Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: Дзень памяці Міхала Валовіча


Паўстанцы Міхал Валовіч і Артур Завіша каля шыбеніцы, гравюра М. Ходзькі
Паўстанцы Міхал Валовіч і Артур Завіша каля шыбеніцы, гравюра М. Ходзькі

Падзеі 2 жніўня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі

Дата дня

2 жніўня 1833 году быў пакараны сьмерцю праз павешаньне Міхал Валовіч, удзельнік вызвольнага паўстаньня 1831 году, камандзір партызанскага аддзелу ў 1833 годзе.

Заняты радыёпраграмаю «Імёны Свабоды», я мусіў на нейкі час адкласьці пачатую аповесьць пра Міхала Валовіча, у вобраз якога ўжыўся ажно да таго, што сьніў сябе інсургентам зь ягонага паўстанцкага аддзелу.

У жніўні 1833 году ў Санкт-Пецярбург прыйшла дэпэша з паведамленьнем, што ў Горадні «со всей возможной торжественностью и при большом стечении народа» пакараны сьмерцю на шыбеніцы асабліва небясьпечны злачынца.

Цела павешанага ўначы таемна перавезьлі ў закінуты вапнавы кар’ер і закапалі, каб магіла паўстанца ня сталася месцам патрыятычных маніфэстацыяў. Небясьпечным злачынцам быў ён, Валовіч.

Выхаванец Віленскага ўнівэрсытэту, блізкі сябра філяматаў і філярэтаў, у 1831-м Міхал разам зь лепшымі людзьмі краю ўзяў у рукі зброю. Расейскі ўрад кінуў супраць паўстанцаў 150 тысячаў рэгулярнага войска...

Шмат каму з былых інсургентаў даў прыстанак Парыж. Там Валовіч стаў сябрам патрыятычнага Таварыства Літоўскіх і Рускіх земляў. Яго ўдзельнікі лічылі, што паўстаньне скончылася паразай, бо ня мела «чалавекалюбнай мэты».

Міхал зь сябрамі ўступіў у шэрагі таемнага Інтэрнацыяналу карбанарыяў, які рыхтаваўся ў 1833-м распачаць усеагульны выступ супраць эўрапейскіх манархаў.

Лёзунгамі будучага паўстаньня на беларускіх землях былі: канстытуцыя, надзяленьне сялянаў зямлёй, роўнасьць палітычных правоў. Валовіча, які належаў да прыхільнікаў абвяшчэньня Літвы-Беларусі дэмакратычнай рэспублікай, зацьвердзілі паўстанцкім начальнікам СлонімскаНаваградзкай акругі.

Пакінуўшы спакойнае жыцьцё ў Парыжы, ён праз два тыдні нелегальна дабраўся да роднай Слонімшчыны. Базаю створанага ім партызанскага аддзелу зрабілася закінутая смалакурня ў адным з бацькавых фальваркаў.

У Слонімскі павет улады сьцягнулі супраць дзясятка «бунтаўнікоў» болей за тысячу карнікаў...

Дакумэнты сьведчаць, што пры затрыманьні Міхал Валовіч параніў кінжалам двух чалавек, а затым спрабаваў забіць сябе. На допытах нікога з паплечнікаў не назваў.

Сучасныя дасьледнікі (асабліва шмат для ўшанаваньня памяці Валовіча зрабіў гарадзенскі краязнаўца Аляксандар Талерчык) здолелі дакладна вызначыць месца, дзе Валовіч апошні раз бачыў неба. Гэты куток знаходзіцца ў Горадні паміж вуліцамі Лідзкай і Белуша, Парахавым завулкам і праспэктам Касманаўтаў.

Калі-небудзь там абавязкова зьявіцца помнік.

А ў Парэччы памяць паўстанца штогод ушаноўваюць каля мэмарыяльнага крыжа недалёка ад месца, дзе калісьці Валовічы збудавалі вуніяцкую царкву.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с.30-31.

Таксама ў гэты дзень

216 да н.э. — картагенскі вайскаводзец Ганібал пры Канах нанёс самую цяжкую паразу рымлянам за ўсю іх гісторыю.

1776 — адбылася цырымонія падпісаньня Дэклярацыі незалежнасьці, прынятай 4 ліпеня Кантынэнтальным кангрэсам, якая абвясьціла аддзяленьне 13 паўночнаамэрыканскіх калёніяў ад Вялікай Брытаніі.

1802 — плебісцытам Напалеон прызначаны пажыцьцёвым консулам Францыі.

Магіла Напалеона ў Доме інвалідаў, Парыж
Магіла Напалеона ў Доме інвалідаў, Парыж

1840 — указам расейскага імпэратара спынена дзеяньне Статуту ВКЛ на тэрыторыі Віленскай, Горадзенскай і Менскай губэрняў.

1919 — у Вільні Цэнтральнай беларускай радай Віленшчыны і Горадзеншчыны створаная Беларуская вайсковая камісія — орган па фармаваньні беларускіх частак у войску Другой Рэчы Паспалітай.

1934 — пасьля сьмерці райхспрэзыдента Паўля Гіндэнбурга ў Нямеччыне абвешчаны рэфэрэндум па пытаньні аб’яднаньня пасадаў райхспрэзыдента і райхсканцлера, па выніках якога Адольф Гітлер быў абвешчаны фюрэрам Нямеччыны.

1945 — скончылася Патсдамская канфэрэнцыя лідэраў антыгітлераўскай кааліцыі — Клемэнта Этлі (Вялікая Брытанія), Гары Трумана (ЗША) і Іосіфа Сталіна (СССР).

1990 — уварваньне Іраку ў Кувэйт.

У гэты дзень нарадзіліся

1549 ― Мікалай Крыштаф Радзівіл «Сіротка», дзяржаўны дзеяч Вялікага княства Літоўскага, вандроўнік.

Мікалай Крыштаф Радзівіл “Сіротка”
Мікалай Крыштаф Радзівіл “Сіротка”

1923 — Шымон Перэс, ізраільскі палітык і дзяржаўны дзеяч, 9-ы прэзыдэнт Ізраілю, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру за 1994 год, ураджэнец Беларусі.

Радзіма Шымона Пэрэса ў вёсцы Вішнева
Радзіма Шымона Пэрэса ў вёсцы Вішнева

У памяці

1589 ― Генрык Валезы, кароль польскі і вялікі князь літоўскі.

1719 ― Караль Станіслаў Радзівіл, дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага, канцлер ВКЛ.

Караль Станіслаў Радзівіл, Пане каханку
Караль Станіслаў Радзівіл, Пане каханку

1922 ― Аляксандар Бэл, амэрыканскі навукоўца, вынаходнік тэлефону.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG