Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замест юбілею — хаўтуры? Што адбываецца ў «Прессболе» напярэдадні 30-годзьдзя


Лягатып газэты «Прессбол»
Лягатып газэты «Прессбол»

У студзені 2021-га калектыў самай рэйтынгавай спартовай газэты краіны «Прессбол» мае адзначыць сваё 30-годзьдзе. Але выглядае, што гэта можа стаць фінішам пасьпяховага некалі праекту.

У сярэдзіне сьнежня выданьне атрымала ўжо трэцяга галоўнага рэдактара за паўгода. Прычым новы кіраўнік, які да гэтага супрацоўнічаў зь дзяржаўнымі мэдыя — газэтай «Спортивная панорама» і тэлеканалам АНТ — прызначаны насуперак як волі калектыву, так і ўласнаму жаданьню.



Неўласьцівая місія Беларускай фэдэрацыі футболу

У жніўні, напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, рэдактарскае крэсла пакінуў Сяргей Кайко. Вакантнае месца заняў спартовы камэнтатар Дзьмітры Герчыкаў, які пачынаў тут свой журналісцкі шлях і вярнуўся ўжо з пасады ў Беларускай фэдэрацыі футболу (АБФФ). Аднак неўзабаве і яго вымусілі напісаць заяву аб звальненьні.

Спартовыя камэнтатары Дзьмітры Герчыкаў і Павал Баранаў, а таксама колішні дыплямат Павал Латушка
Спартовыя камэнтатары Дзьмітры Герчыкаў і Павал Баранаў, а таксама колішні дыплямат Павал Латушка

Абодва сышлі пад ціскам спартовых функцыянэраў, сьцьвярджаюць у рэдакцыі. Ад 2013 году фэдэрацыя ўваходзіць у склад заснавальнікаў «Прессбола», хоць паводле статуту ня мае права ўмешвацца ў кадравую палітыку. Да падзеяў лета-2020 умовы выконваліся, а потым нешта пайшло ня так.

Прынамсі пасьля сыходу Герчыкава калектыў прапаноўваў на вакансію зь дзясятак кандыдатаў, але так і ня змог настаяць, каб прызначылі журналіста сваёй гадоўлі, які ведае рэдакцыйную кухню.

Cын футбаліста менскага “Дынама” Аляксандра Пракапенкі Зьміцер, журналіст Сяргей Лісічкін і экс-брамнік Юры Курбыка
Cын футбаліста менскага “Дынама” Аляксандра Пракапенкі Зьміцер, журналіст Сяргей Лісічкін і экс-брамнік Юры Курбыка

Пры дзіўных абставінах на пасаду кіраўніка рэдакцыі трапіў Сяргей Лісічкін. Да гэтага ён ня меў ніякага дачыненьня да «Прессбола» і не знаёмы з большасьцю яго аўтараў. Зрэшты, як расказваюць удзельнікі першай вочнай сустрэчы, сам прызнаў уласную некампэтэнтнасьць і адмовіўся ад пасады. Аднак неўзабаве зьмяніў рашэньне. Чаму? Адзін з былых кіраўнікоў газэты не выключае, што «пад ціскам АБФФ».

У канфліктнай сытуацыі «Прессбол» пакінулі намесьнік рэдактара Ўладзімер Пірог і карэспандэнт Сяргей Мардасевіч. Да канца году дапрацоўваюць хакейны аглядальнік Сяргей Малышка і некалькі тэхнічных супрацоўнікаў.

Адбылася рэструктурызацыя і ў лягеры кіраўніцтва. Ад чатырох намесьнікаў, што былі пры Герчыкаву, застаўся адзін вэтэран Дзьмітры Беленькі, астатнія паніжаныя ў статусе да прыдуманых пасадаў.

Нарэшце, шэрагу аўтараў негалосна забаронена зьяўляцца на старонках выданьня. Сярод іх і адзін з самых вядомых спартовых журналістаў краіны Сяргей Шчурко. Ён таксама заявіў, што прэсболаўскі маратон даўжынёй у чвэрць стагодзьдзя падышоў да лягічнага завяршэньня. Апошні ягоны матэрыял надрукаваў рэсурс «Трыбуна» — там ён прааналізаваў, чаму ягоныя некалі апалітычныя сябры-спартоўцы ў сёлетнюю прэзыдэнцкую кампанію апынуліся па розныя бакі барыкадаў.

Журналіст Сяргей Шчурко
Журналіст Сяргей Шчурко

«Бывай, „Прессбол“, захоплены непрыяцелем, — напісаў журналіст, які за грамадзянскую пазыцыю нядаўна адседзеў 15 сутак. — Супрацоўнічаць з захопнікамі ня маю намеру. Вангую ня толькі хуткі сыход калегаў, многія зь якіх у думках ужо напісалі заявы, але і тых, хто пакуль не зьбіраецца з прычыны адсутнасьці іншых варыянтаў. Рана ці позна стане сорамна. Хоць і цяпер таксама. Ці маглі прадбачыць такі ганебны фінал на сваім 25-годзьдзі, калі чакалі з турмы Валодзю Беражкова, найлепшага рулявога „ПБ“ у яго гісторыі? Як назло, учынілі тое шляхам хірургічнай апэрацыі на адразаньне жыцьцёва важных органаў — акурат да 30-гадовага юбілею».



Аўтарскія тэксты пераехалі на партнэрскія рэсурсы

Публічны раскол рэдакцыі здарыўся з выхадам на волю пасьля 42 дзён арышту Вольгі Хіжынковай, асуджанай за ўдзел у трох акцыях. Яна арганізатарка і ўдзельніца вялізнай колькасьці дабрачынных праектаў для пацярпелых спартоўцаў і заўзятараў-інвалідаў, прапагандыстка паўмаратонскіх забегаў.

Навіну пра яе вызваленьне валявым рашэньнем зьняў дырэктар Юры Арлоў — маўляў, «Прессбол» па-за палітыкай. Пасьля гэтага адзін з супрацоўнікаў Сяргей Южык некалькі разоў інфармацыю аднаўляў, пакідаючы публічныя допісы пра сумленьне прадстаўнікоў адміністрацыі, якія здольныя на падобную цэнзуру.

А напярэдадні здарыўся чарговы скандал. Новы рэдактар адмовіўся падпісваць да друку тытульную старонку газэты з партрэтамі асобаў 2020 году, якія, на думку прэсболаўцаў, найбольш адчувальна паўплывалі ня толькі на спорт, а і агулам на сытуацыю ў Беларусі.

Першая паласа апошняга ў 2020 годзе нумару "Прессбол" (зьлева) і неафіцыйная перадавіца, якую апублікаваў партал Tut.by
Першая паласа апошняга ў 2020 годзе нумару "Прессбол" (зьлева) і неафіцыйная перадавіца, якую апублікаваў партал Tut.by

На вокладцы меліся быць згаданая ўжо Вольга Хіжынкова, уганараваная плыўчыха, алімпійская прызэрка Аляксандра Герасіменя і найбольш вядомая беларуская баскетбалістка, прызэрка эўрапейскага першынства Алена Леўчанка — яшчэ адна ахвяра «народнага артыкула» 23.34 (15 сутак арышту і буйны штраф).

Гэтым разам плячо падставіў Tut.by — макет і тэксты інтэрвію з гераінямі зьявіліся на партале.

Тым часам на старонках «Прессбола» назвалі найлепшых, паводле іншай вэрсіі, спартоўку і спартоўца году. Імі сталі плывец Ільля Шымановіч і тэнісістка Вікторыя Азаранка. Адметна, што да таго на сайце газэты было запушчанае традыцыйнае апытаньне сярод чытачоў. Ад першага дня ў ім лідзіравалі фрыстайлістка Аляксандра Раманоўская з 65,6% (8609 галасоў) і гандбаліст Арцём Каралёк — 36,8% (3136). Азаранка набрала толькі 11,4% (1518), а Шымановіч — 11,5% (976).

Мабыць, Раманоўская і Каралёк занадта адназначна выказваліся адносна падзей у краіне, а таму наўрад ці мелі хоць нейкія шанцы на перамогу.

Дзеля справядлівасьці, у публікацыі з вынікамі году рэдакцыя згадала і пра звальненьні і перасьлед спартоўцаў і трэнэраў за грамадзянскую пазыцыю, і скандалы вакол Вадзіма Дзевятоўскага і Дзьмітрыя Баскава, і санкцыі Міжнароднага алімпійскага камітэту супраць Аляксандра Лукашэнкі і іншых чальцоў выканкаму НАК Беларусі.

Пры гэтым з рэгулярным пастаянствам на сайце зьяўляюцца сюжэты, пазычаныя з тэлеканалу АНТ — апошняе месца працы Сяргея Лісічкіна. Можна даведацца, што, аказваецца, працоўныя калектывы запісваюць адмысловыя звароты ў падтрымку правядзеньня хакейнага чэмпіянату сьвету ў Менску. А яшчэ цытуецца старшыня Беларускай фэдэрацыі кікбоксінгу і тайляндзкага боксу Юры Караеў. Экс-кіраўнік МУС не задаволены спартоўцамі, якія «лезуць не ў сваю справу».



Брэнд і рэпутацыю ствараюць журналісты

Уладзімер Беражкоў амаль 20 гадоў адпрацаваў рэдактарам «Прессбола», а нейкі час таму памяняў пасаду на мэнэджарскія пазыцыі ў хакеі (яны, уласна кажучы, і давялі да турмы). Умяшаньне дылетантаў у газэтную справу ён лічыць катастрафічным.

Уладзімер Беражкоў
Уладзімер Беражкоў

«Газэту, СМІ робіць не дырэктар, не заснавальнік, а галоўны рэдактар і журналісты, — перакананы ён. — І яшчэ час. Брэнд таксама мае значэньне, але не настолькі, каб вось так лёгка і раптоўна прызначыць крайніх. На працягу новай гісторыі мы выразна пабачылі, чаго варты, скажам, некалі культавы тэлеканал НТВ без Кісялёва, Сарокінай і Мітковай, „Камсамолка“ без Шчакачыхіна, Галаванава і Пяскова, „Спорт-Экспресс“ без Вайцяхоўскай, Кучмія і Мікуліка, „Прессбол“ без Барысевіча, Навошы і Новікава... Заснавальнікі прыходзяць і сыходзяць, брэнд і рэпутацыю СМІ робяць журналісты».

Зь ім салідарны і колішні прэсболавец, а цяпер вядомы дасьледчык падзеяў Першай сусьветнай вайны Ўладзімер Багданаў. «Всё о Прессболе» — пажартаваў ён, удакладніўшы, што такім чынам казытаў нэрвы калегам яшчэ тады, калі тыя «леглі» пад фэдэрацыю зь яе друкаваным органам «Всё о футболе». Папярэджваў, каб з часам не занялі тое «пачэснае» месца.

Уладзімер Багданаў
Уладзімер Багданаў

«Вось і маем урэшце „Всё о Прессболе“, — цяпер без варыянтаў, — кажа экс-журналіст выданьня. — Зрэшты, нічога нечаканага. Усё стала зразумела яшчэ тады, калі Фэдэрацыя футболу юрыдычна ўвайшла ў долю „ПБ“. Пытаньне было толькі ў часе і запатрабаванасьці ляяльнасьці. Таму дзіўна, каб тыя ж Шчурко ці Мардасевіч прынялі іншае рашэньне. Асабіста мне гэта дае права з кім-небудзь адзначыць 30-годзьдзе „Прессбола“ — не цяперашняга, а таго, якога ўжо няма. Дзякуй, калегі, што нават у гэты цяжкі год давалі магчымасьць ганарыцца датычнасьцю да сапраўднага „Прессбола“. У вас усё атрымаецца».

Супрацоўнікі рэдакцыі, ня згодныя з палітыкай новага кіраўніцтва, праз Свабоднае аб’яднаньне спартоўцаў і Беларускі фонд спартовай салідарнасьці распачалі кампанію інфармаваньня структураў УЭФА і ФІФА, каб там далі ацэнку нестатутным дзеяньням кіраўніцтва Беларускай фэдэрацыі футболу ў частцы кадравых прызначэньняў і фармаваньня кантэнту незалежнага выданьня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG