Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: дзень народзінаў Максіма Гарэцкага


Максім Гарэцкі з жонкай Леанілай, дзецьмі Леанідам і Галінай. 1923 г.
Максім Гарэцкі з жонкай Леанілай, дзецьмі Леанідам і Галінай. 1923 г.

Падзеі 18 лютага ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

18 лютага 1893 нарадзіўся Максім Гарэцкі, беларускі пісьменьнік і навуковец. Расстраляны ў 1937 НКВД.

Пісьменьнік Максім Гарэцкі. Апошні фатаздымак. 1937 г.
Пісьменьнік Максім Гарэцкі. Апошні фатаздымак. 1937 г.

«Ён ставіў перад сабою, перад нацыянальным прыгожым пісьменствам і ўсімі адраджэнскімі сіламі звышзадачу — „падняць беларуса да ідэальнага чалавека“, „аднавіць арганізм Беларусі і зрабіць яго дужэйшым“.

На тое й геніі, каб пазначаць мэты на стагодзьдзі».

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 176–177.

Дзень у гісторыі

1386 — вялікі князь літоўскі Ягайла ажаніўся зь Ядвігай, спадкаемніцай польскага каралеўскага трону.

1537 — у Маскве падпісалі мірную дамову, якая скончыла вайну Маскоўскай дзяржавы зь Вялікім Княствам Літоўскім.

1952 — Грэцыя і Турэччына ўступілі ў НАТО.

2014 — украінскія сілавікі пачалі штурм Майдану.

У гэты дзень нарадзіліся

1893Максім Гарэцкі, беларускі пісьменьнік і навуковец.

1922 Міхаіл Савіцкі, народны мастак Беларусі, жывапісец, пэдагог.

1935 Сяргей Картэс, беларускі кампазытар.

1944Яўген Будзінас, беларускі пісьменьнік і журналіст, стваральнік музэю «Дудуткі».

Яўген Будзінас і Генадзь Грушавы
Яўген Будзінас і Генадзь Грушавы

«Улюбёным ягоным дзіцём стаў музэйны комплекс старадаўніх народных рамёстваў і тэхналёгіяў «Дудуткі» каля вёскі Дудзічы Пухавіцкага раёну. Яны, паводле непахіснага перакананьня Будзінаса, былі якраз тымі Дудуткамі з «Слова пра паход Ігаравы», дзе ў пракавецьці адзначыўся полацкі князь Усяслаў Чарадзей.

У 1994-м у Дудутках задыхаў кавальскі горан, закруціліся ганчарныя колы, азваліся ткацкія варштаты, пацягнула дымком ад бровару. На ладжаных Яўгенам шматлюдных сьвятах зь іхняй непаўторнай куражнай атмасфэраю вакол славутага тамтэйшага самагоннага агрэгату ўперамешку раіліся, нібы пчолы, дыпляматы й літаратары, журналісты й музыкі.

Уяўлялася, што Будзінаса любілі ўсе. Аднак знайшліся й тыя, каму Яўген, ягоныя таленты, вальнадумства, посьпех, яго афарызм, што «палітыка — гэта задворкі розуму», сталі ўсё больш замінаць.

Надышоў дзень, калі ён ня змог прыехаць у Дудуткі як гаспадар».

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 580–581.

1946Надзея Артымовіч, беларуская паэтка зь Беласточчыны.

1954Джон Траволта, амэрыканскі актор, рэжысэр.

У памяці

1546 — памёр Марцін Лютэр, нямецкі рэфарматар царквы.

1564 — памёр Мікелянджэлё Буанароці, італьянскі скульптар, жывапісец, архітэктар, паэт, прадстаўнік мастацтва эпохі Адраджэньня.

1943 — забіты Антоні Ляшчэвіч, сьвятар, ахвяра нацысцкай расправы.

"Ад 1939 году айцец Антоні Ляшчэвіч вёў душпастырскую дзейнасьць на Бацькаўшчыне — спачатку ў Друі, а потым у Росіцы на Дрысеншчыне. У другую ваенную зіму ў навакольлі зьявіліся нацысцкія карнікі. Мясцовых жыхароў, пераважна старых, жанчын і дзяцей, быццам жывёлу, сагналі на сартаваньне ў касьцёл.

Адных чакалі канцлягеры, другіх — сьмерць у агні. Антоні Ляшчэвіч і ягоны паплечнік, таксама брат-марыянін, Юры Кашыра адпраўлялі ў храме Сьвятую імшу, прычашчалі, спавядалі, хрысьцілі дзяцей, багаслаўлялі і суцяшалі тых, хто быў у роспачы.

Дамовіўшыся зь нямецкім афіцэрам, айцец Антоні ўратаваў ад сьмерці дзевяць беларускіх сясьцёр-эўхарыстак, якія займаліся ў Росіцы катэхізацыяй.

Тым часам людзей пачалі групамі выводзіць з касьцёлу і паліць у будынках. Тых, хто спрабаваў уцячы, расстрэльвалі. Дзяцей наколвалі на штыхі.

Камандаваньне карнікаў прапанавала сьвятарам жыцьцё. Але яны ўжо зрабілі свой выбар, пастанавіўшы да канца заставацца з прыхаджанамі.

Відавочцы сьведчаць, што айцец Антоні Ляшчэвіч да астатніх хвілінаў выяўляў неверагодны спакой: зьмяніў мо крыя шкарпэткі на сухія, запытаўся ў вернікаў, ці трэба перад сконам пад’есьці, ці ўсё ж лепей быць галодным, ахінуў вакол шыі шалік.

Празь некалькі хвілінаў ён увайшоў разам зь людзьмі ў агонь...

Назаўтра такое ж вусьцішнае скананьне прыняў айцец Юры Кашыра.

Пры канцы 1990-х гадоў папа рымскі Ян Павал ІІ бэатыфікаваў росіцкіх пакутнікаў. Усё больш масавымі робяцца штогадовыя пілігрымкі ў Росіцу да касьцёлу Сьвятой Тройцы.

Айцы-марыяне Антоні Ляшчэвіч і Юры Кашыра сталіся героямі раману пісьменьніцы Ірыны Жарнасек «Будзь воля Твая», выдадзенага ўжо ў ХХІ стагодзьдзі менскім выдавецтвам «Pro Christo». Прэзэнтацыі кнігі зьбіралі поўныя залі ў розных гарадах краіны".

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 212-213.

1967 — памёр Роберт Опэнгеймэр, амэрыканскі фізык, кіраўнік амэрыканскага атамнага праекту

1987 — памёр Барыс Кавэрда, удзельнік нацыянальна-вызвольнага руху 1920-х у Заходняй Беларусі, палітэмігрант.

«7 чэрвеня 1927 году на Варшаўскім вакзале прагучалі стрэлы, якія азваліся на старонках усёй эўрапейскай прэсы. Беларус Барыс Кавэрда сьмяротна параніў паўнамоцнага прадстаўніка СССР у Польшчы Пятра Войкава, што на Захадзе быў вядомы як непасрэдны ўдзельнік расстрэлу сям’і расейскага імпэратара Мікалая ІІ. (Калі саветы спрабавалі накіраваць Войкава пасланьнікам у Канаду, яму адмовілі ў агрэмане, афіцыйна назваўшы „царазабойцам“.)»

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 360-361.

1979 — памёр Юрка Гаўрук, беларускі перакладчык, крытык, паэт і рэжысэр.

1995 — памёр Заір Азгур, беларускі скульптар, народны мастак Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG