Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Афганістану пакінуў краіну. Талібан патрабуе поўнай перадачы ўлады

абноўлена

Прэзыдэнт Афганістану Ашраф Гані
Прэзыдэнт Афганістану Ашраф Гані

Раней талібы за некалькі дзён супрацьстаяньня з урадавымі войскамі заваявалі ўсе ключавыя гарады краіны і падступілі пад межы сталіцы.

Сытуацыя на гэты час:

  • Прэзыдэнт Афганістану Ашраф Гані пайшоў у адстаўку, гэта пацьвердзіла МУС Афганістану.
  • Мясцовыя СМІ перадаюць, што ён пакінуў Афганістан. Паводле выданьня «Азія-Плюс», Гані вылецеў у Таджыкістан.
  • Крыніцы ў МЗС і спэцслужбах Таджыкістану заявілі РІА Новости, што ў іх няма інфармацыі пра вылет прэзыдэнта Афганістану Гані ў Душанбэ.
  • Ашраф Гані знаходзіцца ў Амане, сьцьвярджае тэлеканал Kabul News.
  • Асабісты ахоўнік Гані пацьвердзіў, што прэзыдэнт паляцеў ва Ўзбэкістан, перадае Al-Jazeera
  • У Фэйсбуку зьявіўся пост ад імя Гані, дзе ён кажа, што сышоў, каб пазьбегнуць праліцьця крыві.
  • «Талібан» заявіў, што ў Афганістане ня будзе пераходнага ўраду, і ён чакае поўнай перадачы ўлады.
  • Паводле паведамленьняў з Кабулу, талібы ўвайшлі ў прэзыдэнцкі палац.
  • Талібы зьбіраюцца абвясьціць аб стварэньні Ісламскага Эмірату Афганістан, перадае Associated Press са спасылкай на свае крыніцы.
  • Камэнтатар Свабоды лічыць, што за падзеямі ў Афганістане Захаду будзе ўжо не да Беларусі.


Ранней у нядзелю паведамлялася, што кіраўніцтва Афганістанам перададзенае радзе, у якую ўвайшлі кіраўнік вышэйшага савету па нацыянальным прымірэньні Абдула Абдула і экс-прэзыдэнт Хамід Карзай. Рада затым перадасьць уладу талібам.

Аднак пазьней, паводле Reuters, «Талібан» заявіў, што ў Афганістане ня будзе пераходнага ўраду, і ён чакае поўнай перадачы ўлады. Талібы ўвайшлі ў прэзыдэнцкі палац у Кабуле.

«Талібан» загадаў сваім сілам увайсьці ў раёны Кабулу і паставіў блёкпост на дарозе паміж Джэлалабадам і Кабулам.


Дэлегацыя радыкальнага руху «Талібан» вяла сёньня перамовы ў прэзыдэнцкім палацы ў Кабуле, інфармуе тэлеканал Al Arabiya са спасылкай на свае крыніцы. Чакалася, што перадача ўлады можа адбыцца ўжо 15 жніўня.

14 жніўня талібы заявілі пра тое, што цалкам кантралююць тэрыторыю Афганістану.

15 жніўня на вуліцах Кабулу панавалі хаос і паніка. Частка жыхароў спрабавала пакінуць горад, уцякалі працаўнікі ўрадавых установаў. Зачыненыя адміністрацыйныя офісы, паліцэйскія ўчасткі, вайсковыя ўпраўленьні, спынілі працу крамы і рынкі.

Прэзыдэнт Ашраф Гані раней правёў кансультацыі са спэцпрадстаўнікамі ЗША і NATO.

Раней выканаўца абавязкаў міністра ўнутраных спраў Афганістану Абдул Сатар Мірзаквал заявіў у этэры тэлеканалу Tolo News, што «Кабул не падвергнецца нападу, пераход улады адбудзецца мірным шляхам». Ён запэўніў жыхароў сталіцы, што праваахоўныя органы гарантуюць бясьпеку Кабулу.

Эвакуацыя дыпляматаў

ЗША эвакіруюць сваіх дыпляматаў. Для дапамогі ў абароне аэрапорта Кабулу і амбасады Вашынгтон дадаткова накіраваў у Афганістан сваіх вайскоўцаў. CNN і Bloomberg паведамілі, што пэрсаналу амбасады даручылі зьнішчаць дакумэнты і прадметы, якія можна выкарыстоўваць у мэтах прапаганды (напрыклад, амэрыканскія сьцягі). Пры гэтым крыніца Bloomberg удакладніў, што гэта стандартная практыка.

Нямеччына закрыла пасольства ў Афганістане, увесь пэрсанал перавезены ў ваенны сэктар аэрапорта Кабулу.

Расея не плянуе эвакуіраваць супрацоўнікаў сваёй амбасады ў Кабуле. Пра гэта паведамляе РІА Новости са спасылкай прадстаўніка МЗС Расеі Заміра Кабулава. Паводле яго, дыпмісія працягне працаваць у звычайным рэжыме, паколькі талібы гарантавалі амбасадзе бясьпеку. Ён таксама адзначыў, што гэта тычыцца і прадстаўніцтваў іншых краін.

Амбасады Беларусі ў Афганістане няма, беларускім грамадзянам МЗС рэкамэндаваў зьвяртацца ў амбасаду Беларусі ў Таджыкістане.

Талібы заклікалі банкі і дзяржаўныя ўстановы працаваць у звычайным рэжыме, а жыхароў — зь меркаваньняў бясьпекі не пакідаць свае дамы, сказаўшы, што нікому ня будуць помсьціць і амністуюць усіх, хто служыць цяперашняй кабульскай адміністрацыі.

Амбасада ЗША паведамляе, што аэрапорт Кабулу быў абстраляны. ЗША разглядаюць магчымасьць паслаць дадатковыя сілы ў Афганістан, перадае CNN.

Тысячы мірных жыхароў перайшлі са сваіх дамоў у паркі і ў іншыя адкрытыя прасторы Кабулу, баючыся за жыцьцё сябе і блізкіх. У сталіцы шматлікія банкаматы спынілі выдачу гатоўкі пасьля таго, як каля іх сабраліся доўгія чэргі.

Эўракамісія, як піша ТАСС, зрэагавала на разьвіцьцё падзей у Афганістане, заявіўшы, што сытуацыя ў гэтай краіне, а таксама дзеяньні ўладаў Беларусі ў сфэры памежнага кантролю «вымагаюць ад Эўразьвязу тэрміновага перагляду агульных правілаў міграцыі і прадастаўленьня прытулку».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG