Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская баскетбалістка Сныціна пераехала ў Вільню, бо асьцерагаецца вяртацца ў Менск


Кацярына Сныціна
Кацярына Сныціна

Экс-капітан баскетбольнай зборнай Беларусі Кацярына Сныціна расказала падпісчыкам Свабоднага аб’яднаньня спартоўцаў SOS.BY пра тое, чаму пасьля завяршэньня сэзону ў турэцкай камандзе не вяртаецца ў Беларусь.

«Мой сэзон у Турэччыне скончыўся ў канцы красавіка, як і прафэсійны кантракт. Я пераехала ў Вільню, дзе жыву ўжо месяц. Мне вельмі падабаецца гэты горад, ёсьць адчуваньне, што ў добрых сяброў у гасьцях. Я тут, бо мне страшна вяртацца ў Беларусь. Лічу, што расказваць аб праблемах, удзельнічаць у акцыях і рабіць нешта для агульнай перамогі лепш тут, чым у Менску. Там я не змагу нічога. Нават майку зрабіла з надпісам: „Вы ж самі ўсё разумееце“», — адзначыла Кацярына Сныціна.

У Вільні падчас адной з культурніцкіх імпрэзаў Кацярына Сныціна пазнаёмілася са Сьвятланай Ціханоўскай, якая брала ўдзел ў адкрыцьці выставы свабодных мастакоў Беларусі — Уладзімера Цесьлера, Сьвятланы Петушковай, Веранікі Квяткоўскай, Андрэя Шапоры.

Сныціна кажа, што наступны год правядзе ў тым жа клюбе, турэцкім «Нэсібэ Айдын», зь якім па выніках сэзону яна заняла трэцяе месца ў чэмпіянаце краіны. У сярэдзіне жніўня баскетбалістка мусіць быць у Анкары. Таму вакацыі сумяшчае з трэніроўкамі, каб быць гатовай фізычна. У Вільні рыхтуецца самастойна — за доўгі час у спорце ўжо хапае кваліфікацыі, каб ведаць што рабіць і як падрыхтаваць сябе найлепшым чынам.

Таксама Кацярына Сныціна расказала, што атрымала запрашэньне ад колішняй сяброўкі па зборнай Алены Леўчанкі на двухтыднёвы падрыхтоўчы кэмп.

«Насамрэч два тыдні на зборах зь Ленай — гэта вельмі цяжка. Яна трэнуецца проста як зьвер. Каб шмат гадоў таму ў нацыянальнай камандзе я не сустрэла Лену, то ня стала б той баскетбалісткай, якая ёсьць цяпер. Тады Лена гуляла ў амэрыканскай лізе WNBA і я ёй задавала мільён пытанняў: як трэнавацца, што есьці, што думаць. Калі хочаш расьці як спартовец, нельга трэнавацца толькі зь людзьмі твайго ўзроўню або ніжэйшага. Трэба займацца з тымі, хто лепшы, цягнуцца да іх. Мне ў гэтым пляне пашанцавала».

Алена Леўчанка стала чэмпіёнкай Грэцыі 2021 году ў складзе клюбу «Панатынаікас». Летась у Беларусі яна адбыла 15-дзённы арышт і атрымала буйны штраф за ўдзел у акцыях пратэсту.

Кацярына Сныціна ня стала ўтойваць ад падпісчыкаў каналу, што, як і многіх беларусаў, яе раз-пораз накрывае роспач. Але з такога стану намагаецца максымальна хутка выходзіць.

«Упадаць у адчай — гэта нармальна, у мяне таксама здараецца, але я не магу сабе дазволіць доўга ў такім стане заставацца. Я маю зносіны з мноствам людзей, якія ў горшым становішчы, чым я, ім куды больш патрэбна падтрымка і дапамога. А як я змагу дапамагчы чалавеку, калі ў самой нізкая энэргія? Таму мой рэцэпт наступны: як толькі пачынаеш камусьці дапамагаць, энэргія хутка аднаўляецца».

Кацярына Сныціна ня выключыла адкрыцьця ўласнай дзіцячай школы баскетболу, каб максымальна ўдзяляць увагу спартовай псыхалёгіі — маленькія беларусы мусяць расьці маральна моцнымі і шчасьлівымі асобамі, падсумавала яна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG