Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У чым мае рацыю Пазьняк? Дыскусія Карбалевіча і Панкаўца


Лідэр Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк
Лідэр Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк

Ці мае рацыю Зянон Пазьняк зь яго прапановай прыпыніць эканамічныя санкцыі і пачаць дыялёг з рэжымам Лукашэнкі аб спыненьні рэпрэсіяў? Ці гатовыя рэжым і Захад да такога дыялёгу? Ці кідаюць санкцыі Лукашэнку ў абдымкі Пуціна? Якія шанцы на новы грамадзкі пад’ём у выніку санкцыяў?

Па гэтых пытаньнях Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium спрачаюцца палітычны аглядальнік Свабоды Валер Карбалевіч і палітычны аналітык Зьміцер Панкавец.

Панкавец

  • Такая гучная рэакцыя ў сацыяльных сетках на артыкул Пазьняка адбылася дзякуючы асобе.
  • Калі б гэта сказаў нехта іншы, можа і не зьвярнулі б увагі.
  • Тое, што кажа Пазьняк, па-ранейшаму абмяркоўваецца.
Зьміцер Панкавец
Зьміцер Панкавец
  • Мне зразумелая лёгіка Пазьняка.
  • Ён бачыць пагрозу для беларускай дзяржаўнасьці.
  • Адзіны бэнэфіцыяр ад існаваньня санкцыяў — Расея.
  • Я ня веру, што гэтым здольныя скарыстацца Ціханоўская ці Латушка.
  • Нават калі рэжым аслабне, я ня бачу, хто гэтым зможа скарыстацца, акрамя Расеі.

Карбалевіч

  • Пазьняк жыве ў нейкім сваім сьвеце, у сваёй рэальнасьці, якая не заўсёды супадае з той рэальнасьцю, у якой жыве Беларусь.
  • 26 гадоў кіраваньня Лукашэнкі Пазьняк і яго партыя КХП-БНФ казалі, што Лукашэнка — гэта расейская марыянэтка, і барацьба супраць яго — гэта нацыянальна-вызвольны рух супраць расейскага імпэрыялізму.
  • А цяпер высьвятляецца, што Лукашэнка — абаронца беларускай незалежнасьці.
Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч
  • Год таму Пазьняк казаў, што лепш Лукашэнка, чым Бабарыка.
  • Пазьняк кажа, што чым больш на Лукашэнку ціснуць, у тым большую залежнасьць ад Расеі трапляе Беларусь.
  • Калі ўводзяцца санкцыі, ніхто загадзя ня ведае, якім будзе вынік.
  • Міжнародны досьвед эфэкту санкцыяў розны, адносна адных краінаў яны далі эфэкт, адносна іншых — не.
  • Адносна Беларусі эканамічныя санкцыі яшчэ фактычна не пачалі працаваць.
  • Галоўны чыньнік, які выклікае санкцыі і які цягне Беларусь у залежнасьць ад Расеі, — гэта Лукашэнка.
  • Пакуль ёсьць Лукашэнка, залежнасьць Беларусі ад Расеі будзе павялічвацца.

Панкавец

  • Пазьняк заклікаў пачаць дыялёг пра вызваленьне палітвязьняў. Гэта цяпер галоўнае, і гэта тое, пра што Эўропа можа размаўляць з Лукашэнкам.
  • На мой погляд, частка апазыцыі жыве ў прыдуманым сьвеце, калі сёньня разважае пра тое, каб зрынуць рэжым у найбліжэйшы час.
  • Трэба быць рэалістамі і вырашаць задачы, якія зараз выканальныя.
  • Санкцыі як інструмэнт вызваленьня палітвязьняў — гэта магчыма і эфэктыўна.
  • Санкцыі як інструмэнт зрынаньня рэжыму — гэта неэфэктыўна.
  • Формулу Валера можна перафразаваць: пакуль у Расеі будзе існаваць той рэжым, які там існуе, будзе падтрымка Лукашэнкі зь яго боку і будзе існаваць Лукашэнка.
  • Уявіце, што ў выніку санкцыяў Беларусь выкідаюць з усіх міжнародных пагадненьняў, а рэжым не абрынаецца, трывае.
  • І колькі часу Беларусь будзе існаваць у такім становішчы ДНР?
  • Без 5 гадоў «мядовага месяца» нармалізацыі адносінаў з Захадам (2015–2020) не было б паўстаньня 2020 году.
  • Чым больш будзе Эўропы ў Беларусі, чым больш будзе эўрапейскай прысутнасьці, тым менш будзе заставацца рэжыму Лукашэнкі.

Карбалевіч

  • Я ня думаю, што сёньня ёсьць варыянт вяртаньня ў 2013 год — у новы працэс нармалізацыі адносінаў рэжыму і Захаду.
  • Ужо іншае грамадзтва і іншы палітычны рэжым.
  • Грамадзтва ўзрушанае падзеямі 2020 году, рэжым стаў больш жорсткім.
  • Я нязгодны з думкай, што перанакіраваньне патоку беларускага экспарту з партоў краінаў Балтыі на расейскія парты — гэта вынік санкцыяў.
  • Гэтае перанакіраваньне пачалося да ўвядзеньня сурʼёзных заходніх санкцыяў.
  • Гэта ж тычыцца і паглыбленьня супрацоўніцтва ў вайсковай сфэры.
  • І адно, і другое — гэта плата Лукашэнкі Расеі за падтрымку, аказаную ўлетку і ўвосень 2020 году, а ня вынік санкцыяў.
  • Цяперашнія санкцыі ўводзяцца ў момант палітычнага крызісу, які ў Беларусі не пераадолены.

Панкавец

  • Падчас «вялікай размовы» Лукашэнкі 9 жніўня 2021 году галоўнай тэмай была якраз магчымасьць дыялёгу.
  • Зразумела, не зь Ціханоўскай ці Латушкам — з гэтымі людзьмі Лукашэнка весьці дыялёг ніколі ня будзе.
  • Нават мігранцкі крызіс, які ён справакаваў, — гэта ж відавочна запрашэньне Захаду да дыялёгу.
  • Яно правалілася, але я ня думаю, што спробы выйсьці на эўрапейскіх палітыкаў спыняцца.
  • Ад крызісу стамляюцца ўсе, і ня толькі ў Беларусі — у Эўропе таксама.

Карбалевіч

  • Я мяркую, што пэўныя кантакты з Захадам у рэжыму ёсьць.
  • Але праблема ў тым, што няма парадку дня перамоваў, няма пра што размаўляць, калі беларускія ўлады ня хочуць ісьці ні на якія саступкі.
  • Для ўладаў працяг рэпрэсіяў — гэта спосаб утрыманьня ўлады, гэта прымусовая легітымізацыя.

Панкавец

  • Капітуляваць перад Лукашэнкам Эўропа не зьбіраецца. Як і ён сам не зьбіраецца капітуляваць.
  • Але гэта не азначае, што няма пра што размаўляць.
  • Многія чакаюць, што першая партыя палітвязьняў выйдзе на волю 17 верасьня.
  • Калі гэта адбудзецца, добрым жэстам з боку Эўропы было б прыпыненьне прыняцьця пятага пакету санкцыяў.

Карбалевіч

  • Брутальныя дзеяньні беларускіх уладаў — гэта адзін з матываў увядзеньня санкцыяў.
  • Другі чыньнік — гэта агрэсіўная зьнешняя палітыка афіцыйнага Менску пасьля 9 жніўня 2020 году.
  • Тады Лукашэнка абвінаваціў Захад ня толькі ў арганізацыі «каляровай рэвалюцыі», але і ў тым, што Польшча і Літва хочуць пачаць вайну.
  • Пяты пакет санкцыяў — гэта адказ на міграцыйны крызіс.

Панкавец

  • Мы маем вельмі палітызаваную публіку ў Фэйсбуку і ў іншых сацсетках.
  • Але зайдзіце ў Інстаграм хаця б, і вы ўбачыце, што Менск працягвае жыць сваім жыцьцём.
  • Для вялікай колькасьці людзей мала што зьмянілася, нават для некаторых з тых, хто выходзіў на пратэсты ў жніўні летась.
  • Некаторыя ІТ-кампаніі зьехалі з краіны, але большасьць засталася.
  • Зыбіцкая, як і раней, поўная людзей.
  • Таму складана сказаць, што грамадзтва ня прыме прапановы Пазьняка.
  • Зразумела, застануцца радыкалы, але іх няшмат.

Карбалевіч

  • Нявырашанасьць беларускага ўнутрыпалітычнага крызісу пачынае ўплываць на рэгіянальную бясьпеку.
  • І пакуль ня будзе вырашаная ўнутрыбеларуская праблема, сытуацыя ня вернецца ў 2019 год.

Што было раней

  • Лідэр Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк апублікаваў артыкул «Развагі ў пачатку гібрыднай вайны».
  • «Падзеі выглядаюць так, што ў інтарэсах беларускага народу трэба адмяніць авія-пасажырскую і наземна-транспартную блякаду Беларусі. Трэба аднавіць міжлюдзкія сувязі і кантакты паміж народамі, камунікацыі з грамадзтвам».
  • «Другое — прыпыніць эканамічныя санкцыі, замарозіць іх (бо санкцыі ўладу дыктатара ня зваляць) і ўступіць у перамовы з процілеглым бокам аб спыненьні рэпрэсіяў, катаваньняў людзей, аб спыненьні перасьледу грамадзянскай супольнасьці. Яшчэ ёсьць час».
  • «У самым пачатку гібрыднай вайны, каб спыніць эскаляцыю, трэба патушыць вогнішчы з абодвух бакоў, гэта значыць пачаць размаўляць. Палітыка загнаць узурпатара ў пастку (у Расею) коштам жыцьця беларускага народа — гэта ёсьць эгаістычная палітыка барбарства».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG