Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крэмль: Пуцін абмяркуе з Лукашэнкам рэалізацыю буйных праектаў


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, Сочы, 14 верасьня 2020
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, Сочы, 14 верасьня 2020

Падчас сочынскай сустрэчы 22 лютага Уладзімір Пуцін абмяркуе з Аляксандрам Лукашэнкам рэалізацыю буйных праектаў, паведамляе БелаПАН са спасылкай на прэсавую службу Крамля.

«Асаблівую ўвагу плянуецца аддаць буйным сумесным праектам у гандлёва-эканамічнай, энэргетычнай і культурна-гуманітарнай галінах, а таксама далейшаму прасоўваньню інтэграцыйных працэсаў у рамках Саюзнай дзяржавы», — гаворыцца ў рэлізе Крамля.

Лукашэнка вылецеў у Сочы 19 лютага, паведаміла яго прэсавая служба, адзначыўшы, што бакі падрабязна абмяркуюць «шырокі комплекс пытаньняў разьвіцьця беларуска-расейскіх адносінаў, сумеснае рэагаваньне на выклікі, у тым ліку ў сфэры вайсковай бясьпекі, узаемадзеяньне ў інтэграцыйных структурах».

Перамовы з Пуціным Лукашэнка анансаваў 18 лютага падчас сустрэчы зь дзяржаўным сакратаром Саюзнай дзяржавы Рыгорам Рапотам.

Ён заявіў, што едзе ў Расею не прасіць грошы, і патлумачыў, што плянуе абмеркаваць з Пуціным новыя праекты ў эканамічнай сфэры.

Прэсавы сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што «можна чакаць вельмі працяглыя перамовы». Па словах прадстаўніка Крамля, на перамовах будуць абмяркоўвацца, у прыватнасьці, двухбаковыя адносіны, таксама суразмоўцы маюць намер абмяняцца думкамі па міжнароднай праблематыцы.

Пра будучыя перамовы Аляксандра Лукашэнкі з Уладзімірам Пуціным стала вядома на мінулым тыдні. Расейская газэта «Коммерсант» паведамляла, што падчас перамоваў, сярод іншага, плянуецца абмеркаваць новы крэдыт для Беларусі на суму прынамсі ў 3 млрд даляраў. Суразмоўцы выданьня ва ўрадзе РФ заявілі, што Беларусь хоча атрымаць доступ да рэшты сродкаў, выдзеленых Расеяй на будаўніцтва Беларускай АЭС.

Раней беларускія ўлады заяўлялі, што гэтыя сродкі могуць быць накіраваныя на рэалізацыю новых праектаў, у прыватнасьці, зьвязаных са стварэньнем інфраструктуры для экспарту беларускіх тавараў праз расейскія парты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG