Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Шукалі лялькавода, бо не маглі зразумець, што людзі выйшлі самі». Асуджаныя «за карагод» дзяўчаты пра сваю справу


«Карагодная справа», карагодны пратэст, Берасьце, 13 верасьня.
«Карагодная справа», карагодны пратэст, Берасьце, 13 верасьня.

У Берасьці абвясьцілі прысуд першай дзясятцы ўдзельнікаў падзей 13 верасьня.

Тады больш за тысячу пратэстоўцаў выйшлі на скрыжаваньне цэнтральных вуліц, дзе зладзілі карагод.

У гэты дзень упершыню ў Беларусі супраць мірных дэманстрантаў быў ужыты вадамёт, людзі з праезнай часткі разьбегліся, а ўжо празь некалькі дзён пачаліся затрыманьні.

«Гэта пакараньне за выказваньне грамадзянскай пазыцыі»

Выкладчыцу ангельскай і польскай моваў Марыну Глазаву затрымалі адной зь першых, доўгі час яе падазравалі ў арганізацыі карагоду з мэтай спыніць рух транспарту. Больш за тры месяцы Марына была за кратамі ў сьледчым ізалятары, потым пад хатнім арыштам. 25 лютага ёй прысудзілі 1,5 года «хатняй хіміі» — «абмежаваньня волі без накіраваньня ва ўстанову закрытага тыпу».

Марына Глазава, «Карагодная справа».
Марына Глазава, «Карагодная справа».

Пасьля суду Марына сказала, што ў яе супярэчлівыя пачуцьці ад пачутага прысуду і яна яшчэ ня вызначылася, ці будзе падаваць скаргу.

«Параімся з адвакатам, як атрымаем тэкст прысуду, і тады прымем канчатковае рашэньне, ці варта абскарджваць. „Хатняя хімія“, вядома, лепш, чым „з накіраваньнем“, тым больш чым хатні арышт або турма. Але ўсё роўна гэта абмежаваньне волі за выказваньне грамадзянскай пазыцыі, а гэта несправядліва», — кажа Марына Глазава.

13 верасьня разам зь іншымі гараджанамі яна выйшла на праспэкт Машэрава.

«Людзі абурыліся падманам на выбарах і гвалтам», — кажа Марына пра імпульс, які вывеў людзей на пратэст. На скрыжаваньні з бульварам Касманаўтаў частка калёны выйшла з ходнікаў на праезную частку, людзі пачалі танцаваць, сталі ў карагод. Сярод іх аказалася і Марына Глазава. Яна перакананая, што ніякага арганізатара ў карагоду не было. Сьледства, аднак, настойліва шукала яго, і спачатку падазрэньне пала на Марыну, бо ў вольны ад працы час яна займалася танцамі.

«Мой сьледчы ніяк ня мог зразумець, што ніякага арганізатара карагоду не было. Мае словы ў пратаколе, якія ён запісваў, спачатку абавязкова суправаджаў фразай пра карагод. Кшталту, „маю ідэю пачаць карагод усе падтрымалі...“, ці „маючы намер на арганізацыю карагоду...“, і гэтак далей. Як выкладчыца я прызвычаілася працаваць з тэкстамі і гэтага не прапускала. Увесь час настойвала, каб прыбіраў з пратаколу словы, якіх я не казала. Яшчэ распытвалі пра сяброў за мяжой, цікавіліся нават, чаму я абрала польскую і ангельскую мовы. Але і наўпрост пыталіся, хто арганізаваў карагод — усё шукалі лялькаводаў», — згадвае допыты Марына Глазава.

Дзяўчына перакананая, што дзеяньнямі натоўпу ў той дзень ніхто не кіраваў, усё адбывалася стыхійна.

«Грала музыка — нейкі чалавек нёс калёнку. Як падышлі да Касманаўтаў, яна зайграла „Тры чарапахі“ і людзі пачалі падпяваць, бо ўсе ведалі словы. Потым, як выйшлі на дарогу, пачалі танцаваць — вось і карагод», — кажа Марына Глазава.

«Думала, што абавязкова зьеду з краіны»

Спачатку дзяўчыну пакаралі адміністрацыйным арыштам за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі і трымалі ў ІЧУ, але ўжо праз тыдзень ёй абвясьцілі, што ня вызваляць, а адправяць у сьледчы ізалятар, бо яна падазраецца ў арганізацыі беспарадкаў. Марына прызнаецца, што перажыла тады найгоршыя дні ў жыцьці.

«Настрой сапраўды ўпаў. Тым больш калі трапіла ў камэру, дзе сядзелі 4 жанчыны, абвінавачаныя ў забойстве. Спачатку было цяжка. Думала нават, што як вызвалюся, абавязкова зьеду з краіны. Але потым пачалі прыходзіць лісты ў маю падтрымку, столькі цудоўных людзей за мяне заступіліся, і я вырашыла, што нельга паддавацца страху. З таго моманту было лягчэй».

Марына Глазава.
Марына Глазава.

Марына Глазава перадала вялікую падзяку тым, хто яе падтрымліваў, пакуль сядзела ў вязьніцы. Выкладчыца лічыць, што калі б ня гэтая ўвага грамадзтва, сёньняшнія прысуды былі б больш сур’ёзныя. Таксама Марына заклікае не спыняцца ў салідарнасьці зь фігурантамі наступных «карагодных» ды іншых палітычных спраў. Сама яна ўжо падрыхтавала лісты салідарнасьці некаторым палітвязьням, цяпер зможа адправіць іх адрасатам.

Зь Беларусі Марына Глазава зьяжджаць не зьбіраецца.

«Што я такога зрабіла, каб мне даваць год „хіміі“?»

Фігурантку «карагоднай справы» 20-гадовую студэнтку Марыну Сірэцан асудзілі на 1 год «хатняй хіміі». Яна кажа, што сярод пратэстоўцаў аказалася выпадкова.

«Быў выходны дзень, мы зь сябрамі пайшлі гуляць па цэнтры гораду і ўбачылі калёну дэманстрантаў. Далей проста далучыліся, і ўсё», — кажа Марына Сірэцан. Дзяўчына згадвае: шэсьце было зусім мірнае, людзі ішлі ў вясёлым, неагрэсіўным настроі, які адразу перадаўся і ёй.

«Была ў той момант цалкам шчасьлівая», — прызнаецца Марына.

Тэрмін, які Марына атрымала ад суду — 1 год хатняй хіміі, — найменшы з усіх, што далі фігурантам «карагоднай справы». Але дзяўчына ня лічыць яго справядлівым.

«З аднаго боку, добра, што „без накіраваньня“ і тэрмін малы, але ўсё роўна — ну за што? Што я такога зрабіла, каб мне даваць год „хіміі“? Выйшла на дарогу? Ужо не кажу пра іншых, каму далі паўтара ці два гады з накіраваньнем за тое самае. Мне гэта дагэтуль незразумела — за што?»

Паводле Марыны Сірэцан, далучыцца да калёны пратэстоўцаў яе падштурхнула жаданьне выказаць сваё стаўленьне да вынікаў выбараў і падтрымаць тых людзей, які зазналі гвалт за ўдзел у пратэстах. І што так зрабіла, дзяўчына не шкадуе.

«Вядома, зьяўляюцца думкі, што лепш бы не далучалася тады. Але потым, як усё згадаю, дык прыходжу да высновы, што інакш не магла.Тады мы не адчувалі, што рабілі нешта незаконнае. Наадварот, што ўсё адбываецца як трэба», — кажа Марына.

«Карагодная справа», карагод, Берасьце, 13 верасьня
«Карагодная справа», карагод, Берасьце, 13 верасьня

Як яна будзе адбываць прысуджаную ёй «хімію», Марына ня ведае. Студэнтка вучыцца ня ў Берасьці, але спадзяецца, што «хатнюю хімію» ёй прызначаць па месцы вучобы. Ці будзе Марына абскарджваць прысуд, яна яшчэ ня вызначылася.

«Крымінальны кодэкс ужываюць для перасьледу іншадумства»

Праваабаронца зь Берасьця Раман Кісьляк мяркуе, што прысуды, якія вынесьлі ўдзельнікам «карагоднай справы», сьведчаць аб масавым ігнараваньні гарантаваных Канстытуцыяй правоў грамадзян Беларусі і парушаюць міжнародныя абавязаньні краіны.

«Так, гэта даказаны факт, што людзі спыніліся на скрыжаваньні і перакрылі рух транспарту, але гэта ўсяго толькі адміністрацыйнае парушэньне. І за яго прыцягвалі да адказнасьці па адміністрацыйным законе. Але ёсьць выпадкі, калі ўдзельнікаў карагоду за тое самае судзяць і паводле Крымінальнага кодэксу, то бок двойчы за адно парушэньне. Гэта супярэчыць закону. А што караюць за выказваньне палітычных поглядаў — супярэчыць абавязаньню выконваць Міжнародны пакт аб палітычных і грамадзянскіх правах», — мяркуе Раман Кісьляк.

Раман Кісьляк.
Раман Кісьляк.

Праваабаронца згадаў, што дарогу 13 верасьня перакрылі ўсяго на 20 хвілін, прычым у нядзелю, калі інтэнсіўнага руху транспарту не было і шкода аказалася мінімальнай. На думку праваабаронцы, грамадзяне маюць права на выказваньне сваёй пазыцыі, тым больш па такім важным пытаньні, як вынікі выбараў.

«У нас раней карнавал праводзілі, калі перакрывалі рух на большы час, і нічога. Пагрозы ад пратэстоўцаў не было ніякай. Сьведкі па справе, кіроўцы тралейбусаў казалі, што з боку людзей не было агрэсіі, пастаялі б і разышліся. Сьведкі — працаўнікі вулічных крамаў казалі, што больш баяліся шкоды ад разгону шэсьця, ад дзеяньняў праваахоўнікаў, чым ад пратэстоўцаў. Але галоўнае, што людзі маюць права выказаць сваю пазыцыю, тым больш пра выбары. Людзі даводзілі, што іх пазыцыі аб правядзеньні новых выбараў і супраць гвалту ўлады ня чуюць. Абурэньне людзей і прывяло да выхаду на скрыжаваньне, і я ня бачу ў гэтым складу злачынства. Відавочна, што тут Крымінальны кодэкс ужываюць для перасьледу іншадумства», — кажа праваабаронца Раман Кісьляк.

Паводле праваабаронцы, у Берасьці рыхтуюцца разглядаць яшчэ некалькі крымінальных спраў па тых жа падзеях 13 верасьня. «Па нашых зьвестках, усяго каля 50 чалавек у іх фігуруюць», — сказаў Раман Кісьляк.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG