Лінкі ўнівэрсальнага доступу

BYPOL: Існуе вайсковае падразьдзяленьне, якое мае займацца зьнішчэньнем апанэнтаў Лукашэнкі за мяжой


Аляксандар Лукашэнка, ілюстрацыйнае фота
Аляксандар Лукашэнка, ілюстрацыйнае фота

У Міністэрстве абароны пакуль адмовіліся камэнтаваць гэтую інфармацыю.

Ініцыятыва BYPOL апублікавала інфармацыю аб спэцпадразьдзяленьні, задачай якога нібыта зьяўляецца зьнішчэньне палітычных апанэнтаў Аляксандра Лукашэнкі за мяжой.

Паводле BYPOL, падразьдзяленьне створана ў 2014 годзе як 9-ы аддзел галоўнага разьведвальнага ўпраўленьня (ГРУ) Генэральнага штабу Міністэрства абароны. Адной з задач гэтага падразьдзяленьня зьяўляецца правядзеньне кропкавых апэрацый за мяжой.

Кожны супрацоўнік падразьдзяленьня абавязаны прайсьці навучаньне на вайскова-дыпляматычным факультэце Вайсковай акадэміі альбо ў Інстытуце нацыянальнай бясьпекі КДБ (жывуць і вучацца на асобным закрытым паверсе, доступ да іх навучаньня мае абмежаванае кола выкладчыкаў), альбо ў вайсковых ВНУ Расеі.

Тэрмін навучаньня складае 3 гады. За гэты час навучэнец асвойвае 2 замежныя мовы (як правіла, першая ангельская, а другая – польская альбо літоўская), а таксама агентурныя дысцыпліны. Падчас праходжаньня службы ўсе байцы праходзяць вадалазную і парашутную падрыхтоўку (спартовыя парашуты), каб забясьпечыць таемнае пранікненьне ў замежную дзяржаву паветраным або водным шляхам, а таксама навучаньне навыкам практычнай стральбы і правядзеньню спэцапэрацый у гарадзкіх умовах.

Паводле BYPOL, падразьдзяленьне настолькі сакрэтнае, што цяперашні міністар абароны Віктар Хрэнін даведаўся пра яго існаваньне толькі пасьля прызначэньня на пасаду.

У прэсавай службе Міністэрства абароны Радыё Свабода паведамілі, што ня бачылі такой інфармацыі. На пытаньне, ці існуе 9-ы аддзел, можа адказаць толькі прэсавы сакратар Міністэрства, які «ў службовай выправе» да пятніцы – да часу, калі скончыцца так званы Ўсебеларускі народны сход.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG