Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пазыцыя Сьпірына цалкам супадае з пазыцыяй Лукашэнкі». Як праходзіў другі дзень суду над блогерам


Павал Сьпірын у судзе
Павал Сьпірын у судзе

У Менскім гарадзкім судзе працягваецца працэс над 36-гадовым блогерам Паўлам Сьпірыным. Яго абвінавачваюць паводле часткі 1 артыкула 130 Крымінальнага кодэксу за «наўмысныя дзеяньні, накіраваныя на распальваньне сацыяльнай варожасьці па прыкмеце сацыяльнай прыналежнасьці».

Падчас працэсу судзьдзя запатрабавала, каб прысутныя ў залі жанчыны зьнялі з сябе майкі і кепкі з надпісам «Маці 328», інакш іх выдаляць з залі. Яшчэ адну жанчыну выдалілі з залі за размовы.

Паўла Сьпірына трымаюць у клетцы, пад аховай шасьці супрацоўнікаў міліцыі.

У чым вінавацяць Сьпірына?

Яму прад’яўлена абвінавачаньне за два відэаблогі на ютубe. Гэта фільм «Грань» пра наркагандаль у Беларусі. Фільм быў занесены ў сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. А таксама блог «Жудасная таямніца генпракурора Беларусі. Карт-блянш на садызм» пра падзеі 9 жніўня і гвалт амапаўцаў супраць мірных дэманстрантаў.

Павел Сьпірын не прызнаў сябе вінаватым.

Дзяржаўны абвінаваўца цягам двух дзён падрабязна дапытваў Сьпірына аб шэрагу розных выказваньняў і фактаў, выкладзеных у абодвух відэа.

Ён спытаўся, што хацеў данесьці блогер, калі сказаў пра «дзіравага генэрала ў форме НКВД», дэманструючы ў «Грані» кадры прыёму міністра Шуневіча Лукашэнкам.

«Ігар Шуневіч ужо выкарыстоўваў слова „дзіравы“ да няпэўнага кола асобаў, грамадзян Беларусі, і гэта не лічылася зьнявагай. Гэтаксама і я не лічу слова „дзіравы“ зьнявагай, калі кіраўнік МУС дазваляе сабе такія выказваньні, — сказаў блогер, — Пад словам „дзіравы“ я меў на ўвазе тое, што кіраўнік МУС праваліў дзяржаўную палітыку Лукашэнкі ў процідзеяньні наркатызацыі грамадзян Беларусі. Я назваў яго „дзіравым“ як чалавека, які ня змог выканаць даручэньні Лукашэнкі».

Павал Сьпірын казаў у судзе, што ўсе яго відэаролікі маюць «выключна інфармацыйны характар» і там ён выказвае сваю прыватную думку.

Блогам «Жудасная таямніца генпракурора Беларусі. Карт-блянш на садызм» ён хацеў сказаць пра недапушчальнасьць прымяненьня гвалту адзін да аднаго людзьмі з рознымі поглядамі і што «магчыма, яшчэ ня позна спыніць калечыць, забіваць». Паводле блогера, яго мэтай было спыніць гвалт, «каб не рабілі так, як рабілі некаторыя амапаўцы». Блогер накіроўваў свае ролікі ў МУС і Генпракуратуру.

Матывам стварэньня фільма «Грань» было тое, што сам Сьпірын выступае «катэгарычна супраць наркотыкаў». Таксама яго ўразілі жорсткія прысуды дзецям за наркатычныя злачынствы, «несправядлівасьць заканадаўства і жорсткія абвінавачаньні».

Сьпірын выкарыстоўваў для стварэньня сваіх відэа некалькі крыніц, размовы з грамадзянамі, матэрыялы з інтэрнэту, браў інфармацыю з даступных крыніц і з мэдыяў, ад ініцыятывы «Маці 328».

Чаму ў суд не выклікалі сьведак?

Судзьдзя адмовілася выклікаць у суд сьведак, зь якімі Павал Сьпірын пазнаёміўся ў зьняволеньні — Аўчарова і Шышлова.

Паводле блогера, абвінавачаньне ставіць пад сумнеў яго сьцьвярджэньні, што частка амапаўцаў магла прымяняць фізычныя катаваньні да людзей.

«Гэтыя два сьведкі канкрэтна паведамляюць, як да іх і трэціх асобаў былі прымененыя катаваньні. Гэтыя сьведкі прама пацьвярджаюць маю невінаватасьць. Тое, што мне казалі людзі на волі, гавораць і іншыя людзі, якія цяпер у зьняволеньні».

Судзьдзя адхіліла хадайніцтва, бо абвінавачаны і сьведка, маўляў, сядзелі ў адной камэры і абставіны былі выяўленыя пасьля выданьня відэаблога.

Што казалі сьведкі?

Сярод сьведак, дапытаных у судзе, быў пэнсіянэр і былы старшы памочнік Беларускага вайсковага пракурора Васіль Бельмач. Ён сказаў, што бачыў усе блогі Паўла Сьпірына і фільм «Грань» зрабіў на яго «вельмі моцнае ўражаньне, што да сытуацыі з нарказлачыннасьцю ў Беларусі». Ён сказаў што артыкул 328 «самы набалелы і ня цалкам ўрэгуляваны».

«Зь меркаваньнем, якое вы выказваеце ў фільме, я поўнасьцю згодны. Розныя людзі, аднолькавы склад злачынства, а тэрміны розныя, — сказаў Бельмач. — Пазыцыя Сьпірына поўнасьцю супадае з пазыцыяй Лукашэнкі пра сытуацыю з нарказлачынствамі ў Беларусі».

Сьведка пагадзіўся з выказваньнямі блогера пра «недастатковасьць інфармацыі аб барацьбе з наркотыкамі».

«Павал Сьпірын кажа, што наркотыкі — гэта зло. Ну як можна не пагадзіцца з гэтым довадам?», — сказаў ён.

Паводле Бельмача, тэма роліка надзённая і ніякага складу злачынства з боку блогера ён ня бачыць. Сытуацыя пасьля антынаркатычнага прэзыдэнцкага дэкрэту фактычна не памянялася.

«Гэты фільм зрабіў на мяне і маіх знаёмы станоўчы ўплыў», — сказаў сьведка.

Судзьдзя перабівала Бельмача, і ён запратэставаў, каб яму «не закрывалі рот». Ён сказаў, што блогеру ня месца за кратамі, калі ён пакрытыкаваў МУС.

«Крытыка не зьяўляецца распальваньнем сацыяльнай варожасьці», — сказаў сьведка.

Васіль Бельмач сказаў, што даваў інфармацыю для відэаблога «Жудасная таямніца генпракурора Беларусі. Карт-блянш на садызм». Ён сказаў, што быў знаёмы з былым генпракурорам Канюком і ягоным сынам.

Дзяржаўны абвінаваўца запратэставаў супраць інфармацыі пра асабістае жыцьцё Канюка. Судзьдзя сказала, што абвінавачаньне блогеру тычыцца толькі выказваньняў пра амапаўцаў.

«Пракуратура, на жаль, ня робіць ніякіх захадаў для спыненьня зьбіваньня грамадзян, перавышэньня паўнамоцтваў амапаўцамі. Распальваньня нянавісьці да АМАПу я тут ня бачу. Гэта крытыка, якую Павел Сьпірын мае права выказваць», — сказаў Бельмач.

Ён адказаў на пытаньне дзяржаўнага абвінаваўцы, ці памянялася яго думка пасьля прагляду фільма пра групу асобаў — дэпутатаў, судзьдзяў і пракурораў?

«Яно засталося такім жа, як і было, на мяне гэта не паўплывала. І працэнт прадажных пракурораў і судьдзяў якім быў, такім і застаўся».

Што да амапаўцаў, то яго думка памянялася не пад узьдзеяньнем блога Паўла Сьпірына, а дзякуючы таму, што сьведка Бельмач бачыў на ўласныя вочы.

Таксама ў судзе быў дапытаны сьведка, старшыня гарадзенскага Таварыства абароны правоў спажыўцоў Алег Калінкоў. Ён сказаў, што сустракаўся з Паўлам на адным з сэмінараў і потым даваў яму матэрыялы на антынаркатычную тэму. Раней, калі яго сын быў у зьняволеньні, ён быў сябрам руху «Маці 328».

«Я ўспрыняў фільм як крытыку МУС. Гэты фільм ня можа распальваць варожасьць. Але праўда нікому не падабаецца. Гэта была крытыка сыстэмы ў кіраваньні барацьбой з наркотыкамі», — сказаў ён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG