Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка на «ўсебеларускім сходзе» ў 1996: Незалежнасьць — гэта бяда


Аляксандар Лукашэнка, кастрычнік 1996
Аляксандар Лукашэнка, кастрычнік 1996

Першы «ўсебеларускі народны сход» адбыўся 19–20 кастрычніка 1996 году ў Палацы спорту. Усе ўдзельнікі былі падрыхтаваныя да аднагалоснага ўхваленьня і аплядысмэнтаў на адрас правадыра.

Прапануем фрагмэнты кнігі Сяргея Навумчыка «Дзевяноста шосты», якая неўзабаве выйдзе ў кніжнай сэрыі «Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе».

Для падтрымкі рэфэрэндуму аб зьменах Канстытуцыі, якія давалі прэзыдэнту неабмежаваныя паўнамоцтвы, 19 кастрычніка 1996 Лукашэнка склікаў «усебеларускі народны сход».

У той жа дзень БНФ правёў шматтысячны мітынг. Былі запрошаныя лідэры ўсіх партый, якія на той момант ужо заявілі пра аўтарытарныя мэтады Лукашэнкі і днём раней узялі ўдзел у кангрэсе дэмакратычных сілаў «У абарону Канстытуцыі — супраць дыктатуры».

Не было толькі старшыні Вярхоўнага Савету Сямёна Шарэцкага. Адмовіўшыся пайсьці на лукашэнкаўскі сход, Шарэцкі адначасна катэгарычна адмовіўся ісьці і на Кангрэс дэмакратычных сілаў, і на мітынг, якія праводзіў Народны Фронт, заявіўшы на сэсіі: «Я не пайду на кангрэс... Я не пайду і на Ўсебеларускі сход... На мітынг я таксама не пайду».

І не пайшоў.

Пазьней ён скажа, што шукаў кампрамісу.

«...его применение может поразить большое количество людей, в т.ч. женщин и детей»

Спачатку — пра мітынг. Да яго ўлады падрыхтаваліся сур’ёзна. Напэўна, да ніводнай іншай акцыі апошніх гадоў не было мабілізавана гэтулькі шмат войскаў і міліцыі, а таксама нейкіх спэцыфічных карных падразьдзяленьняў. Былі і сабакі.

За дзень да мітынгу па Менску разьляцеўся спэцвыпуск газэты «Свабода», у якой на адной старонцы, як улётка, быў зьмешчаны дакумэнт, перададзены ў рэдакцыю, як было пазначана ў камэнтары, «сумленнымі людзьмі».

Я ведаю, што многія ў Менску былі шакаваныя тым тэкстам, але нас з Пазьняком ён ні ў якай ступені не зьдзівіў. Як, думаю, і іншых былых дэпутатаў Апазыцыі БНФ, якім давялося адчуць на сабе ўдары і зьдзекі афіцэраў спэцслужбаў у ноч з 11 на 12 красавіка 1995 году.

«Дакумэнт рэдакцыя атрымала позна ў чацьвер, калі пятнічны нумар „Свабоды“ ўжо друкаваўся, і нам нічога не заставалася, як зрабіць сёньня вось такі спэцвыпуск», — гаварылася ў рэдакцыйным артыкуле.

Гэта была дакладная запіска начальніка баявой падрыхтоўкі корпусу аховы намесьніку камандуючага ўнутранымі войскамі «О результатах выполнения распоряжения по подготовке сил и средств к охране общественного порядка 19–20 октября 1996 года».

З дакумэнту вынікала, што структуры Міністэрства ўнутраных спраў гатовыя да сапраўдных баявых дзеяньняў на вуліцах сталіцы, і праціўніка яны бачылі ў мірных людзях.


Вось фрагмэнты дакумэнту (стылістыка захаваная):

«...Личный состав готов к выполнению любых задач, в самой сложной обстановке.

Огневые группы из расчёта 4 снайпера и 12 автоматчиков в каждом элементе боевого порядка подготовлены и готовы к применению оружия по хулиганствующим элементам. Требования УБС о порядке применения оружия изучены и приняты зачёты под роспись.

Боевая техника: бронетранспортёры, БРДМ согласно ранее проводимого расчёта подготовлены, обслуживание произведено. Боезапас: 1 комплект боевой, 2 — холостых.

Группы применения специальных средств «черёмуха», «Ольха» и «Омут» подготовлены. На специальном полигоне в районе населённого пункта Мстиги Заславского района проведено их боевое слаживание. Дополнительно получено на армейских складах п. Речица специальное средство под кодовым названием «Пион». Группа применения его готова. ...
Вместе с тем в силу того, что его применение может поразить большое количество людей, в т.ч. женщин и детей считаю целесообразным применять его только в исключительном случае.

Специалистов — инструкторов отряда «Витязь» (г. Ростов-на Дону) прибывших для подготовки офицерского состава практике уличных боёв в г. Грозном целесообразно использовать во всех частях и подразделениях специального назначения с целью увеличения охвата личного состава для подготовки.

Водомёты и пожарные машины корпуса в количестве 24 шт. к действиям готовы. Расчёты подготовлены. Сектора обстрела определены. Подключение к пожарным гидрантам на местах будет проведено в течение 3-5 минут.

Специалисты служебно-разыскных собак и служебных животных будут использованы только централизовано и при прорыве толпой милицейских заслонов в направлении Дворца Спорта.

Всего служебно-разыскных собак 73. Место сосредоточения: подсобное хозяйство учебного центра «Воловщина».

Фильтрационный пункт на войсковом стрельбище «Воловщина» готов принять до 2,5 тыс. задержанных. Условия для размещения имеются. Охрана организована. Инженерные и технические работы проведены. Выделенные 2 вертолётные эскадрильи из МО целесообразно передать войсковой части 3214...

С целью качественного выполнения поставленных задач прошу дополнительно выделить:

По 2 заправки ГСМ на ПТ-76 (22 шт.);

49 КАМАЗов для переброски в г. Минск милицейских частей дислоцирующих в областных центрах.

Специальные средства «Амур» и «Тополь» из расчёта на каждого офицера и прапорщика.

Начальник боевой подготовки корпуса охраны полковник А.А. Шкун".

«Прачытаўшы «Дакладную запіску» палкоўніка Шкуна, кожны з нас цяпер лепш разумее сэнс хваробы таго чалавека, які сёньня кіруе нашай краінай», —
камэнтавала рэдакцыя «Свабоды.

Рэдакцыя прасіла чытачоў зьвярнуць увагу на тое, што на тэрыторыі Беларусі знаходзяцца расейскія інструктары, якія вучаць беларускія падразьдзяленьні спэцназу тактыцы вулічных баёў, улічваючы досьвед вайны ў Чачні.

«У нас былі зьвесткі, што Лукашэнка прасіў генэрала Лебедзя дапамагчы, у тым ліку інструктарамі, але мы не знаходзілі гэтаму пацьверджаньня, таму не публікавалі інфармацыю. Цяпер, як бачым, Лебедзь выканаў просьбу нашага авантурыста», — пісалася ў рэдакцыйным камэнтары «Свабоды» і выказвалася спадзяваньне, што, публікуючы дакумэнт, «мы сарвалі пляны авантурыстаў і суботняя акцыя пратэсту ў абарону Канстытуцыі — супраць дыктатуры пройдзе мірна».

У той жа дзень, калі выйшаў адмысловы выпуск «Свабоды» з тэкстам дакладной запіскі, ён трапіў у Авальную залю, і а 14-й гадзіне на сэсію Вярхоўнага Савету прыйшлі намесьнікі кіраўнікоў сілавых ведамстваў. Незалежныя журналісты ацанілі іх выступы як няўцямныя.

Першы намесьнік міністра ўнутраных спраў Юрый Тарабрын заявіў, што з дакумэнтам не знаёмы, і адначасна сказаў, што дакумэнт складзены не ў адпаведнасьці з прынятымі нормамі ўнутраных дакумэнтаў МУС.

Апошняе сьцьвярджэньне, сам таго не жадаючы, абверг камандуючы ўнутранымі войскамі Юрый Сівакоў, які ў той жа вечар заявіў па тэлебачаньні, што аўтар дакумэнту знаёмы з усімі правіламі афармленьня ўнутранай дакумэнтацыі міністэрства.

На мітынгу, якая прайшоў 19 кастрычніка і сабраў некалькі тысяч удзельнікаў, генэрал Юры Захаранка заявіў, што верыць у сапраўднасьць апублікаванага «Свабодай» дакумэнта. «Захаренко, — заявіў на наступны дзень Лукашэнка на „ўсенародным сходзе“, — размахивая очередной фальшивкой, кричал о том, что власть готовит насилие!».

Мы з Пазьняком не сумняваліся, што дакумэнт сапраўдны, бо яшчэ паўтара года раней аўтаматчыкаў і спэцназ бачылі не на вуліцах, а ў залі парлямэнту, і ня проста бачылі, а адчулі на сваім целе. Калі войскі ўвялі ў парлямэнт і зьбілі дэпутатаў — што магло перашкодзіць вывесьці іх на вуліцу і прымяніць іх супраць мітынгоўцаў?

Аднак ні спэцвойскі, ні сабакі супраць мітынгоўцаў гэтым разам прымененыя не былі. Наколькі мне вядома, больш гэты чалавек — «палкоўнік А.А.Шкун» — нідзе публічна не засьвяціўся.

Цалкам магчыма, што якраз дзякуючы публікацыі дакумэнту тым разам абышлося без разгону і сабак.

Лукашэнка бачыць у Незалежнасьці «і боль, і бяду»

Першы «ўсебеларускі народны сход» адбыўся 19–20 кастрычніка 1996 году ў Палацы спорту. Форум арганізавалі без такой доўгай падрыхтоўкі, як усесаюзныя партыйныя зьезды, але з такой жа колькасьцю «дэлегатаў» (пяць тысяч) і такой жа эфэктыўнасьцю — усе ўдзельнікі былі падрыхтаваныя да аднагалоснага ўхваленьня і аплядысмэнтаў у адрас правадыра.

Лукашэнка адкрыў сход кароткім выступам, у якім адразу абазначыў непрыманьне прынцыпаў парлямэнтарызму.

«Мы не ставим под сомнение значимость системы западного парламентаризма, однако считаем, что реализация общедемократических ценностей в каждой конкретной стране должна соответствовать её историческому опыту и вековому укладу народной жизни... Для белорусов — это прежде всего великая традиция общенародного Вече, на котором издревле решались самые сложные вопросы. Именно с целью услышать ваше мнение, всего народа о путях развития республики и сообща принять важнейшие решения я выступил инициатором созыва первого Всебелорусского народного собрания».

У часы Полацкага княства сапраўды існаваў народны сход гараджанаў, які прымаў рашэньні (што прыкметна — князь ня меў права жыць у рысе гораду). Тое быў старажытнарускі пэрыяд. Але пазьней у Беларусі была ўжо значна больш дасканалая форма, якую якраз і можна лічыць парлямэнтарызмам — я маю на ўвазе Вялікае Княства Літоўскае і яго Сойм. Калі я зьвярнуўся па кансультацыю да гісторыка Сяргея Абламейкі, ён нагадаў, што ў нас дзейнічала ня толькі Магдэбурскае, але і Саксонскае права, з судовай сыстэмай, якая прадугледжвала спаборніцтва бакоў. Але пра такую «традыцыю» прарасейскія сьпічрайтэры і памочнікі Лукашэнкі не пажадалі ўзгадваць.

Галоўнай, канечне, была заява пра тое, што цяпер у Беларусі будзе «асобны шлях» да таго, што яе ўладар разумеў пад дэмакратыяй. Пазьней па «асобным шляху», пракладзеным Лукашэнкам, пойдзе кіраўнік Расеі Ўладзімер Пуцін, які вынайдзе нават форму для падобнага — «сувэрэнная дэмакратыя».

На сходзе выступілі каля трыццаці дэлегатаў, але галоўным, канечне, быў даклад Лукашэнкі.

Пачаў Лукашэнка з таго, што памкненьнем беларускага народу назваў ня прагу да Незалежнасьці, а жаданьне жыць у імпэрыі.

«В нашей недавней истории много трагических примеров, когда люди, стоявшие у власти, нагло и цинично растаптывали желания и чаяния своего народа. А расплачивались за это всегда простые люди. Все вы помните — в 1991 году мы подавляющим большинством высказались за сохранение Советского Союза. В основе такого выбора были и здравый смысл, и мудрость белорусского народа. Люди сердцем чувствовали, что и чернобыльскую беду, и другие невзгоды легче и быстрее можно преодолеть в составе великой страны, вместе с братскими народами».

Меў на ўвазе Лукашэнка рэфэрэндум аб захаваньні СССР, які адбыўся 17 траўня 1991. Вось толькі ў Беларусі ён быў прызначаны з парушэньнем заканадаўства, дый прыхільнікам Незалежнасьці слова ў СМІ не далі.

Спасылка на Чарнобыль выглядала асабліва цынічна. У чэрвені 1990 дэпутат Лукашэнка прысутнічаў у Авальнай залі пры абмеркаваньні чарнобыльскай праблемы, калі кіраўнікі рэгіёнаў (натуральна, камуністы) скардзіліся, што Беларусь не атрымлівае ад «цэнтру» (гэта значыць, ад Масквы) патрэбнай дапамогі. Чуў ён і пра тое, што да 1991 году Беларусь пералічвала сродкі, выдзеленыя на ліквідацыю наступстваў аварыі на ЧАЭС, у саюзны фонд, а адтуль атрымлівала значна меней. Пра гэтую заганную практыку пісала нават афіцыйная прэса. Кіраўніцтва БССР разумела абсурднасьць сытуацыі, але — баялася ня выканаць распараджэньне Масквы.

«Но правители у мудрого народа оказались далеко не мудрыми людьми. Высокомерно проигнорировав волю народа, они с лёгкостью подписали в Вискулях клочок бумаги и сделали то, чего не могла сделать огромная военная машина фашистской Германии. Великая страна, вышедшая победительницей из самой страшной в истории войны, оказалась беззащитной перед политическими авантюристами. Их безответственность обернулась горем и нищетой для миллионов людей. Посмотрите — на огромных просторах бывшего Советского Союза разгорелись кровавые конфликты, миллионы людей стали беженцами, подвергается разграблению то, что создавалось трудом народа.

А что выиграл белорусский народ в результате „исторических соглашений в Вискулях“ (как любят выражаться наши национал-экстремисты)?

И не моя вина в нынешней ситуации, а моя боль и беда, корни которой зарыты в Беловежской пуще».


Каторы ўжо раз утварэньне незалежнай Беларусі і распад Саюзу Лукашэнка называў катастрофай для народу, але параўнаньне з гітлераўскай машынай прагучала, здаецца, упершыню.


Ну, а далей прамоўца перайшоў на асобы — натуральна, у самай зьняважлівай танальнасьці.

«Наш народ один на один остался с чернобыльской бедой. В отличие от господ Наумчика и Позняка, перешедших на экологически чистые американские продукты, белорусский народ живёт на своей земле. Если раньше нам, белорусам, помогал весь Союз, то сегодня мы можем рассчитывать на свой скудный бюджет.

Экономика Беларуси, бывшей сборочным цехом Союза, была поставлена на грань катастрофы. Каждый из нас на себе чувствует последствия этого „исторического соглашения“. А Шушкевич и иже с ним, сотворив всё это, продолжают поучать белорусский народ. Но, думаю, им уже не удастся ещё раз обмануть людей».

«Я парушаю Канстытуцыю»

І яшчэ некалькі цытатаў, якія адлюстроўвалі стаўленьне Лукашэнкі да нацыянальных каштоўнасьцяў, канстытуцыйнай законнасьці, прынцыпаў дэмакратыі і правоў чалавека.

Пра канстытуцыйнасьць:

«Весной заставляю платить зарплату к какому-то сроку, осенью заставляю платить к какому-то сроку. Вот тут я нарушаю Конституцию. Это я вам говорю перед лицом всей страны. Но Конституционный суд никогда меня за это не осудил. Потому что он давно превратился в политический орган и боится осудить там, где глава государства хоть и нарушает закон, но действует в интересах народа».

Гэта ўжо была атака ня толькі на парлямэнтарызм і на Вярхоўны Савет, але і на Канстытуцыю. Лукашэнка наўпрост заявіў, што парушае Канстытуцыю, але робіць гэта «ў інтарэсах народу».

І калі сапраўды тэксты выступаў Лукашэнкі пісалі ў тым ліку і адмыслоўцы ў галіне нэўралінгвістычнага праграмаваньня, з улікам узьдзеяньня на падсьвядомасьць — гэты пасаж мусіў закласьці ў людзей перакананьне, што Канстытуцыя і іх інтарэсы — рэчы несумяшчальныя. І што вырашыць гэтую супярэчнасьць можа толькі Лукашэнка.

Беларуская мова як вораг

Але быў у Лукашэнкі вораг куды больш магутны, чым нацыянал-радыкалы, чым БНФ, чым Вярхоўны Савет.

Узьнік ён задоўга да таго, як чалавецтва прыдумала паняцьці «канстытуцыйная законнасьць», «падзел уладаў», «парлямэнтарызм». Узьнік як сродак паразуменьня паміж людзьмі — спачатку ў справах простых, як здабыча ежы, як спосаб абараніцца ад ворага, і ўжо пазьней — як спосаб дамовіцца, а праз шмат-шмат часу — каб сказаць пра сваё права «людзьмі звацца».

Гэты вораг быў — мова. Беларуская мова, чуючы якую ад суразмоўцы, як прыгадваю яшчэ зь першых сустрэчаў вясной 90-га, Лукашэнкі мяняўся з твару, нібыта дакрануўся да лімона.

І, атрымаўшы самую высокую ў краіне пасаду, менавіта па беларускай мове нанёс Лукашэнка свой першы самы моцны ўдар.

«Вспомните 1995 год, майский референдум. Вы помните? Было абсолютно то же. „Общество расколется. Что этот Лукашенко делает? Нация погибнет. Беларускую мову зьнічтожым“.

Что произошло? Что плохого, что сегодня гражданин... выбирает тот язык, на котором он хочет говорить и обучать своих детей?.. Погибла беларуская мова? Ни в коем случае не погибла. Наоборот, тенденция осознания, тенденция самасьвядомасьці, тэндэнцыя популяризации беларускай мовы сегодня растёт. Но не под давлением, потому что когда давишь — всегда получаешь эффект обратный, эффект бумеранга».


Гэты пасаж Лукашэнкі на «ўсебеларускім народным сходзе» пракамэнтую словамі двух нацыянальных дзеячоў, якія прагучаць празь некалькі месяцаў пасьля выступу Лукашэнкі, на Другім зьезьдзе беларусаў сьвету.

Ніл Гілевіч, народны паэт Беларусі: «Імпэрашавіністы і запраданцы авалодалі палітычнай сытуацыяй у краіне і разгарнулі шалёна-апантаную дзейнасьць, скіраваную на ліквідацыю сувэрэннай, незалежнай дзяржавы — Беларусь. ... Сёньня ў афіцыйным друку нямала пішацца аб тым, што нібыта ў 1990–1994 гг. у нас праводзілася гвалтоўная беларусізацыя. Хачу рашуча запярэчыць, што гэта няпраўда. Не было ніякай патрэбы ў прымусовасьці і гвалце. Як толькі людзі адчулі свабоду і атрымалі Закон аб мове, яны самі адразу ж павярнуліся душой і сэрцам да роднага слова, да нацыянальнай культуры, да вытокаў і каранёў свайго гістарычнага быцьця. Далі б і цяпер магчымасьць на ўвесь голас гаварыць праўду па радыё, тэлебачаньні, і мы ўбачылі б, як людзі пачалі б вызваляцца ад туману, хлусьні і дэмагогіі» .

Радзім Гарэцкі, акадэмік, прэзыдэнт Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына»: «За апошнія тры гады назіраецца вялікі адкат ад беларускасьці, асабліва інтэнсіўна пасьля абодвух рэфэрэндумаў... Цяпер ідзе фактычнае зьнішчэньне беларускамоўнага навучаньня. Сёньня ўжо менш за 20% дзетак займаюцца па-беларуску. У Менску няма ніводнага беларускамоўнага садка, ніводнай цалкам беларускамоўнай школы. У адзінага ў Беларусі беларускамоўнага ліцэя адбіраюць будынкі. Тая ж доля пагражае Дому пісьменьніка — сапраўднаму прытулку беларускай мовы. Навучаньне ў ВНУ амаль скрозь рускамоўнае. Вельмі рэдкія навуковыя ўстановы і арганізацыі культуры, дзе можна пачуць беларускую мову... Усюды дакумэнтацыя вядзецца амаль цалкам па-руску. Кіраўнік дзяржавы за тры гады кіраваньня толькі тры разы і выступіў па-беларуску! Дзе ва ўсім сьвеце можна знайсьці яшчэ такую краіну?»

Радзім Гарэцкі пра Максіма Гарэцкага
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:14:59 0:00
Наўпроставы лінк

Працытаваў Гарэцкі і дакумэнт, які стаўся вынікам пазыцыі вышэйшай улады ў дачыненьні да беларускай мовы.

«Нядаўна газэта „Народная воля“ пад рубрыкай „SOS“ надрукавала загад кіраўніка Наваполацкай ТЭЦ Уладзімера Лебедзева: „В связи с тем, что большинство работников ТЭЦ не владеет в совершенстве белорусским языком и в соответствии со ст. 17 Конституции Республики Беларусь, которая определяет государственными языками в РБ белорусский и русский, приказываю: 1. Всему руководящему составу управления ТЭЦ, начальникам цехов, отделов и служб оперативную и техническую документацию вести только на русском языке. 2. Зам. директора по кадрам внести соответствующие изменения по делопроизводству. 3. Приказываю объявить всем работникам ТЭЦ“. Як кажуць, камэнтарыі залішнія». (Другі і трэці зьезды беларусаў сьвету. Менск, «Беларускі кнігазбор», с. 15–16).

Упершыню ў жыцьці запярэчу шаноўнаму Радзіму Іванавічу Гарэцкаму, добрымі шматгадовымі адносінамі зь якім ганаруся — у гэтым выпадку камэнтар якраз патрэбны. Забясьпечыць вывучэньне беларускай мовы работнікамі мусіла якраз улада, а кіраўніцтва прадпрыемства абавязанае было стварыць належныя для гэтага ўмовы — у адпаведнасьці з Законам аб мовах, прынятым у студзені 1990-га. Шэсьць гадоў для гэтага было цалкам дастаткова. І другое: той жа Закон, які тады яшчэ дзейнічаў у поўным аб’ёме, абавязваў спадара Лебедзева весьці дакумэнтацыю па-беларуску.

Але кіраўнікі адкрыта ігнаравалі закон у часы Кебіча, а з прыходам Лукашэнкі той, хто ня проста індыфэрэнтна, а варожа ставіўся да беларускай мовы, атрымалі карт-блянш. Вышэйцытаваным пасажам на «народным сходзе» Лукашэнка даў зразумець: ніякай дадатковай падтрымкі мова, увогуле нацыянальная культура не патрабуюць.

Увогуле, выступ Лукашэнкі на «народным сходзе» вызначыў (як потым выявілася, на дзесяцігодзьдзі) стаўленьне ўлады да нацыянальнай гісторыі з праімпэрскіх, пракамуністычных, фактычна сталінісцкіх пазыцый:

«Президент на этот референдум вносит вопрос: перенести с 27 июля, когда фашист Кубе подписал соответствующий указ о символике и белорусскости нашей державы, с этого дня на 3 июля — день освобождения нашей Беларуси — праздник, главный национальный праздник, чтобы его все праздновали».

Быў пацьверджаны курс на збліжэньне з Расеяй:

«Дружба с Россией — это гарантия суверенного существования нашего государства... Хочу подчеркнуть, что сближение с Россией находится в русле самых современных мировых тенденций развития. Посмотрите, как объединяется Европа: создаются наднациональные органы управления, единое законодательство, вводится единая для стран Европейского Союза валюта. Все понимают, что это магистральный путь развития цивилизации».

І, нарэшце, Лукашэнка заявіў, якая мадэль дзяржавы будзе абраная:

«Дирижёр в стране нужен всегда, как бы кому-то не нравилось. В семье, в маленькой семье нужен какой-то глава семьи... А вы хотите, чтобы миллионы людей жили в государстве, и в этом государстве не было вот этого, мягко говоря, дирижёра, главы... Выбросьте из головы вот это равновесие, балансы, противовесы, издержки — это должно быть между ветвями власти. Но ведущий должен быть всегда, который наделён определёнными теми полномочиями, которые вы дадите».

Такім чынам, падзел уладаў — выканаўчай, заканадаўчай і судовай — можа фармальна заставацца (хаця лепей бы пра яго забыцца), але над усімі — ён, галоўны.

І ўсе гэтыя прапановы пяць тысяч адфільтраваных удзельнікаў сходу сустрэлі воплескамі.

А праз пэўны час некаторыя зь іх будуць лічыць за лепшае ня ўзгадваць пра свой удзел.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG