Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ён змагаўся за праўду». Чым вядомы Дзяніс Івашын, якога затрымаў КДБ, і пры чым тут Украіна

абноўлена

Дзяніс Івашын
Дзяніс Івашын

Журналіста Дзяніса Івашына 12 сакавіка затрымалі супрацоўнікі КДБ за ўмяшаньне ў дзейнасьць міліцыі. Блізкія мяркуюць, што гэта зьвязана з апошнім ягоным расьсьледаваньнем пра службу былых украінскіх беркутаўцаў у Беларусі і зь інтэрвію тэлеканалу «Настоящее время».

Дзянісу Івашыну 41 год, жыве ў Горадні, жанаты. Працуе як рэдактар-валянтэр беларускай вэрсіі сайта міжнароднай расьсьледвальнай супольнасьці InformNapalm з 2014 году, а таксама пазаштатным карэспандэнтам у газэце «Новы час» з 2018-га.

Вядомы дзякуючы сваім расьсьледаваньням пра ўплыў «русского мира» на Беларусь і Сырыю, пра скандальную забудову ў Курапатах, а таксама пра пераход былых украінскіх беркутаўцаў у сілавыя структуры Беларусі.

Што здарылася

Дзяніса Івашына затрымалі ўвечары 12 сакавіка. Як расказала ягоная маці Людміла, ён пайшаў па лекі для 95-гадовай бабулі. На выхадзе з аптэкі яго затрымалі супрацоўнікі КДБ. Цяпер сын у ізалятары горадзенскай турмы, тэрмін пад вартай працягнулі на два месяцы. Перадачу для яго пакуль не ўзялі — патлумачылі, што па графіку можна перадаць толькі ў аўторак.

Пазьней увечары прайшлі ператрусы ў кватэры, дзе жыве Дзяніс з жонкай, у кватэры маці, а таксама на лецішчы. 15 сакавіка прыйшлі зь ператрусам у кватэру старой бабулі. Як расказвала жонка журналіста Вольга, у іх забралі ўсе электронныя носьбіты інфармацыі, дакумэнты, нататнікі, а таксама кнігі, значкі і іншыя рэчы, зьвязаныя з Украінай.

Дзяніс Івашын праходзіць па 365 крымінальным артыкуле — «Умяшаньне ў дзейнасьць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў».

Маці: «Пасьля першай часткі расьсьледаваньня ў пад’езьдзе зьявіўся чалавек»

«Артыкул такі, што тут КДБ ніяк ня можа быць прыпісаны. Я дапускаю, што гэта спэцыяльна, каб проста затрымаць, а потым навешваць ярлыкі», — выказвае меркаваньне маці журналіста.

Людміла Івашына думае, што затрыманьне Дзяніса зьвязанае зь ягоным апошнім расьсьледаваньнем пра беркутаўцаў у Беларусі, якое ён рыхтаваў для газэты «Новы час». Незадоўга да затрыманьня выйшла трэцяя частка артыкула.

Маці расказала, што пасьля таго, як апублікавалі першы эпізод, у пад’езьдзе, дзе жывуць Івашыны, зьявіўся чалавек, які хадзіў па кватэрах і пытаўся, што гэта за сям’я, ці ёсьць машына, «што за Дзяніс».

«Натуральна, ён атрымаў самую станоўчую характарыстыку, бо Дзяніса ўсе ведаюць сумленным і прыстойным чалавекам. Мы гэта расцанілі як папярэджаньне, маўляў, спыніся», — камэнтуе Людміла Івашына.

Аднак Дзяніс працягнуў публікаваць наступныя расьсьледаваньні. Маці перакананая, што сын займаецца журналістыкай паводле закону, нічога не парушае, бярэ ўсю інфармацыю з адкрытых крыніцаў.

Суразмоўца думае, што пры ператрусе шукалі ўсё, зьвязанае з Украінай, каб за нешта зачапіцца і прад’явіць больш сур’ёзнае абвінавачаньне. Дзяніс напалову мае ўкраінскія карані. Ягоны бацька паходзіць з украінскага гораду Дніпро. Таму мае «карту ўкраінца», якая дазваляе працаваць ва Ўкраіне.

«Ён ня раз там быў. Вельмі любіць Украіну, перажывае за Ўкраіну», — камэнтуе маці.

Дзяніс Івашын ад пачатку ўкраінска-расейскага канфлікту займаўся дабрачыннасьцю для перасяленцаў з зоны АТО ва Ўкраіне, зьбіраў для іх рэчы ў Беларусі, дапамагаў пераправіць туды.

«Дзяніс супэрсправядлівы, прыстойны і вельмі сумленны чалавек, што ён, што ягоная жонка. Крыштальнай сумленнасьці чалавек. Заўсёды адгукнецца на праблему, вельмі адказны. У мяне цудоўны сын, якім я ганарылася і ганаруся», — характарызуе сына Людміла Івашына.

Заснавальнік InformNapalm: «Ягонае інтэрвію стала трыгерам»

Як расказаў заснавальнік і галоўны рэдактар міжнароднай расьсьледвальнай супольнасьці InformNapalm Раман Бурко, у гэтай ініцыятыве ўсе валянтэры, ніхто не атрымлівае за сваю працу грошай, займаюцца гэтым як хобі. Людзі ня толькі з Украіны і Беларусі, але і з краінаў Эўразьвязу, Нарвэгіі, Грузіі. InformNapalm быў створаны ў 2014-м як адказ на расейскую агрэсію ў дачыненьні да Ўкраіны. Кожнае расьсьледаваньне перакладаецца на некалькі моваў.

Івашын за 7 гадоў зрабіў дзясяткі ўласных расьсьледаваньняў і сотні перакладаў для InformNapalm.

«Да Дзяніса ў нас быў поўны давер. Ён праявіў сябе вельмі актыўна», — камэнтуе Раман Бурко.

Расьсьледаваньні InformNapalm тычыліся ня толькі ўкраінска-расейскіх стасункаў, але і ўплыву Расеі на Сырыю, прыкладам, пра бамбардаваньне расейскімі самалётамі цывільных аб’ектаў. Івашын таксама займаўся расейскім уплывам на беларускае войска, пісаў пра тое, як наймітаў перакідалі на Данбас празь Беларусь.

Раман Бурко таксама думае, што Івашына затрымалі празь ягонае апошняе расьсьледаваньне пра былых украінскіх беркутаўцаў, якія перайшлі служыць у беларускі АМАП, а дакладней, — праз інтэрвію «Настоящему времени».

«Мне здаецца, тое, што ён даваў інтэрвію ў іншую краіну, каб яны ладзілі свае публікацыі па гэтым расьсьледаваньні, стала трыгерам, які паўплываў на рашэньне яго затрымаць», — мяркуе Бурко.

У інтэрвію «Настоящему времени» 11 сакавіка Івашын расказаў, колькі экс-байцоў расфармаванага спэцпадразьдзяленьня «Беркут», якія абаранялі рэжым Януковіча і супрацьстаялі абаронцам Майдану, цяпер служаць у менскім АМАПе, ці законна ім далі грамадзянства Беларусі, якія званьні яны маюць і якія пасады займаюць.

Калега Івашына мяркуе, што ў беларускіх уладаў даўно «быў на яго зуб», але яны «шукалі якой-небудзь нагоды». Бурко думае, што Дзяніс не парушаў закону, ён пацьвярджае, што Івашын браў усю інфармацыю для расьсьледаваньняў у адкрытых інтэрнэт-крыніцах.

«Ён вельмі адказны чалавек, патрыёт. Наадварот, змагаўся за тое, каб у Беларусі былі дэмакратычныя правы, змагаўся за праўду», — характарызуе Івашына Бурко.

Галоўная рэдактарка «Новага часу»: «Да расьсьледаваньняў мы не маглі прыкапацца»

Галоўная рэдактарка газэты «Новы час» Аксана Колб таксама мяркуе, што затрыманьне ейнага супрацоўніка зьвязанае ня столькі з самым расьсьледаваньнем, якое выйшла на сайце 4 сакавіка і яшчэ раней у папяровай вэрсіі, колькі з інтэрвію тэлеканалу «Настоящее время» з гэтай нагоды.

«У камэнтары на пытаньне журналіста, ці зьвязваліся з вамі прадстаўнікі сілавых структураў Украіны або СБУ, Дзяніс сказаў, што ён зьвязваўся, і цяпер спадзяецца, што гэтая інфармацыя будзе для іх карысная», — выказала здагадку Аксана Колб.

Яна мяркуе, што размовы на высокім узроўні пра «ўкраінскі сьлед» у беларускіх пратэстах маглі стаць падставай для затрыманьня.

Для газэты «Новы час» Івашын рыхтаваў расьсьледаваньне пра пабудову рэстарацыі «Поедем поедим». Пазьней па гэтых публікацыях быў у 2018 годзе шэраг судоў. Першы працэс газэта выйграла, па выніку другога сплаціла штраф.

«Пра тое, што Дзяніс выконвае сумленна сваю працу і правярае ўсе факты, сьведчыць, што першы суд мы выйгралі. Выйгралі б і другі, каб не невялічкая недакладнасьць, якую мы зрабілі, перадрукоўваючы матэрыял „Белсату“. Да саміх расьсьледаваньняў Дзяніса мы не маглі прыкапацца», — тлумачыць суразмоўца.

«Вельмі адказны чалавек, які заўсёды гатовы прыйсьці на дапамогу. Шчыры, сумленны. Яму цікава тое, што ён робіць. Ён разумее, наколькі важная тая праца», — характарызуе свайго супрацоўніка галоўная рэдактарка «Новага часу» Аксана Колб.

Міністэрства замежных спраў Украіны адрэагавала на затрыманьне Дзяніса Івашына. У сваім звароце адзначаецца, што журналііст дапамог расказаць сьвету пра злачынствы падчас расейскай агрэсіі супраць Украіны.

«Журналісцкая дзейнасьць ня можа і не павінна быць прычынай перасьледу... Мы патрабуем, каб суд над Дзянісам быў празрыстым і неперадузятым, і працягваем уважліва сачыць за кожным далейшым крокам беларускіх уладаў супраць яго», — гаворыцца ў заяве ўкраінскага МЗС.

15 сакавіка Эўрапейская фэдэрацыя журналістаў выступіла з заявай, у якой запатрабавала вызваленьня Дзяніса Івашына, а таксама іншых журналістаў, зьняволеных у Беларусі.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG