Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На абароне рэжыму Лукашэнкі. Што вядома пра былых беркутаўцаў, якія апынуліся ў беларускім АМАПе


Менск, 20 верасьня 2020 году
Менск, 20 верасьня 2020 году

Некалькі былых супрацоўнікаў украінскага спэцпадразьдзяленьня «Беркут» удзельнічаюць у разгонах мірных пратэстаў у Менску ў складзе беларускага АМАПу — беларускія журналісты змаглі ідэнтыфікаваць асобы некаторых зь іх.

Як улады Беларусі змаглі прыняць на вайсковую службу грамадзян іншай краіны? Што робяць былыя беркутаўцы ў сілавых структурах? Пра гэта ў эфіры «Настоящего времени» расказаў рэдактар беларускай службы міжнароднай выведніцкай супольнасьці InformNapalm Дзяніс Івашын.

— Ці ведзяце вы сьпіс, колькі былых супрацоўнікаў сілавых структур Украіны цяпер на службе ў беларускіх уладаў?

— Цяпер выйшла толькі першая частка новага расьсьледаваньня, якое я пачаў праводзіць яшчэ ў 2017 годзе і з таго моманту не спыняў. Цяпер мы апублікавалі зьвесткі пра дадатковых двух выяўленых байцоў спэцпадразьдзяленьня «Беркут» з гораду Мікалаева, якое непасрэдна ўдзельнічала ў падзеях на Майдане. Яно было перакінута зь Мікалаева ў канцы лістапада 2013 году ў Кіеў і ўдзельнічала самым актыўным чынам у задушэньні, штурме Майдана, у тым ліку ў самых крывавых падзеях у лютым 2014 году.

Акрамя удакладненых дадзеных пра выяўленых раней трох супрацоўнікаў «Беркута», мы яшчэ прыводзім інфармацыю пра двух новых фігурантаў — гэта Анатоль Прымак і Дзьмітрый Анцупаў. У наступных частках гэтага расьсьледаваньня будуць новыя прозьвішчы, імёны супрацоўнікаў, якія непасрэдна служаць у беларускім АМАПе — перш за ўсё ў сталічным яго атрадзе. Гэтыя людзі, вядома ж, атрымалі грамадзянства Беларусі, таму што, паводле заканадаўства Беларусі, служыць у сілавых падразьдзяленьнях могуць выключна грамадзяне Рэспублікі Беларусь.

І тут я хацеў бы адразу адзначыць, вывучаючы заканадаўства нашай краіны, наколькі я разумею, ім выдалі беларускае грамадзянства абсалютна незаконна, не было ніякіх умоў для выдачы ім грамадзянства яшчэ ў 2014 годзе, калі яны ўцяклі з тэрыторыі Ўкраіны. І гэта вельмі цікавы момант. Атрымліваецца, у парушэньне беларускага заканадаўства яны былі незаконна прынятыя на службу ў беларускую міліцыю.

— Атрымліваецца, улады Беларусі хавалі людзей, на якіх ва Ўкраіне вяліся нейкія справы, і нейкім чынам незаконна, як вы кажаце, далі ім пашпарты беларускія?

— Сапраўды так. Пачынаючы з 2017 году, я рабіў афіцыйныя запыты, перш за ўсё ў МУС, але пад рознымі адгаворкамі гэтая інфармацыя мне не давалася.

— Гэта значыць, незразумела за што, за якія «заслугі» яны атрымалі гэтыя пашпарты?

— Так. Яшчэ і ўлічваючы іх, як я лічу, адмоўны досьвед, таму што яны не змаглі абараніць рэжым Януковіча і былі вымушаныя ўцякаць з тэрыторыі Ўкраіны. Дарэчы, таксама вельмі цікавы факт, што большасьць іхных таварышаў па службе прайшлі пераатэстацыю і цяпер працягваюць службу ў шэрагах украінскай паліцыі. Але чамусьці гэтыя выяўленыя фігуранты расьсьледаваньня ўцяклі з тэрыторыі Ўкраіны. Вядома, гэтаму спрыяў пэўны modus operandi, інакш кажучы, матыў дзеяньняў, нешта іх прымусіла. Цалкам магчыма, на гэта зможа адказаць ўжо ўкраінскае сьледзтва.

Варта нагадаць, што ўкраінскім сьледзтвам падазраецца шэраг былых супрацоўнікаў «Бэркута», якія цяпер хаваюцца на тэрыторыі Расеі, у тым ліку на тэрыторыі акупаванага ёю Крыму. Супрацоўнікі, вінаватыя ў сьмерці дзясяткаў і дзясяткаў абаронцаў Майдану, у раненьні соцень людзей. Расея, вядома ж, на ўсе запыты Ўкраіны іх не выдае. Вядома, ўкраінскае сьледзтва павінна ўстанавіць прычыны ўцёкаў гэтых людзей, маючы на ўвазе, што большасьць іх таварышаў па службе спакойна прайшла пераатэстацыю; мала таго, нават бралі ўдзел у зоне правядзеньня так званай антытэрарыстычнай апэрацыі, цяпер гэта Апэрацыя Аб’яднаных сіл.

— «Настоящее время» таксама зьвярнулася да Ўкраіны з просьбай пракамэнтаваць гэтую інфармацыю, ці ёсьць сярод тых, каго вы назвалі, каго вы выявілі, людзі, у дачыненьні да якіх ва Ўкраіне вядуцца справы. Мы гаворым усё ж пра адзінкі, пра дзясяткі ці пра сотні былых бэркутаўцаў?

— Думаю, можна весьці гаворку пакуль пра некалькі дзясяткаў, якія могуць хавацца на тэрыторыі Беларусі. Я выкарыстоўваю выключна сродкі выведкі па адкрытых крыніцах інфармацыі. Тое, што маецца, напрыклад, у акаўнтах у сацыяльных сетках; тое, што публікуюць афіцыйныя старонкі дзяржаўных ведамстваў Беларусі. Гэтую інфармацыю я вывуджваю, спрабую зьбіраць па крупінках, і ў агульную карціну расьсьледаваньня гэта ўсё выліваецца.

Гэта вельмі карпатлівая праца, цягам ужо трох гадоў я гэтым займаюся. Колькі атрымалася выявіць, пакуль ня буду называць гэтую лічбу. На гэты момант па выніках расьсьледаваньня гэта ўжо пяць супрацоўнікаў «Беркута», якія, гэта факталягічна пацьверджана, служаць у шэрагах беларускай міліцыі і абараняюць ўжо непасрэдна рэжым Лукашэнкі.

— Вам вядома, якую функцыю былыя бэркутаўцы выконваюць у сілавых структурах Беларусі?

— Я прыводжу сьведчаньні ў сваіх матэрыялах, гэта афіцыйныя зьвесткі, дадзеныя з пратаколаў адміністрацыйных спраў, гэта анкетаваньне ў рамках адміністрацыйных судовых спраў, дзе яны фігуруюць у якасьці сьведак, даюць сьведчаньні супраць грамадзянскіх актывістаў у Беларусі. Акрамя гэтага, яны ўдзельнічаюць непасрэдна ў затрыманьнях мірных пратэстоўцаў, грамадзянскіх актывістаў з тых ці іншых прычын. Гэта ўсё пацьверджана па выніках судовых разглядаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG