Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску разьвіталіся зь «песьняром» Леанідам Барткевічам. ФОТА

15 красавіка ў Белдзяржфілярмоніі разьвіталіся з знаным сьпеваком Леанідам Барткевічам. Ён памёр 13 красавіка на 72-м годзе жыцьця.

Разьвітацца зь ім, сярод іншых, прыйшлі музыкі «Песьняроў» — і «клясычнага» складу, і цяперашняга, паведаміў Tut.by.

«Цябе там чакаюць твае сябры. Там зьбіраецца сапраўдны калектыў — гэта залаты склад. Вы будзеце сьпяваць разам з анёламі, і твой голас будзе гучаць, як заўсёды, яскрава. Гэта самы прыгожы тэмбр у нашым калектыве, сапраўдны голас сапраўдных „Песьняроў“», — сказаў Уладзіслаў Місевіч, які граў у «Песьнярах» з часу стварэньня гурту.

Падчас разьвітаньня гучалі песьні ў выкананьні Леаніда Барткевіча.

Месца апошняга спачыну Леаніда Барткевіча — Усходнія могілкі Менску.

Леанід Барткевіч нарадзіўся 25 траўня 1949 году ў Менску.

Адукацыю атрымаў у Менскім архітэктурным тэхнікуме па спэцыяльнасьці «праектаваньне». Падчас навучаньня ў тэхнікуме быў салістам аркестру, у далейшым стаў вакалістам створанага ім вакальна-інструмэнтальнага ансамбля «Залатыя яблыкі».

Некаторы час працаваў архітэктарам у «Белгіпрасельбудзе». З 1970 году ўвайшоў у склад вакальна-інструмэнтальнага ансамбля «Песьняры».

У 1977 годзе Барткевіч разьвёўся зь першай жонкай і ажаніўся з Вольгай Корбут, вядомай савецкай гімнасткай.

У 1980 годзе Барткевіч пакінуў «Песьняры» і паступіў у ГІТІС на рэжысэрскае аддзяленьне.

Некаторы час быў удзельнікам ансамбля «Мальвы», а таксама працаваў салістам ва «Ўкрканцэрце». Потым быў вакалістам Дзяржаўнага радыё і тэлебачаньня СССР.

У 1991 годзе разам з жонкай і сынам эміграваў у ЗША, але ў 2000 годзе вярнуўся ў Беларусь і зноў некаторы час працаваў у «Песьнярах». Пасьля сьмерці Ўладзімера Мулявіна Барткевіч арганізаваў у Расеі музычны калектыў з назвай «ансамбль „Песняры“», зарэгістраваўшы аднайменную гандлёвую марку.

XS
SM
MD
LG