Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі пачала працу Канстытуцыйная камісія. Хто ў яе ўвайшоў?


Канстытуцыйны суд пракантралюе канстытуцыйную рэформу
Канстытуцыйны суд пракантралюе канстытуцыйную рэформу

15 сакавіка пачала працу Канстытуцыйная камісія, якая будзе зьбіраць прапановы і распрацоўваць зьмены ў Асноўны закон Беларусі.

Тэлеграм-канал прэс-службы Аляксандра Лукашэнкі «Пул Першага» апублікаваў пэрсанальны склад камісіі. Як вынікае з дакумэнту, туды ўвайшлі 34 чалавекі — як чыноўнікі, так і людзі, далёкія ад законатворчай дзейнасьць.

У пераліку прэм’ер-міністар Раман Галоўчанка, старшыня Савету Рэспублікі Натальля Качанава, кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Ігар Сергеенка, старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Андрэйчанка, экс-генэральны пракурор Рыгор Васілевіч, дэпутат Ігар Марзалюк, палітолягі Аляксандар Шпакоўскі і Юры Васкрасенскі, паралімпіец Аляксей Талай, першая намесьніца міністра аховы здароўя Алена Богдан, кіраўнік Навукова-практычнага цэнтру хірургіі, транспланталёгіі і гематалёгіі Алег Румо ды іншыя.

Пры гэтым у камісіі няма ніводнага прадстаўніка апазыцыі і дэмакратычнай супольнасьці.

Перад паседжаньнем з чальцамі камісіі сустрэўся Аляксандар Лукашэнка. Ён зазначыў, што ня вычарпала сябе і дзейная Канстытуцыя, таму трэба зыходзіць найперш з гэтага факту.

«Зь ёй мы сфармаваліся як сувэрэнная, прававая, незалежная, сацыяльная дзяржава, больш як праз 25 гадоў гэты дакумэнт абсалютна актуальны. Нядаўняе сацыялягічнае дасьледаваньне нашага грамадзтва якраз гэта і паказала. Больш за 65% яго ўдзельнікаў ня лічаць патрэбным мяняць Канстытуцыю», — адзначыў Лукашэнка.

Летась у кастрычніку камісія дзяржаўнага будаўніцтва, мясцовага самакіраваньня і рэглямэнту Палаты прадстаўнікоў пачала збор прапаноў па зьменах Канстытуцыі ад грамадзянаў.

Гэтая тэма ўздымаецца на розных узроўнях ужо некалькі гадоў. Аляксандар Лукашэнка заявіў, што яму паклалі на стол два варыянты Асноўнага закону, але ён іх адхіліў, бо яны мала адрозніваюцца ад дзейнага дакумэнту. Цяпер ідзе праца над трэцім варыянтам.

Раней старшыня Канстытуцыйнага суду Пётра Міклашэвіч паведаміў пра некаторыя новаўводзіны.

Па-першае, азначэньне статусу Ўсебеларускага народнага сходу як найвышэйшага прадстаўнічага органа народаўладзьдзя з пэўнымі паўнамоцтвамі. Па-другое, удакладненьне функцый і адказнасьці дзяржаўных органаў, іх самастойнасьці і ўзаемадзеяньня. Па-трэцяе, разьвіцьцё асноваў выбарчай сыстэмы і партыйнага будаўніцтва.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG