Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы зь ім на адной хвалі». Як Горват з аднадумцамі купіў нараўлянскі палац


Андрэй Горват, архіўнае фота
Андрэй Горват, архіўнае фота

Андрэй Горват 14 гадоў таму ўбачыў палац Горватаў у Нароўлі і кажа, што палюбіў яго, як блізкага чалавека. Днямі ён разам зь сябрамі набыў гістарычны будынак, каб абараніць яго і захаваць.

Андрэй Горват — журналіст, дворнік Купалаўскага тэатру, аўтар вясковага дзёньніка ў Фэйсбуку, які пазьней стаў кнігай-бэстсэлерам. Зь Менску пераехаў у дзедаву хату ў вёсцы Прудок Каленкавіцкага раёну Гомельскай вобласьці. Сёлета ўзімку ён паселіцца ў Нароўлі. Паміж Прудком і Нароўляй — 20 кілямэтраў напрасткі, па дарозе — 50.

Архіўнае фота палацу
Архіўнае фота палацу

Празь пяць гадоў у палацы адкрыюць гатэль

Амаль 54 тысячы рублёў спатрэбілася, каб выкупіць Нараўлянскі палац. Усе папярэднія аўкцыёны заканчваліся нічым. Іншых пакупнікоў не было. Упраўленьне культуры Нараўлянскага райвыканкаму, якому належала каштоўнасьць, адмаўлялася прадаваць яе за 1 базавую або зьніжаць кошт. Горват вёў перамовы з 2009 году, апошнія 3 гады займаўся палацам шчыльна разам з паплечнікамі.

«Месяц таму я ўпёрся ў сьцяну і ня ведаў, што буду рабіць далей. Зьбіраўся па інэрцыі зьехаць на зіму. Можа быць, у Львоў», — напісаў Андрэй на сваёй старонцы ў фэйсбуку.

Урэшце трое аднадумцаў аб’ядналіся, узялі на сябе адказнасьць за палац і выкупілі яго. Апрача Андрэя Горвата, гэта бізнэсовец, стваральнік культурнай прасторы ў мазырскім кляштары «Даліна анёлаў» Аляксандар Баранаў і галоўны рэдактар незалежнага мэдыя ў Гомлі «Сильные новости» Пётра Кузьняцоў.

Новыя ўласьнікі гісторыка-культурнай каштоўнасьці цяпер маюць абавязкі перад дзяржавай — цягам году зрабіць праект рэканструкцыі палаца, а праз 5 гадоў аднавіць яго і пачаць выкарыстоўваць. Паводле ўмоваў, тут можа зьявіцца або гатэль, або рэстарацыя.

Сябры вырашылі, што, хутчэй за ўсё, тут будзе гатэль.

«Я б увогуле хацеў, каб кожны пакой працягвалі выкарыстоўваць па прызначэньні. Каб у гасьцявых пакоях прымалі гасьцей, у бальнай залі ладзілі канцэрты клясычнай музыкі, выставы, творчыя сустрэчы», — кажа Андрэй.

Архіўнае фота з палацу
Архіўнае фота з палацу

Палац складаецца з двух паверхаў, на цокальным узроўні таксама можна будзе выкарыстоўваць памяшканьні. Плошча аднаго паверху — 1000 «квадратаў».

Дакладна вядомы нашчадак роду жыве цяпер у Нью-Ёрку

Андрэй дагэтуль дакладна ня ведае, ці палац належаў ягоным непасрэдным продкам. Таму ня хоча выглядаць самазванцам і казаць, што гэта ягоны радавы палац.

Даніла Горват пабудаваў палац у 1850 годзе на беразе Прыпяці. Апошнія ўласьнікі зьехалі з Нароўлі пасьля 1917 году. Дакладна вядомы нашчадак — Аляксандра Ваньковіч — ужо ў старым веку, жыве ў Нью-Ёрку. У палацы месьціліся санаторый і беларуская школа. Падчас вайны ён моцна пацярпеў. Пасьля вайны да чарнобыльскай аварыі там працавала школа-інтэрнат.

З 1986 году палац стаяў закінуты і разбураўся. Падчас праграмы па разьвіцьці Палесься для яго пачалі рабіць праект за 70 тысяч даляраў, аднак заняцца рэстаўрацыяй ня здолелі, бо праграма скончылася. Праект састарэў, выкарыстоўваць яго ўжо нельга.

«Я ўбачыў яго, аслупянеў і адразу палюбіў»

Андрэй Горват упершыню прыехаў у Нароўлю ў 2006 годзе зь цікавасьці да гісторыі роду.

«Я ўбачыў яго, аслупянеў і адразу палюбіў. Потым кожны месяц прыяжджаў у Нароўлю зь Менску, каб пастаяць побач, спакойна пагаварыць зь ім на ўсялякія нязначныя тэмы. Ён стаў для мяне як блізкі чалавек», — напісаў Андрэй у Фэйсбуку.

Для яго Нараўлянскі палац — самы прыгожы ў рэгіёне.

«У яго асаблівая атмасфэра. Мы зь ім на адной хвалі. Ёсьць іншыя палацы, якія належалі Горватам. Яны ў мяне не выклікаюць такіх пачуцьцяў», — кажа Андрэй.

Архіўнае фота палацу
Архіўнае фота палацу

Цяпер яму ўжо ня так важна, ці гэта палац Горватаў, ці Баранавых, ці Кузьняцовых. Ён хоча паклапаціцца пра будынак, абараніць яго, захаваць для сябе, для нашчадкаў.

«Прычына — любоў», — тлумачыць суразмоўца.

Дапамогу прапануюць архітэктары і навукоўцы

«Беларусы неймаверныя!» — кажа Андрэй.

Пасьля навіны пра палац цягам дня да іх зьвярнуліся дзясяткі чалавек з прапановай дапамогі. Аднаўленьнем будынка гатовыя займацца добрыя архітэктары, рэстаўратары, навукоўцы. Дзяржаўныя работнікі падкажуць з вырашэньнем папяровых справаў. Людзі аб’ядноўваюцца дзеля валянтэрскай дапамогі і ахвяруюць грошы, адгукаюцца зь Беларусі і з-за мяжы.

У першую чаргу новыя ўласьнікі хочуць правесьці супрацьаварыйныя работы, перакрыць дах будынка, каб ён менш разбураўся. На гэтыя работы трэба каля 20 тысяч даляраў. Уласных сродкаў у сяброў ня хопіць. Яны плянуюць зьвяртацца па дапамогу да іншых.

Архіўнае фота палацу
Архіўнае фота палацу

Узімку Андрэй пераедзе на здымную кватэру ў Нароўлю, але і свой Прудок ён ня кідае.

«Я не магу выехаць з Прудка, і дакладна Прудок ня можа выехаць зь мяне», — жартуе Андрэй.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG