Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ляўрэатамі прэміі «Гонар журналістыкі» сталі палітзьняволеныя Кацярына Андрэева, Дар’я Чульцова і Кацярына Барысевіч


Кацярына Андрэева, Дарʼя Чульцова, Кацярына Барысевіч
Кацярына Андрэева, Дарʼя Чульцова, Кацярына Барысевіч

Тры асуджаныя журналісткі — Кацярына Барысевіч (Tut.by), Кацярына Бахвалава (Андрэева) і Дар’я Чульцова («Белсат») — сталі ляўрэаткамі прэміі «Гонар журналістыкі» імя Алеся Ліпая.

Прэмію заснавала інфармацыйная кампанія БелаПАН у 2019 годзе. Яе ўручаюць штогод 9 красавіка — у дзень нараджэньня заснавальніка БелаПАН Алеся Ліпая. Ляўрэатамі становяцца журналісты, якія сумяшчаюць прафэсійныя дасягненьні з грамадзянскім дзеяньнем, спрыяючы разьвіцьцю мэдыйнага рынку і станаўленьню Беларусі як дэмакратычнай дзяржавы.

Сёлета крытэрам прэміі адпавядаюць многія прадстаўнікі беларускіх мэдыя — і тыя, хто кінуты за краты, і тыя, хто працягвае рабіць сваю працу ва ўмовах беспрэцэдэнтных рэпрэсій, адзначыў БелаПАН. Але менавіта Кацярына Барысевіч, Кацярына Бахвалава (Андрэева) і Дар’я Чульцова сталі першымі, каго асудзілі паводле крымінальных артыкулаў за выкананьне свайго прафэсійнага абавязку.

Трох ляўрэатак аб’ядноўвае яшчэ і тое, што яны зьвязаныя з трагічнай гібельлю абаронцы «плошчы Перамен» Рамана Бандарэнкі. Кацярына Барысевіч першай паведаміла праўду аб прычынах яго сьмерці. А Кацярына Бахвалава (Андрэева) і Дар’я Чульцова вялі стрым з «плошчы Перамен», калі сотні людзей прыйшлі туды ўшанаваць памяць Рамана. Журналісткі «Белсату» былі адзінымі, каму ўдалося гэта зрабіць. Дзякуючы ім увесь сьвет убачыў неадэкватную жорсткасьць сілавікоў у дачыненьні да мірных грамадзян, у руках якіх не было нічога, акрамя кветак і сьвечак.

Першай ляўрэаткай прэміі «Гонар журналістыкі» стала галоўная рэдактарка Tut.by Марына Золатава, другой — карэспандэнтка беларускай службы «Радыё Свабода» Аляксандра Дынько.

Беларускі журналіст і паэт, заснавальнік першага ў краіне незалежнага інфармагенцтва Алесь Ліпай памёр 23 жніўня 2018 году. Сёньня яму споўнілася б 55 гадоў.

Кацярыну Андрэеву і Дарʼю Чульцову затрымалі 15 лістапада 2020 году пасьля жывога эфіру з месца разгону сілавікамі дэманстрантаў — на сымбалічнай «плошчы Пераменаў» (двор на вуліцы Чарвякова ў Менску). Суд прызнаў журналістак вінаватымі ў арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, ім прысудзілі 2 гады зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму.

Кацярыну Барысевіч затрымалі 19 лістапада 2020. За некалькі дзён да гэтага яна апублікавала артыкул, у якім са спасылкай на лекара Арцёма Сарокіна расказала, што ў крыві Рамана Бандарэнкі, які загінуў пасьля зьбіцьця ад траўмаў, не было алькаголю. Гэта зьняпраўджвала агучаную раней МУС вэрсію. Суд прызначыў Барысевіч паўгода пазбаўленьня волі. Аднак пракуратура палічыла прысуд журналістцы «занадта мяккім» і накіравала пратэст.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG