Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка заявіў, што едзе да Пуціна не для таго, каб прасіць грошай


Сустрэча Лукашэнкі і Пуціна ў Сочы, 14 верасьня 2020 году.
Сустрэча Лукашэнкі і Пуціна ў Сочы, 14 верасьня 2020 году.

Аляксандар Лукашэнка сёньня анансаваў сустрэчу з кіраўніком Расеі Ўладзімірам Пуціным у другой дэкадзе лютага 2021 году. У Крамлі назвалі дату 22 лютага.

Пра гэта Лукашэнка заявіў на сустрэчы зь дзяржаўным сакратаром так званай Саюзнай дзяржавы Рыгорам Рапотам.

«Мы сапраўды з Пуціным даўно дамовіліся, што ў пачатку 20-х дзён лютага сустрэнемся і пагаворым аб некаторых кірунках нашага супрацоўніцтва. Але адразу хачу сказаць: у нас, як заўсёды ў Расеі бывае, некаторыя падхопяць парадак дня, і „вось, Лукашэнка прыедзе аж $ 3 млрд прасіць“. Не, я ня еду туды чагосьці прасіць», — цытуе Лукашэнку афіцыйнае агенцтва БелТА.

«Вы бачылі, мы падпісвалі на гэты год аб энэрганосьбітах, што для нас адчувальна, агульных рынках дакумэнты. Наогул нічога не прасілі і не спрачаліся. Калі Расея лічыць, што ўзровень нашага эканамічнага супрацоўніцтва павінен быць вось такой вышыні, значыць, ён такі і будзе. Чаго там хадзіць і прасіць? Таму трошкі гэтыя лібэралы ў Расеі адсталі ад адчувальных пытаньняў, якія мы абмяркоўваем. Мы нічога не зьбіраемся прасіць», — заявіў Лукашэнка.

Пазьней прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў, паведаміў, што Ўладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка правядуць сустрэчу 22 лютага, чакаюцца працяглыя перамовы, піша ТАСС.

Паводле Лукашэнкі, падчас візыту ў Расію ёсьць дамоўленасьць і пра сустрэчу з намесьнікам старшыні Рады бясьпекі Дзьмітрыем Мядзьведзевым.

«Думаю, што і зь Мядзьведзевым сустрэнемся, дамовіліся сустрэцца. І абмяркуем самыя актуальныя пытаньні, якія нас сёньня хвалююць. Ёсьць больш важныя пытаньні — забесьпячэньне абароны, бясьпекі нашай дзяржавы», — сказаў ён.

Лукашэнка пра заходнія санкцыі

Лукашэнка адрэагаваў на санкцыі Эўразьвязу, якія былі ўведзеныя супраць яго і ягонага атачэньня за сфальшаваныя выбары, гвалт сілавікоў і масавыя рэпрэсіі:

«Добра, уводзьце. Але свае тавары будзеце спажываць у сябе, на наш рынак ня прыйдзеце. Гэта ўсё-ткі 150 млн чалавек. А праз Беларусь, Расею разыходзіцца вялізная колькасьць тавараў. Таму зразумела, хто ад гэтага прайграе. А мы ўсе перажываем : ах, санкцыі, мы памром... Ды не памром! Сяргей Лаўроў (міністар замежных спраў Расеі) правільна сказаў, жорстка сказаў, малайчына! Ня трэба супраць нас вайнушку нейкую ладзіць. Мы можам адказаць. Калі хочам жыць мірна, трэба сапраўды рыхтавацца да вайны. Мы, вядома, ня хочам ваяваць, нам ня трэба, мы наеліся. Але тым ня менш вы бачыце, што адбываецца навокал».

Расея застаецца адзінай з суседніх краін Беларусі, якая прызнае Лукашэнку абраным прэзыдэнтам Беларусі і аказвае яму інфармацыйную і эканамічную падтрымку. Першая сустрэча Лукашэнкі і Пуціна пасьля выбараў 2020 году адбылася ў Сочы 14 верасьня 2020 году, тады Пуцін паабяцаў крэдытную падтрымку Менску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG