Лінкі ўнівэрсальнага доступу

BYPOL: затрыманы «здраднік» Сідаракін нібыта ўдзельнічаў у размове ў кабінэце старшыні КДБ пра палітычныя забойствы за мяжой


Экс-старшыня КДБ Вадзім Зайцаў, архіўнае фота
Экс-старшыня КДБ Вадзім Зайцаў, архіўнае фота

Ініцыятыва колішніх беларускіх сілавікоў раскрыла імёны ўдзельнікаў размовы, у якой, як мяркуецца, чалавек з голасам падобным да кіраўніка КДБ Беларусі ў 2008–2012 гадах Вадзіма Зайцава казаў аб плянаваньні забойстваў за мяжой.

Трое мужчын на аўдыязапісе паводле BYPOL нібыта абмяркоўвалі атручваньні і падрывы з дапамогай «закладак» палітычных эмігрантаў зь Беларусі. «Ліквідацыя... павінна быць нагэтулькі натуральнай, што потым ніякі экспэрт не павінен ********* [прычапіцца]. Проста кропкавы ўдар», — казаў чалавек, у якім ініцыятыва BYPOL пазнала старшыню КДБ Вадзіма Зайцава.

Паводле інфармацыі, якая зьявілася ў BYPOL, удзел у той гутарцы з Зайцавым прымалі дзейны супрацоўнік КДБ Юры Г., а таксама былы супрацоўнік «Алмазу», цяпер арыштаваны, Вячаслаў Сідаракін.

На карысьць дакладнасьці гэтай інфармацыі сьведчыць зьмест размовы, у якой чалавек, пазначаны як «Голас 2», мімаходзь кранаецца момантаў сваёй біяграфіі. Акрамя таго, у маўленьні гэтага чалавека з фільма «Манкурты», які ішоў на АНТ, адзначаецца адзін і той жа дэфэкт у вымаўленьні гуку [р].

Юрыя Г. у 2012 годзе Зайцаў прызначыў сваім памочнікам па асобых даручэньнях. Тады ж па яго ўказаньні ён стварыў пры «Альфе» спэцаддзел. Група нібыта падпарадкоўвалася непасрэдна Зайцаву і па яго загадам выяжджала ў камандзіроўкі за мяжу, сьцьвярджае BYPOL.

Таксама BYPOL сьцьвярджае, што прычынай адстаўкі Зайцава з пасады кіраўніка КДБ нібыта стала няўдалая апэрацыя па ўсталяваньні праслухоўваньня ў кабінэце тагачаснага старшыні Сьледчага камітэту Валера Вакульчыка.

У фільме «Манкурты», які выйшаў на дзяржаўным тэлеканале АНТ, расказалі, што арыштаваны падпалкоўнік КДБ Аляксей Храловіч нібыта хацеў перадаць сакрэтную інфармацыю блогеру Сьцяпану Пуцілу ў абмен на бясьпечны выезд з краіны. Адным з тых, хто меў пераправіць Храловіча за мяжу, па сьцьвярджэньні АНТ, быў вэтэран «Алмазу» Сідаракін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG