет джаз, а завтра родину продаст»? Дык вось гэта нібыта пра Муракамі: у ягонай прыватнай калекцыі знаходзіцца 40 тысяч джазавых кружэлак. Да таго ж пісьменьнік жыве то ў Італіі, то ў Грэцыі, то ў ЗША — не японец, а гайдзін.

Жыцьцёвыя непрыемнасьці не замінаюць Муракамі працаваць, а ягоным кнігам — разыходзіцца мільённымі накладамі і ў самой Японіі, і далёка па-за межамі краіны. Многія лічаць яго звычайным літаратурным «папсавіком». Аднак калі адмовіцца ад штампаў і забыцца на мянушку, абраўшы чытаньне, думаньне і сузіраньне, вас чакаюць адкрыцьці ў кнігах Муракамі. Нездарма культурны аглядальнік газэты «Коммерсантъ» Ліза Біргер зьвяртае ўвагу, што ў «Бясколерным Цкуру Тадзакі» замест мэтафізыкі — павольны шлях пазнаньня: пад сумную музыку Ліста (яшчэ больш пакутлівую ў «правільным» для гэтай кнігі выкананьні Лазара Бэрмана) героі робяць абсалютна японскі выбар між жыцьцём і сьмерцю«.

3. Джо Абэркромбі, «Паўкараля».

40-гадовы пісьменьнік з ангельскага Ланкастэру, бацька траіх дзяцей, узяў і павытрасаў пыл, які дзесяцігодзьдзямі зьбіраўся ў жанры «фэнтэзі», надаўшы яму новы выгляд, гучаньне і сэнс. Аніякіх мудрых цмокаў і высакародных вояў, магічных пярсьцёнкаў і дрэваў, якія могуць хадзіць і размаўляць. Толькі звычайныя людзі ў віры крывавых падзеяў, што адбываюцца ў краінах, якіх няма на звыклых нам мапах. Сам Абэркромбі кажа пра сваю працу так: «Я перакананы, што пэрсанажы фэнтэзі мусяць быць рэалістычнымі. І чым болей фантастычны сьвет, тым болей рэалістычнымі трэба ствараць пэрсанажаў».

«Паўкараля» — першая кніга трылёгіі «Мора Аскепкаў», якая тым ня менш цалкам «самастойная». Ціхамірны падлетак-інвалід Ярві, які зьбіраўся абраць шлях слугаваньня мудрасьці, страціў бацьку, караля Атрыка, і цяпер вымушаны ратаваць сваё жыцьцё ад забойцаў. Лёс працягвае біць падлетка наводмаш: ён робіцца рабом на гандлёвым судне. Аднак клятва ўжо дадзеная (адпомсьціць за бацьку), і трэба вярнуць Чорны трон, выкаваны зь невядомага чорнага мэталу — такога моцнага, што незьлічоныя гады не пакінулі на ім ніводнай драпіны. Ярві аніколі ня прагнуў сядзець на халодным троне, быць гаспадаром Гетланду — ён нават ня здольны правільна і моцна трымаць меч у руцэ. Такія яны, сучасныя дзеці.

Мы, чытачы, робімся сьведкамі, як пасярод суворых пэйзажаў Поўначы і хцівых істотаў, менш падобных на людзей, чым гіена ці зьмяя, гартуецца характар падлетка, як ён назапашвае самапавагу і мужнасьць, і разуменьне таго, як папраўдзе ўладкаваны сьвет, які насамрэч сэнс мае слова «наканаваньне». Абэркромбі — суворы маўклівы стырнавы, і ягоны аповед пра ілжывых каралёў і непарадных герояў не спадабаецца аматарам забаўляльных кніг-падарожжаў. Пры гэтым у «Паўкаралі» няма звыклага для масавай літаратуры падзелу пэрсанажаў на «добрых» і «злых». А ёсьць псыхалягічна дакладныя характары, дыялёгі і рэплікі, вострыя як лязо: «Лепш каралём на каленях, чым ганарлівым жабраком ва ўвесь рост. Падымуся пазьней, нічога страшнага».

4. Ю Нэсбё, «Кроў на сьнезе».

Ю Нэсбё — нарвэскі пісьменьнік-дэтэктыўшчык, які зьявіўся на літаратурным полі быццам раптоўна, але цяпер такое ўражаньне, што ён быў тут заўсёды і нават адразу капітанам каманды.

Канцэрн Warner Bros., а дакладней, кампанія Appian Way Леанарда ды Капрыё, ужо займела юрыдычную магчымасьць экранізаваць новую дэтэктыўную аповесьць Нэсбё 2014 году выданьня, і трэба сьпяшацца прачытаць яе да таго, як зьявіцца кінастужка. Гатовыя вобразы, вырабленыя на шумным галівудзкім канвэеры, не павінны засланіць кнігу, якая ня проста зробленая зь вялікім майстэрствам, а раскрываецца спакваля быццам кветка ці чалавек.

Тое гісторыя, якая адбываецца ў маўклівым, прыхаваным пад сьнегам горадзе і распавядаецца ад імя забойцы-найміта. Я ня буду паглыбляцца ў экспазыцыю твору — вы і самі даведаецеся зь першых старонак пра пару году, назву гораду, прафэсію галоўнага героя, і потым самастойна пакрочыце далей у кнізе. Лепш крыху распавяду пра будову «Крыві на сьнезе», каб засьцерагчы вас ад празьмернай упэўненасьці ў сваёй чытацкай моцы, пачуцьці перавагі над аўтарам. Сапраўды, некаторыя дэтэктывы падобныя на семкі, і кемлівыя чытачы лёгка іх лузаюць дзякуючы таму, што добра абазнаныя ў жанры. Але «Кроў на сьнезе» — ня семкі і не арэхі, лясныя ці грэцкія. Толькі-толькі вы складзяце два факты ў адно і пачняце наводзіць рэзкасьць у тэксьце, як аўтар спрытна дадасьць новыя дадзеныя, хутка перавядзе вас на другі ўзровень, і вось ужо перад вачыма новы маршрут у новым месцы, іншая грань загадкі.

Вельмі разумная, складаная і ўадначас вытанчаная кніга, падобная на шкатулку з падвойным (патройным?) дном. Нэсбё працягвае ўражваць і азадачваць чытача.

5. Генадзь Прашкевіч, Уладзімер Барысаў, «Станіслаў Лем».

84 гады жыцьця можна ўкласьці ў 368 старонак, але ці дазволіць гэта наблізіцца да разгадкі таямніцаў творчасьці выдатнага польскага пісьменьніка-фантаста, чые творы перакладзеныя на 41 мову плянэты Зямля? Нават калі кніга выдадзена знакамітым выдавецтвам, якое падрыхтавала звыш 1700 біяграфій у сэрыі «Жыцьцё надзвычайных людзей»? Вядома, не. Затое гэткая кніга з кагорты non-fiction дасьць магчымасьць пабачыць у літаратары ня робата, машыну па стварэньні тэкстаў, а чалавека, зазірнуць у ягоную душу.

Так, мы даведаемся, што Станіслаў Лем зь юнацтва сябраваў са сьвятаром Каралем Вайтылам, будучым Папам Рымскім Янам Паўлам II. Гэтае сяброўства падаецца дзіўным і нават немагчымым, улічваючы, што пісьменьнік адкрыта сьмяяўся з хрысьціянскай ідэі стварэньня сьвету і, прыкладам, задаваў непрыемнае для сьвятароў пытаньне, ці можна даваць прычасьце клонам. Аднак кожны з нас шукае Бога ва ўласным сусьвеце, і адрознасьці ў поглядах не павінны рабіцца валунамі, што перакрываюць людзям шлях аднаго да аднаго. Для Лема Вайтыла быў і цалкам рэальным сябрам, і абстрактным сымбалем дабра, і... пэрсанажам апавяданьня «Чорнае і белае» (1983).

У пісьменьнікаў усё як у людзей, такія самыя радасьці і злыбеды, думкі і пачуцьці, зацікаўленьні. Прыкладам, Лем быў гарачым заўзятарам аўтамабіляў. У замежных вандроўках ён не выдатныя мясьціны фатаграфаваў, а вырабы аўтапрому. Калі ж Лем набыў навюткі Fiat, дык гэты аўтамабіль надоўга заглушыў усе іншыя тэмы ў прыватным ліставаньні пісьменьніка. Ці вось звычайнае чалавечае пачуцьцё, уласьцівае і літаратарам: крыўда. «Астранаўты» Лема ў СССР выйшлі накладам 2,5 мільёна асобнікаў з прадмовай касманаўта Германа Цітова, а ў роднай Польшчы за ўвесь 1964 год прадалі толькі два дзясяткі асобнікаў. «На Ўсходзе мяне ўспрымаюць наўпрост як акіян, — з горыччу казаў Лем. — Польшча — гэта асобны выпадак, таму што ніхто ў нас не зьяўляецца прарокам».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG