Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асуджаную Алену Гнаўк двойчы за дзень вазілі ў міліцыю


Алена Гнаўк
Алена Гнаўк

Пра гэта паведаміла берасьцейская «Вясна» са спасылкай на дачку Гнаўк.

3 жніўня ў судзе Ленінскага раёну Берасьця вынесьлі прысуд 64-гадовай Алене Гнаўк. Саму Гнаўк яшчэ й затрымалі за фільмаваньне прамовы судзьдзі падчас абвяшчэньня выраку.

Судзьдзя Дзьмітры Куроўскі прызнаў жанчыну вінаватай у абразе Аляксандра Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК) і прысудзіў ёй 2 гады «хатняй хіміі». Аднак праз тое, што Гнаўк з 24 ліпеня адбывае іншае пакараньне (у траўні ёй прысудзілі 2 гады «хатняй хіміі» ў так званай «карагоднай справе»), усяго ёй належыць адбыць тры гады «хатняй хіміі».

Напярэдадні такі ж самы тэрмін для абвінавачанай запрасіў пракурор Міхаіл Булыгін.

Алену Гнаўк пачала здымаць на відэа, як судзьдзя зачытвае ёй прысуд. За гэта яе затрымалі і адвезьлі ў Ленінскі РАУС. Потым яе прывезьлі ў суд, дзе судзьдзя Шурын пачаў яе судзіць за «непавагу да суду».

Як паведаміла берасьцейская «Вясна», каля 18-й гадзіны ў паседжаньні абвясьцілі перапынак да панядзелка. Аднак, калі Гнаўк выходзіла з суду, да яе падышлі міліцыянты і прапанавалі паехаць у Сьледчы камітэт «проста пагутарыць». Калі яна адмовілася, яе сілай пасадзілі ў аўтамабіль і зноўку павезьлі ў Ленінскі РАУС Берасьця.

Каля 9-ай вечара Алену Гнаўк адпусьцілі з РАУС. Там яе апытвалі ў якасьці сьведкі па крымінальнай справе, заведзенай з прычыны трапляньня асабістых дадзеных пракурора Міхаіла Булыгіна ў телеграм-канал «ЧКБ Брест и область». Пра гэта Алена паведаміла праз сваю дачку. Цікава, што менавіта пракурор Булыгін прадстаўляў дзяржаўнае абвінавачаньне на судзе 2-3 верасьня над Аленай Гнаук.

У чым абвінавацілі актывістку на ранейшым судовым працэсе?

Згодна з матэрыяламі справы, Алена Гнаўк 20 красавіка 2021 году, знаходзячыся ў залі берасьцейскага Дома правасудзьдзя, падчас допыту ў якасьці абвінавачанай у межах іншай крымінальнай справы выказалася фразай, у якой зьмяшчалася абраза ў адрас кіраўніка дзяржавы.

Сама Алена Гнаўк раней расказала, што на разглядзе «карагоднай справы» падчас свайго выступу яна сказала: «9 жніўня мінулага году ўладу захапіў не зусім здаровы, прабачце, псыхічна чалавек...». Пасьля гэтага, па словах Гнаўк, памочнік дзяржабвінаваўцы Аляксей Бараноўскі напісаў дакладную запіску на імя пракурора Берасьця пра «нанясеньне цяперашняму прэзыдэнту Лукашэнку А. Р. цяжкай абразы, што нясе напружаньне і дэстабілізацыю ў краіне».

У выніку суд над жанчынай у гэтай справе пачаўся 2 верасьня. Паводле зьвестак праваабаронцаў, на першым паседжаньні пэнсіянэрка віны не прызнала. Яна падала хадайніцтва аб спыненьні крымінальнай справы і прызначэньні незалежнай лінгвістычнай экспэртызы. Але судзьдзя Куроўскі яго адхіліў.

Перасьлед Гнаўк працягваецца

Раней Алена Гнаўк паведаміла, што пракурор Бараноўскі, які прысутнічаў на судзе ў «карагоднай справе» ў якасьці абвінаваўцы, спрычыніўся ня толькі да завядзеньня крымінальнай справы, але таксама і да адміністрацыйнай. Прычынай стала нібыта «дэманстрацыя экстрэмісцкай літаратуры ў залі суду Маскоўскага раёну Берасьця». За гэта 19 жніўня Гнаўк чарговы раз затрымалі і зьмясьцілі ў берасьцейскі ізалятар часовага ўтрыманьня. На наступны дзень раніцай Алена Гнаўк напісала ў фэйсбуку, што яе вызвалілі, а пратакол накіравалі на дапрацоўку.

Потым у сацсетках Гнаўк падкрэсьліла, што Бараноўскі, магчыма, ня ведаў, што чалавек караецца толькі за распаўсюд экстрэмісцкай кнігі, а не за яе дэманстрацыю. Таму актывістка спадзяецца, што справу, распачатую супраць яе, урэшце ўсё ж закрыюць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG