Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьняволеных журналістак «Белсату» ў турме паставілі на ўлік. Што гэта такое?


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

На гэты момант на «прафіляктычным уліку» ў СІЗА мінімум 5 палітвязьняў.

Першым на прафіляктычны ўлік паставілі публіцыста «Новага часу», актывіста анархісцкага руху Мікалая Дзядка. 4 сакавіка адпаведнае рашэньне вынесла камісія пад старшынствам начальніка СІЗА № 1 Андрэя Цэдрыка. Палітвязень нібыта ладзіць акцыі, якія парушаюць парадак.

Адміністрацыя лічыць, што Дзядок схільны да захопу закладнікаў, гвалту ў дачыненьні да супрацоўнікаў СІЗА, а таксама да экстрэмізму і іншых дэструктыўных дзеяньняў.

Затым на ўлік паставілі мэдыямэнэджара Андрэя Аляксандрава і яго дзяўчыну Ірыну Злобіну, якіх таксама ўтрымліваюць у СІЗА № 1 на Валадарскага ў Менску.

У жодзінскім СІЗА пад асаблівыя ўмовы ўтрыманьня трапіла журналістка «Белсату» Кацярына Андрэева, якой прысудзілі да 2 гадоў пазбаўленьня волі за стрым з «плошчы Пераменаў», дзе адбывалася акцыя памяці Рамана Бандарэнкі. Пацьвердзілася інфармацыя, што і яе асуджаная калега Дар’я Чульцова таксама на прафіляктычным уліку.

У чым выяўляецца «прафіляктычны ўлік»?

На дзьвярах камэры вісіць картка, якая ўказвае на асаблівы статус такога абвінавачанага. Пры выхадзе з камэры (на шпацыр, наведваньне лекара, сустрэчу з адвакатам, сьледчым або сваякамі, у душ, а таксама двойчы на ранішняй і вячэрняй праверцы) абвінавачаным рукі за сьпінай скоўваюць кайданкамі, піша сайт Беларускай асацыяцыі журналістаў.

У самой камэры пры гэтым вызначана асаблівае месца, дзе чалавек абавязаны знаходзіцца ў момант, калі заходзіць супрацоўнік СІЗА. Таксама прадугледжаны выклік на «прафіляктычныя гутаркі». Інфармацыя аб пастаноўцы на ўлік перадаецца ў суд, а потым у калёнію, куды накіроўваюць асуджанага.

«Усе дакумэнты, якія тычацца дзейнасьці адміністрацыі пэнітэнцыярных устаноў у сувязі з пастаноўкай на спэцыяльны ўлік, пакрытыя таямніцай, мы ня можам паглядзець вычарпальны сьпіс абавязкаў у людзей, пастаўленых на такі ўлік, і правоў супрацоўнікаў СІЗА ў гэтай сувязі», — сказаў юрыст Павал Сапелка.

Ён адзначыў, што палітвязьняў і раней ставілі на такі ўлік, аднак гэта адбывалася на этапе адбыцьця пакараньня, прычым на ўлік ставілі нават тых, у каго не было правінаў і спагнаньняў.

Адміністрацыя СІЗА пры гэтым падае характарыстыку на кожнага абвінавачанага, які ўтрымліваецца пад вартай. Судом гэта павінна ўлічвацца пры вынясеньні прысуду. Сапелка не выключае, што і ў калёніі чалавека, які быў на ўліку ў СІЗА, таксама занясуць у адпаведны сьпіс.

«Неабгрунтаваная пастаноўка на ўлік, тым больш на этапе, калі чалавек яшчэ не асуджаны і не парушае закон і правілы ўтрыманьня, зьяўляецца рычагом ціску з боку адміністрацыі. І, што самае сумнае, абскардзіць пастаноўку на спэцыяльны ўлік немагчыма. Па справе аднаго з палітвязьняў прыйшоў адказ, што скарга не падлягае разгляду ў судзе», — дадаў юрыст.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG