Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: гадавіна зьнікненьня Юрыя Захаранкі


Фота з архіву Алены Захаранкі. Юры Захаранка
Фота з архіву Алены Захаранкі. Юры Захаранка

Падзеі 7 траўня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

7 траўня 1999 году быў выкрадзены і імаверна забіты былы міністар унутраных справаў Беларусі, дзяяч апазыцыі генэрал Юры Захаранка.

Таксама ў гэты дзень

1583 — завершаная перабудова Нясьвіскага замку.

1794Тадэвуш Касьцюшка выдаў Паланэцкі ўнівэрсал.

1942 — у Аляксандраўскім сквэры Менску немцы павесілі 28 чалавек — удзельнікаў менскага антынацысцкага падпольля. Сярод іх быў Ісай Казінец, кіраўнік падпольля.

2009 — у Празе адбыўся устаноўчы саміт краін-удзельніц праграмы ЭЗ «Усходняе партнэрства», з удзелам Азэрбайджану, Армэніі, Беларусі, Грузіі, Малдовы і Ўкраіны.

У гэты дзень нарадзіліся

1833 — Яганэс Брамс, нямецкі кампазытар і піяніст.

1840Пётр Чайкоўскі, расейскі кампазытар.

1861 Рабіндранат Тагор, індыйскі пісьменьнік, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па літаратуры 1913 году.

1868 Раман Скірмунт, палітык, мэцэнат, удзельнік нацыянальна-вызвольнага руху пач. ХХ ст., ахвяра бальшавіцкай расправы.

Раман Скірмунт
Раман Скірмунт

Ён мог стаць нашым першым прэзыдэнтам. Гаворка ідзе, як вы зразумелі, не пра выбары 1994 году, а пра час абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі.

Прыехаўшы пасьля навучаньня ў Заходняй Эўропе ў родны маёнтак, Раман хутка зарэкамэндаваў сябе чалавекам, каго цікавіць ня столькі ўласная гаспадарка, як лёс краю.

З трыбуны расейскай Дзяржаўнай думы ён, дэпутат ад Менскай губэрні, выступаў за пашырэньне сялянскага землеўладаньня, але рашуча бараніў прыватную ўласнасьць на зямлю.

Нацыянальнае Адраджэньне ён успрыняў як сваю крэўную справу. Скірмунт фінансуе беларускія выданьні. У 1917-м кіруе Беларускім нацыянальным камітэтам і вядзе з Часовым расейскім урадам перамовы пра самастойнасьць Беларусі.

У 1918-м ён падтрымаў абвяшчэньне БНР, на пэўны час стаў яе прэм’ер-міністрам з імкненьнем далучыць да незалежніцкай дзейнасьці айчынную арыстакратыю. У лістападзе таго ж году ў складзе Надзвычайнай дэлегацыі дамагаўся прызнаньня незалежнасьці Беларусі ў Нямеччыне й Швайцарыі.

Бальшавікі мелі яго за ворага, беларускія сацыялісты называлі «кансэрватарам».

Пасьля Рыскай дамовы паміж Польшчай і савецкай Расеяй ён вярнуўся ў сваё заходнебеларускае Парэчча і скіраваў энэргію на эканамічныя рэформы. За робку мужчыны, які працаваў у Скірмунта, хапала на ўсю сям’ю, і жонка магла прысьвяціць сябе дзецям.

У верасьні 1939-га нейкі абібок прыбег у Парэчча зь весткаю, што набліжаецца цягнік з савецкімі салдатамі. Пахапаўшы чырвоныя сьцягі, дзясяткі два галаштанцаў кінуліся сустракаць «вызваліцеляў». Але на цягніку ехалі палякі. Афіцэр загадаў расстраляць «здрайцаў». Нехта пасьпеў паклікаць пана Скірмунта. Каб уратаваць сялянаў, той укленчыў перад афіцэрам. Можна ўявіць, чаго гэта каштавала 70-гадоваму арыстакрату.

У краіне саветаў, дзе праз колькі дзён апынулася Парэчча, гонар і годнасьць патомнага шляхціча-незалежніка мелі свой кошт.

Для вырашэньня лёсу Рамана Скірмунта новая ўлада склікала вясковы сход. Насуперак волі камісара Холадава сяляне выказаліся за тое, каб пакінуць пана жывым і на волі. Тады камісар — пад выглядам адправы Скірмунта на допыт у раён — даручыў некалькім «надзейным таварышам» зь мясцовых жыхароў завесьці «ворага народу» ў лес і ліквідаваць.

Скірмунта расстралялі. Ён не сканаў адразу, і забойцы — тыя, каго пан Раман у неўраджайныя гады ратаваў ад сьмерці дармавымі харчамі, — дабівалі ахвяру камянямі.

Дакумэнты сьведчаць, што ў 1939–1940 гадах загінулі пры розных абставінах усе мужчыны з роду Скірмунтаў, якія апынуліся на савецкай тэрыторыі.

Выдадзенае ў 2018-м важкім томам дасьледаваньне доктара гістарычных навук Алеся Смаленчука «Раман Скірмунт: жыцьцяпіс грамадзяніна Краю» на новым узроўні засьведчыў маштаб гэтае асобы.

Ўладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 190-191

У памяці


1966Станіслаў Ежы Лец, польскі пісьменьнік, аўтар афарызмаў.

  • "Там, дзе забаронены сьмех, звычайна і плакаць не дазваляецца".

Станіслаў Ежы Лец

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG