Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яўлінскі абвінаваціў у папулізме Навальнага, які сядзіць у турме


Грыгоры Яўлінскі
Грыгоры Яўлінскі

Адзін з заснавальнікаў і лідэраў партыі «Яблык», шматразовы кандыдат у прэзыдэнты Расеі Рыгор Яўлінскі рэзка скрытыкаваў апазыцыйнага палітыка Аляксея Навальнага, які цяпер знаходзіцца ў СІЗА

Арышт Навальнага выклікаў у другой палове студзеня масавыя пратэсты ў многіх гарадах Расеі; тысячы ўдзельнікаў дэманстрацый былі затрыманыя.

У артыкуле пад назвай «Без пуцінізму і папулізму», апублікаванай на сайце «Эхо Москвы», Яўлінскі скептычна ацэньвае мінулыя пратэсты.

«На пратэстныя акцыі ў Маскве ў студзені 2021 года выйшла менш людзей, чым выходзіла ў 2011-м, 2012-м і нават 2019-м», — піша ён. «Не варта думаць, што пратэсты палохаюць уладу ці зьяўляюцца нечаканасьцю для Крамля», — заўважае Яўлінскі, прадказваючы, што яны толькі стануць нагодай для ўзмацненьня жорсткасьці рэпрэсіяў.

Большая частка артыкулу прысьвечаная крытыцы палітычных пазыцыяў і дзейнасьці Навальнага. Яго прыхільнікаў Яўлінскі параўноўвае з прыхільнікамі Вярхоўнага савету РФ у 1993 годзе, калі «аб’ядналіся камуністы, нацыяналісты, фашысты і іншыя разнастайныя нязгодныя».

Расьсьледаваньні Навальнага, прысьвечаныя карупцыі, на думку Яўлінскага, спрыялі росту сацыяльнай варажнечы ў грамадзтве, а таксама сталі інструмэнтам у «паддывановай барацьбе элітаў». Яўлінскі заклікаў да міжнароднага расьсьледаваньня атручваньня Навальнага, але пры гэтым назваў атручэньне «дзіўным» і заявіў, што на Захадзе вакол яго разыгралі «шумнае шоў».

«Палітычнае кірунак Навальнага — гэта папулізм і нацыяналізм», — сьцьвярджае Яўлінскі, спасылаючыся на выказанае 10 гадоў таму меркаваньне цяпер памерлай Валерыі Навадворскай, вядомага дэмакратычнага палітыка. «Ні самога Навальнага, ні яго атачэньне не хвалююць паламаныя лёсы грамадзянаў, якія на іх заклік выйшлі на несанкцыянаваныя акцыі і апынуліся за кратамі... Яны сьвядома выступаюць за злачыннае выкарыстаньне непаўнагадовых у палітычных мэтах», — піша Яўлінскі.

Прыхільнікаў Навальнага лідэр «Яблыка» абвінавачвае ў правадырстве і няздольнасьці да кампрамісаў, а таксама ў тым, што іх турбуе толькі лёс Навальнага, але не, напрыклад, вайна ва Ўкраіне ці ў Сырыі. Пры гэтым Яўлінскі піша, што «Навальнага з камандай, магчыма, выкарыстоўваюць наўгад, а зьбіраць ураджай будуць іншыя».

Яўлінскі ацэньвае прыхільнікаў Навальнага так: «Здавалася б, немагчыма было меркаваць пра іншы прысуд. Але цяпер заломваньне рук і стогны на тэму «як жыць далей?» толькі пацьвярджаюць, што да апошняга моманту чакалі, што зьверху зноў падміргнуць і адпусьцяць. Адсюль жа і бясконцы «плач Яраслаўны».

«А мы зноў, у адзінаццаты раз за 28 гадоў (тройчы на прэзыдэнцкіх і восем разоў на думскіх выбарах), прапануем альтэрнатыву», — піша Яўлінскі. Альтэрнатывай ён лічыць галасаваньне на маючых адбыцца ў верасьні выбарах у Дзяржаўную думу за «Яблык». На яго думку, калі за партыю прагаласуе 20 мільёнаў чалавек, то «будзе аснова для дыялёгу з уладай, і мы зможам пачаць рэальную зьмену рэжыму».

  • На выбарах прэзыдэнта ў 2018 годзе за Яўлінскага, паводле афіцыйных зьвестак, прагаласавалі 1,05% выбаршчыкаў.
  • Аляксей Навальны быў чальцом «Яблыка», але ў 2007 годзе яго выключылі з партыі з фармулёўкай «за нанясеньне палітычнай шкоды». Навальны і Яўлінскі і раней нэгатыўна выказваліся адзін пра аднаго.
  • Артыкул Яўлінскага выклікала жывую дыскусію ў Сеціве. Многія вядомыя прыхільнікі Навальнага адрэагавалі на яе рэзка адмоўна. Былы мэр Екацярынбургу Яўген Ройзман заявіў, што не будзе балятавацца ў Дзярждуму ад «Яблыка».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG