Карына Ёжыкава раней заявіла, што можа адмовіцца ад выступленьняў за зборную Беларусі праз палітычныя абставіны. Валянціна Несьцярук адкрыта заявіла, што Лукашэнка мусіць адказаць за гвалт супраць беларусаў, піша «Трыбуна».
32-гадовая дыспэтчарка Несьцярук, якая выступае за польскі «Ярослаў», 30-гадовая паўсярэдняя расейскай «Астраханачкі» Ёжыкава даўно выступалі за нацыянальную каманду, але пасьля таго як падпісалі ліст за новыя празрыстыя выбары прэзыдэнта, не атрымалі новага выкліку.
10 сакавіка на базе менскага спартовага комплексу па гульнявых відах спорту стартуе вучэбна-трэніровачны збор жаночай зборнай, але славенец Томаж Чатэр не запрасіў на яго дзьвюх гандбалістак. Сам Чатэр раней падпісаў праўладны ліст у падтрымку Лукашэнкі і дзеяньняў сілавікоў.
Валянціна Несьцярук сказала, што ёй нават не патэлефанавалі, каб апавясьціць, што больш не выклікаюць у каманду, хаця яна гуляла ў нацыянальнай зборнай больш за 10 гадоў, была яе капітанам і рэгулярна атрымлівала выклікі.
«Вядома, перш за ўсё гэта рашэньне трэнэрскага складу. Але, улічваючы мой стаж у нацыянальнай камандзе, думаю, што заслугоўваю тэлефонны званок ці паведамленьне хаця б ад начальніка каманды з інфармацыяй, што ня буду ўключана ў склад зборнай. Вядома, крыўдна, якім спосабам усё гэта зрабілі. Ніякай інфармацыі, як быццам і не гуляла столькі гадоў у зборнай Беларусі».
Зь 19 па 21 сакавіка ў Менску ў спарткомплексе «Чыжоўка-Арэна» пройдзе адборачны турнір чэмпіянату сьвету-2021. У суперніках беларусак — зборныя Швайцарыі і Фарэрскіх выспаў. Па выніках турніру дзьве лепшыя каманды выйдуць у плэй-оф кваліфікацыі, якая адбудзецца з 16 па 21 красавіка.
Раней кіраўніцтва Міністэрства спорту і шэрагу спартовых фэдэрацый неаднаразова звальняла спартоўцаў з працы і не выклікала ў нацыянальныя зборныя за выказваньні супраць рэжыму Лукашэнкі. У прыватнасьці, працы пазбавілася вядучая фрыстайлістка Аляксандра Раманоўская, а ў пляжным футболе чыноўнікі выключылі са зборнай краіны амаль увесь асноўны склад.
Пры гэтым баскетбалістку Кацярыну Сныціну, якая выказалася за новыя выбары і супраць гвалту сілавікоў, запрасілі ў нацыянальную каманду ў яе відзе спорту.
Фанаты футбольных клюбаў салідарна паведамілі пра спыненьне актыўнай падтрымкі на стадыёнах да зьмены ўлады ў Беларусі. Толькі заўзятары «Крумкачоў» заявілі адваротнае, матываваўшы рашэньне тым, што летась іх каманда актыўна выступіла супраць гвалту і фальсыфікацый, а таму заслугоўвае падтрымкі.